Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯТРО́Ў (Іван Дзмітрыевіч) (9.10.1905, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1986),
партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху на тэр. Палескай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Засл. юрыст БССР (1972), засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦКВКП(б) (1940), Ваенна-юрыд. акадэмію Сав. Арміі (1952). З 1925 на сав. і парт. рабоце на Беларусі. У 1940—41 пракурор БССР. З ліп. 1942 прадстаўнік ЦККП(б)Б і БШПР на Зах. фронце, з жн. 1943 1-ы сакратар Палескага падп. абкома КП(б)Б, адначасова ў вер. 1943—сак. 1944 камандзір Палескага партыз. злучэння. У 1944—49 пракурор БССР, у 1953—60 міністр юстыцыі БССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1940—49. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1938—63, дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—50. Аўтар мемуараў.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІХ ВЯТРО́Ў ЦЯЧЭ́ННЕ,
паверхневае цячэнне ў Паўд. паўшар’і. Напрамак цячэння з З на У паміж 40° і 55°паўд. ш., абкружае зямны шар, перасякаючы Атлантычны, Індыйскі і Ціхі акіяны, у якіх адпаведна адгаліноўваюцца халодныя цячэнні Бенгельскае, Заходне-Аўстралійскае і Перуанскае. Працягласць да 30 тыс.км, шыр. каля 1000 км. Утвараецца ў паверхневым слоі пад уздзеяннем пераважных у гэтых шыротах зах.вятроў. Стрыжань цячэння супадае з паўд. палярным фронтам, які аддзяляе адносна цёплыя воды паўд.ч. Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. ад халодных антарктычных вод. Скорасць 0,4—0,9 км/гадз. Т-ра вады паверхневага слоя 12—15 °C у паўн.ч. цячэння і 1—2 °C у паўднёвай. Салёнасць адпаведна ад 35‰ да 34‰ Зону З.В.ц. з-за частых і моцных штормаў наз. «равучымі саракавымі» шыротамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ, паветраны паток,
сістэма вятроў у трапасферы і стратасферы, якая разглядаецца звычайна як адзінае, устойлівае ў часе, атм. ўтварэнне. Уваходзіць у склад агульнай цыркуляцыі атмасферы, ахоплівае шырокія прасторы (напр., цыклоны, пасаты, мусоны) або мае мясц. значэнне (брызы, горнадалінныя вятры і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСЫ́ ПЕ́ЛЕ (ад імя Пеле — багіні агню ў стараж. гавайцаў),
тонкія бурыя ніткі вулканічнага шкла, якія ўтвараюцца ў выніку ўздзеяння моцных патокаў газаў і вятроў на фантаны вельмі вадкай лавы. Характэрныя для вывяржэнняў вулканаў на Гавайскіх а-вах. Назіраліся пры вывяржэннях Талбачынскай сопкі на Камчатцы.