Вярста 3/269

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРСТА́,

старажытная мера (адзінка) даўжыні ў Расіі, на Беларусі, Украіне і ў Польшчы. Вядомая з 11 ст. Лікавае значэнне вярсты мянялася ад 500 да 1000 сажняў. З канца 18 ст. і да ўвядзення метрычнай сістэмы мер вярста прымалася роўнай 1066,781 м. На Беларусі да канца 18 ст. карысталіся вярстой памерам да 789 сажняў (1559,7 м) і вялікай вярстой на 1000 сажняў (1948,2 м).

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫЯ РАБО́ТЫ,

работы, якія выконваюць пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў з каменных матэрыялаў і канструкцый; разнавіднасць будаўнічых работ. Уключаюць асн. (тэхнал.), кантрольна-вымяральныя і дапаможныя працэсы (аперацыі).

Асн. тэхнал. аперацыі: падача і расклада цэглы (камянёў) і буд. раствораў; укладка, абколванне і абчэсванне цэглы (камянёў), устаноўка буйных блокаў у праектнае становішча; наданне буд. швам пэўнай формы. Кантрольна-вымяральныя: праверка гарызантальнасці радоў цэглы (камянёў), вертыкальнасці сцен, якасці пярэдняй паверхні; дапаможныя: загатоўка матэрыялаў, мацаванне і перастаноўка рыштаванняў, мантаж перамычак, панэлей перагародак, пліт перакрыццяў, балконаў і інш. У залежнасці ад матэрыялаў муроўка бывае: бутавая і бутабетонная, цагляная Суцэльная і аблегчаная, драбнаблочная і муроўка з абліцоўкай (бутавая, цагляная або з бетонных, сілікатных і керамічных камянёў, гл. Муроўка).

І.І.Леановіч.

Да арт. Каменныя работы. Элементы муравання і сістэмы перавязкі: 1 — вонкавая вярста, выкладзеная рубам; 2 — вонкавая вярста, выкладзеная старчаком; 3 — вертыкальнае папярочнае шво; 4 — вертыкальнае падоўжнае шво; 5 — гарызантальныя швы; 6 — забутоўка.
Інструменты для каменных работ: 1 — камбінаваная кельма; 2 — расшыўка; 3 — растворная лапата; 4 — адвес; 5 — малаток-кірачка; 6 — трамбоўка; 7 — бетаналом; 8 — грунтвага; 9 — шаблон для разметкі праёмаў.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́КАЎ (Віктар Фёдаравіч) (н. 19.9.1914, в. Язвіцы Загорскага р-на Маскоўскай вобл.),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1938). Аўтар зб-каў вершаў «Застругі» (1958), «Вецер у далонях» (1962), «Лета-мята» (1966), «Аляўціна» (1968), «Калі віднела...» (1972), «У трох кроках ад салаўя» (1977), «Ельнічакбярэзнічак» (1981), кнігі празаічных мініяцюр «Над ракой Істэрмай: Запіскі паэта» (1960), цыкла «Паэзіі сто першая вярста» (1987). Рус. прырода, каханне, жыццё вёскі і рабочага прыгарада — асн. тэмы яго лірыкі, у якой вельмі адчувальныя фалькл. матывы. Некаторыя вершы паэта сталі папулярнымі ў свой час песнямі («Арэнбургская пуховая хустка», «На пабыўку едзе», «На Мамаевым кургане»).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84.

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ЙША (Казімір Вікенцьевіч) (н. 4.12.1943, в. Малыя Навікі Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік Скончыў БДУ (1970). Працаваў у раённых газетах, на Бел. радыё, з 1979 у час. «Полымя», «Вясёлка», з 1988 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1959. Першы зб. вершаў «Восеньскія позвы» (1969). Асн. матывы творчасці — апяванне чалавека працы, дружбы, высакародства і маральнай прыгажосці сучасніка: зб-кі «Мембрана» (1972), «Нектар» (1974), «Тут мае весны прычалены» (1977), «Сябрына» (1978), «Плёс» (1982), «Галоўная вярста» (1985), «Пярэймы дня» (1988), «Кубак блакіту», (1993), «Лінія лёсу» (1996). Аўтар кніжак для дзяцей «Гаёўка» (1975), «Буслянка» (1985), «Дзятлава кузня» (1987), «Дзень добры, шафёр» (1988), «Гарцунок» (1991), «Дожджыкава лічылка» (1998). Выступае з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі. Перакладае з рус., укр., польск. моў.

Тв.:

Я з пушчы... Мн., 1995.

К.В.Камейша.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

спецыяльная гіст. навука, якая вывучае гіст. меры (даўжыні, масы, плошчы, аб’ёмаў сыпкіх і вадкіх рэчываў і інш. велічынь у іх развіцці. Задачы М.г. — вызначэнне суадносін адзінак розных велічынь паміж сабой і іх сувязі з адзінкамі метрычнай сістэмы мер.

Распрацоўка М.г. у Зах. Еўропе пачалася з трактатаў юрыстаў і купцоў 14—15 ст., у якіх сістэматызаваліся звесткі пра меры для патрэб гандлю. У трактатах землямераў выкладаліся спосабы вымярэння даўжыні і паверхні («Кульмская геаметрыя»). У 16 ст. з’явіліся матэм. працы па метралогіі («Майстэрскае лічэнне» К.Рудольфа). Уласна М.г. прысвечана праца Г.Агрыкалы «Пяць кніг пра меры і вагі рымлян і грэкаў» (1550). У цяперашні час дзейнічае міжнар. камісія па М.г., з 1975 склікаюцца кангрэсы па гэтай навуцы.

На Беларусі метралагічныя працы з’явіліся ў 16 ст. ў сувязі з правядзеннем валочнай памеры. У 18 ст. пытанні М.г. распрацоўвалі гісторыкі Ф.Ф.Лойка, Т.Чацкі, С.Богуш-Сестранцэвіч. З прыняццем у канцы 18 ст. ў Францыі метрычнай сістэмы мер і паступовым яе пашырэннем па еўрап. краінах з’явілася патрэба ў суаднясенні даўніх мер Рэчы Паспалітай з новымі. Гэтаму прысвечаны працы А.Сапегі «Табліцы суадносін новых французскіх мер і вагі з літоўскімі і польскімі» (1802) і А.Хадкевіча «Табліцы суадносін даўніх мер і вагі французскіх і каронна-літоўска-польскіх з мерамі і вагамі новымі і прынятымі ў Францыі» (1811). У 19 ст. М.г. Рэчы Паспалітай распрацоўвалі І.Лялевель, Ф.Пекасінскі. У канцы 19 — пач. 20 ст. меры феад. Беларусі вывучалі А.М.Семянтоўскі, М.В.Доўнар-Запольскі, У.І.Пічэта. Пытанням бел. М.г. прысвечаны працы Дз.Л.Пахілевіча, З.Ю.Капыскага, П.Р.Казлоўскага, А.П.Грыцкевіча, Я.К.Анішчанкі, Л.А.Малчанавай, К.У.Скурата, польскіх даследчыкаў Л.Калянкоўскага, У.Пацехі, Р.Мяніцкага, В.Кулі, С.Александровіча, Г.Дунін-Вансовіч, Я.Юркевіча. Важныя працы па стараж.-рус. і рас. феад. метралогіі належаць П.Р.Буткову, Дз.І.Празароўскаму, Ф.І.Петрушэўскаму, А.І.Нікіціну, І.І.Каўфману, Л.У.Чарапніну, В.Л.Яніну, Б.А.Рыбакову, А.І.Каменцавай, М.А.Шасцьіну, І.Э.Клейненбергу.

Даўнія бел. меры. Меры даўжыні. Міля = 5 вёрст; вярста = 798 сажняў = 1559,7 м; вярста вялікая = 1000 сажняў = 1948,8 м; сажань = 194,88 см; шнур = 75 локцяў = 10 прутоў (прэнтаў) = 100 прэнцікаў = 48,7 м; локаць = 64,96 см; стапа = 12 цаляў = 32,5 см; цаля = 2,7 см; гоні (гон) = 80—100 м. Меры плошчы. Валока = 30 маргоў = 9000 кв. прутоў = 67 500 кв. локцяў = 21,36 га; морг = 3 кв. шнуры = 0,71 га; шнур = 100 кв. прутоў = 0,237 га; прэнцік = 0,237 м Меры аб’ёму. Бочка віленская = 4 чвэрці = 8 асьмін = 72 вялікія гарцы = 144 малыя гарцы = 406,7 л (для сыпкіх рэчываў) і 406,54 л (для вадкасці); гарнец малы (шынковы) = 2,8237 л; гарнец вялікі (цэхавы) = 5,6474 л; чвэрць (карэц) = ​1/4 бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л; кварта = ​1/4 гарца = 0,7057 л; мядніца = 12 гарцаў = 33,84 л. Меры масы (вагі). Беркавец = 5 камянёў = 200 фунтаў = 74,96 кг; камень = 40 фунтаў = 14,993 кг; фунт = 32 лоты = 374,8 г; пуд = 40—50 фунтаў; бязмен = 5—6 фунтаў = 1,87—2,24 кг; кантар = 100 фунтаў 37,48 кг; грыўна = 195,5 г. Адзінкі лічэння. Капа = 60; саха (валы, нарогі для сох) = 2; пасма (у ткацтве) = 30 нітак; лібра = 25 аркушаў паперы; рэз = 20 лібраў = 500 аркушаў паперы; тузін = 12; фаска = 500. У розных мясцовасцях Беларусі ў розныя часы існавалі свае меры, якія адрозніваліся ад вышэй названых.

Літ.:

Скурат К.У. Даўнія беларускія меры (лексічны аналіз). Мн., 1974;

Каменцева Е.И. Историческая метрология. М., 1978.

В.С.Пазднякоў.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)