АБРУ́С, настольнік, настольніца,

тканы, вязаны або плецены выраб для засцілання стала. Абавязковы атрыбут традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (накрывалі стол на святы, уваходзіў у пасаг маладой). Выконваў важную ролю і ў дэкар. афармленні інтэр’ера вясковай хаты. Абрус (даўж. 1,5—2 м, шыр. 1—1,5 м) звычайна складаўся з 1 ці 2 сшытых полак ільняной даматканіны. Упрыгожваўся вышываным, набіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі, махрамі; полкі часта злучалі паскам карункаў, пазней карункавай прошвай, вязанай кручком. Вылучаюцца святочныя ўзорыстыя абрусы з каляровымі (пераважна чырвонымі) гладкімі ці арнаментальнымі палосамі па краях. У 1930—40-я г. былі пашыраны вышываныя абрусы па плеценай, вязанай або тканай сетцы. Разнастайнасцю арнаменту, дэтальнай распрацоўкай узораў вылучаюцца тонкія льняныя абрусы Віцебшчыны (паўажурныя, з празрыстым вытанчаным малюнкам і сеткавыя, вышытыя раслінным буйнарапортным паліхромным арнаментам). Абрусы Магілёўшчыны з простымі ўзорамі, сціплай каларыстычнай гамаю. Багацце арнаментальных формаў, разнастайнасць сродкаў аздаблення ў абрусах Гомельшчыны. На Тураўшчыне абрусы аздаблялі раслінным арнаментам, вышытым крыжыкам (чырвона-чорнымі ніткамі) і яркай паліхромнай гладдзю. Дасканаласць прыёмаў аздаблення, тонкасць малюнка характэрны для неглюбскіх, калінкавіцкіх, лоеўскіх, нараўлянскіх абрусаў. У Зах. Палессі вылучаюцца тонкія драгічынскія абрусы, тканыя з высакаякаснага адбеленага кужалю, паўажурныя камянецкія, іванаўскія абрусы, дэкарыраваныя ляхавіцкія абрусы, уся паверхня якіх заткана сакавітымі чырвонымі палосамі ўточных прокідак з шырокім шлякам па краі. Белае поле мотальскіх абрусаў падзелена каляровымі ніткамі асновы і ўтку на клеткі і палоскі з дадаткам некалькіх радоў раслінна-геаметрызаванага арнаменту. Тканыя абрусы Панямоння і цэнтр. Беларусі стрыманыя па каларыце (пераважаюць серабрыстыя адценні шэрага і адбеленага кужалю). Бытавалі разнастайныя па тэхніцы ажурныя сеткавыя абрусы.

В.Я.Фадзеева.

Абрус. Вёска Сычоўка Мсціслаўскага раёна. 1930-я г.
Абрус. Веткаўскі р-н Гомельскай вобл.
Абрус, вязаны кручком. Лоеўскі раён Гомельскай вобл. 1930-я г.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАПО́ЛЬСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Падняпроўя. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Хоцімскім, Чачэрскім, Чэрыкаўскім р-нах. Для К.с. характэрны вял. разнастайнасць форм адзення, багатае кампазіц. варыянтамі і арнаментальнымі матывамі маст. афармленне, у якім важнае значэнне разам з вышыўкай і ўзорыстым ткацтвам мелі карункапляценне, аплікацыя, узаемаўплывы рус. і ўкр. нар. касцюмаў.

У жаночым гарнітуры пашыраны 4 комплексы: кашуля, расхінная панёва, гарсэт, намітка; кашуля, андарак з дзесяткай (спадніца з прышытым ліфам-гарсэтам, у асобных варыянтах нагадвала сарафан на лямках), 1-полкавы суконны фартух, хустка; кашуля, андарак, 4-полкавы льняны фартух, хустка; кашуля або блуза, кроеная з гэсткай, крамная спадніца з прышыўным ліфам, 1-полкавы фартух, чапец. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вял. адкладным каўняром, аздобленым па краях паскам вязаных белых карункаў або паркалёвых брыжоў. Шырокі рукаў злучаўся з плечавой устаўкай, аздобленай узорыстым паскам мярэжкі з чырвона-чорным геам. арнаментам. Вышыты баваўнянымі ніткамі арнамент 8-пялёсткавых разетак, ромбаў, квадратаў кампанаваўся радамі, у шахматным парадку або размяшчаўся ў ячэйках, што ўтвараліся перасячэннем дыяганальных або гарыз. і верт. палос, густа нашываўся на бачную паверхню рукавоў. Фартухі аздаблялі ўзорыстым ткацтвам. вышыўкай, аплікацыяй; панёву, андарак затыкалі клятчастым вохрыста-чырвоным арнаментам. Андарак і ліф-гарсэт саяна часам кроілі з розных тканін: ніз з клятчастай даматканкі,- ліф з крамнай узорыстай ці аднатоннай. Спадніцу шылі з клятчастага, паласатага, белага, бела-сіняга палатна. Падпяразвалі вузкім поясам, канцы якога аздаблялі дэкар. кутасамі, нізкамі рознакаляровага бісеру. Галаўныя ўборы жанчын — намітка, чапец (вязаны з белых нітак або шыты з чырвоных тканін), хустка. Насілі пацеркі, шыйныя бісерныя паскі, абразкі. Мужчынскія кашулі кроілі з плечавымі ўстаўкамі або тунікападобныя; вышывалі манішку, падол, каўнер і каўнерцы, падпяразвалі поясам. Нагавіцы шылі з палатна, шэрага ці карычневага сукна. Вопратку (світу, шубу, кажух, куртку, сак) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі фабрычных (чырвоных, сініх) тканін, аплікацыяй шнурам.

М.Ф.Раманюк.

Да арт. Краснапольскі строй Летняе традыцыйнае адзенне жанчын. Пач. 20 ст. Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна Гомельскай вобл.

т. 8, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)