ВЯГЕ́ЛІН Аляксандр Іванавіч [1800—1859 (1860?)], удзельнік руху дзекабрыстаў. Выхоўваўся ў 1-м кадэцкім корпусе. З 1822 паручнік. З 1823 у Літ. піянерным батальёне (Беластоцкая вобл.). Уваходзіў у навагрудскую масонскую ложу «Вузел адзінства». Адзін з арганізатараў тайнага т-ва «Ваенныя сябры». Удзельнік Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825, агітаваў салдат не прысягаць Мікалаю I, сарваў прысягу салдат сваёй роты, спрабаваў узняць паўстанне ў інш. часцях. 26.12.1825 арыштаваны, пазбаўлены дваранства і прыгавораны да смяротнага пакарання. Паводле царскай канфірмацыі (1827) сасланы на 10 гадоў на катаргу з наступным пасяленнем у Сібіры. У 1837 па ўласнай просьбе накіраваны на службу радавым у Каўказскі асобны корпус, у 1843 звольнены ў адстаўку.
В.В.Швед.
т. 4, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЕ́ННЫЯ СЯБРЫ́», Таварыства ваенных сяброў,
тайная арг-цыя ў Літоўскім асобным корпусе (Беластоцкая вобл.) у 1825. Узначальвалі мясц. шляхціц, б. філамат М.І.Рукевіч і афіцэры Літ. піянернага батальёна К.Г.Ігельстром і А.Л.Вягелін. Налічвала 45 членаў, падзялялася на 3 ступені. Мэтаю т-ва абвяшчаліся «вольнасць», «асвета сябе і іншых, узаемная дапамога і дабро агульнае». Паводле паліт. ідэалаў «Ваенныя сябры» блізкія да дзекабрыстаў. Верагодна, мелі кантакты з Паўн. і Паўд. т-вамі дзекабрыстаў і з Польскім патрыятычным т-вам. У снеж. 1825 беспаспяхова спрабавалі ўзняць паўстанне ў войску. Удзельнікі арыштаваны і прыгавораны да розных тэрмінаў катаргі і турэмнага зняволення.
т. 3, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)