КАМПЕНСА́ЦЫЯ ў псіхалогіі,

аднаўленне парушанай раўнавагі псіхічных і псіхафізіялагічных працэсаў праз стварэнне процілегла накіраванай рэакцыі ці імпульсу. Паняцце К. развівалася пераважна ў межах глыбіннай псіхалогіі. У індывідуальнай псіхалогіі А.​Адлера К. — механізм пераадолення рэальных або ўяўных недахопаў праз развіццё процілеглых рыс характару, асаблівасцей паводзін (напр., пачуццё няўпэўненасці ў сабе можа кампенсавацца развіццём павышанай самаўпэўненасці). К.​Г.​Юнг разглядаў К. як прынцып псіхічнай самарэгуляцыі, узаемнага ўраўнаважання свядомых і несвядомых тэндэнцый. Напр., ён лічыў, што аднабаковасць свядомай устаноўкі выклікае ўзмацненне процілеглых несвядомых імкненняў, што можа выяўляцца ў снах, якія рэзка адрозніваюцца ад свядомых уяўленняў.

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТАМІ́ННАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ, гіпавітамінозы,

хвароба ад нястачы вітамінаў у арганізме чалавека і жывёлы. Бывае ад недастатковага паступлення ў арганізм аднаго ці некалькіх вітамінаў з ежай (кормам) — экзагенная вітамінная недастатковасць і ад паніжанай здольнасці арганізма да засваення вітамінаў (напр., тлушчарастваральных вітамінаў пры парушэннях усмоктвання тлушчаў у кішэчніку) — эндагенная вітамінная недастатковасць. Эндагенная недастатковасць водарастваральных вітамінаў звязана з парушэннямі ператварэння іх у адпаведныя каферменты. Адсутнасць вітамінаў выклікае авітамінозы. Вітамінную недастатковасць цяжка распазнаць: яна доўга можа выяўляцца неспецыфічна (затрымка росту, фіз. слабасць, паніжаная ўстойлівасць да інфекц. хвароб і інш.). У с.-г. жывёлы асн. прычына вітаміннай недастатковасці — нястача вітамінаў у корме. Найчасцей бывае ў стойлавы перыяд у цяжарных самак і ў маладняку.

В.​К.​Кухта.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭМІ́РАВАННЕ (ад прэмія),

від матэрыяльнага стымулявання і заахвочвання работнікаў за канкрэтныя поспехі ў асабістай і калект. працы. Распрацоўка і ўкараненне сістэм П. ажыццяўляецца прадпрыемствам, а правільнасць выбару асн. яго элементаў (паказчыкі і ўмовы, колькасць прэміраваных, памер прэміі) ацэньваецца з пазіцый забеспячэння прынцыпу аплаты за працу і адпаведнасці эфекту, які павінен выяўляцца ў эканоміі выдаткаў на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і прырашчэнні прыбытку. П. можа быць штомесячнае, штоквартальнае, па выніках працы за год або інш. перыяды ў залежнасці ад асаблівасцей вытв-сці і працы, характару ўстаноўленых паказчыкаў, наяўнасці неабходных звестак аператыўнага і бухгалтарскага ўліку; таксама перыяды, што вызначаюцца сезоннасцю работ, працягласцю вытв. цыкла і інш. Памеры прэмій кожнага работніка вызначаюцца ў працэнтах да зарплаты па тарыфных стаўках (здзельных расцэнках), службовых акладах або ў памерах да -мінімальнай зарплаты. Ва ўсіх выпадках П. павінна быць забяспечана гарантаванасць крыніцы выплаты прэміі.

У.​Г.​Залатагораў.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОГАТЭРАПІ́Я (ад логас + тэрапія),

адзін з кірункаў сучаснай псіхатэрапіі, які займаецца вывучэннем і пошукам сэнсу чалавечага існавання; метад псіхатэрапіі, звязаны з карэкцыяй анамалій у развіцці асобы. Як метад распрацаваны аўстр. псіхіятрам і псіхолагам В.​Франклам. Імкненне да пошуку і рэалізацыі чалавекам сэнсу свайго жыцця — прыроджаная матывацыйная тэндэнцыя і асн. рухаючая сіла паводзін і развіцця асобы. У самых складаных абставінах чалавек здольны знайсці пэўны сэнс жыцця і ўзяць на сябе асабістую адказнасць за яго практычную рэалізацыю. Адсутнасць падобнага сэнсу ці немагчымасць яго ажыццяўлення (фрустрацыя) прыводзяць да апатыі, дэпрэсіі, неўрозаў. Магчымыя пазітыўныя сэнсы жыцця могуць выяўляцца праз 3 асн. групы каштоўнасцей: творчасці, перажывання (напр., каханне) і адносін (свядомай пазіцыі чалавека да жыццёвых абставін, якія нельга змяніць). Найб. важная роля адводзіцца каштоўнасцям творчасці, асн. шляхам рэалізацыі якіх лічыцца праца. Выкарыстоўваецца пры лячэнні неагенных неўрозаў (звязаных са стратай цікавасці да жыцця), апатычна-дэпрэсіўных сіндромаў.

Літ.:

Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ. М., 1990.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 9, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДАВАЯ ПЕРАМЕ́ННАСЦЬ,

тыповае для народнай музыкі ўзаемадзеянне дыятанічных манадыйных (меладычных) ладоў. Можа выяўляцца ў пераходзе з аднаго ладу ў іншы (падобна мадуляцыі) або, значна радзей, у іх узаемапранікненні ў рамках адзінай структуры. Засн. на пераасэнсаванні тонаў меладычнага ладу. Вылучаюць 3 тыпы Л.п.: паралельную, аднайменную і складаную.

Пры першай узаемадзейнічаюць т. зв. паралельныя лады з агульным дыятанічным гукарадам, але рознымі ўстоямі (меладычнымі тонікамі); у традыц. муз. фальклоры ўсх.-слав. народаў, у т. л. беларусаў, найб. пашырана секундавая, квартавая, тэрцавая пераменнасць. Другая ўтвараецца ў выніку ўзаемадзеяння т.зв. аднайменных ладоў з агульным устоем, але рознымі гукарадамі, нязменнасць устоя цягне за сабой вышынную варыянтнасць пабочных ступеней гукарада. Складаная Л.п. вызначаецца ўзаемадзеяннем ладоў з рознымі ўстоямі і неаднолькавымі гукарадамі, звычайна ўтвараецца пры спалучэнні ў адным напеве меладычных фраз рознай ладавай структуры; у бел. нар. музыцы характэрна пазаабрадавай лірыцы познакласічнай традыцыі. Л.п. шырока адлюстравана ў творчасці бел. кампазітараў.

Літ.:

Кастальский А.Д. Особенности народно-русской музыкальной системы. М., 1961;

Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1964. № 4;

Юденич Н.Н. Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;

М., 1973. Вып. 2.

А.​А.​Друкт.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ СПЕ́КТРЫ,

аптычныя спектры, абумоўленыя паглынаннем ці выпрамяненнем фатонаў пры квантавых пераходах малекул з адных энергет. узроўняў на другія.

Паводле складальных значэння поўнай энергіі малекулы М.с., як і квантавыя пераходы ў малекуле, падзяляюць на электронныя, вагальныя і вярчальныя. Вагальныя і вярчальныя пераходы могуць выяўляцца і ў спектрах камбінацыйнага рассеяння святла. М.с. паглынання эл.-магн. выпрамянення назіраюцца ў бачнай і ультрафіялетавай абласцях спектра (электронна-вагальна-вярчальныя спектры — сістэма палос з груп дыскрэтных ліній для найпрасцейшых малекул ці з некалькіх шырокіх бесструктурных палос у выпадку складаных малекул), у блізкай інфрачырв. вобласці (вагальна-вярчальныя спектры — шэраг структурных палос) і ў далёкай інфрачырв. вобласці (вярчальныя спектры). Вярчальны стан малекул рэалізуецца выключна ў газавай фазе, таму ў кандэнсаваным асяроддзі назіраюцца толькі электронна-вагальныя (вібронныя ці электронныя) і вагальныя спектры. Пераходы, якія адбываюцца з вылучэннем выпрамянення, утвараюць вібронныя М.с. флуарасцэнцыі і фасфарасцэнцыі. Для шматлікіх арган. малекул са складанай будовай пры пэўных умовах вібронныя спектры становяцца дыскрэтнымі, што істотна павялічвае іх інфарматыўнасць (гл. Спектраскапія). Даныя, атрыманыя пры вывучэнні М.с., дазваляюць вызначыць структуру малекул, а таксама выкарыстоўваюцца для спектральнага аналізу рэчываў.

Літ.:

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962.

К.​М.​Салаўёў.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБІ́ЛЬНАСЦЬ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

змяненне індывідам ці групай сац. пазіцыі, месца, якое яны займаюць у сац. структуры грамадства. Тэрмін уведзены П.​Сарокіным; шырока выкарыстоўваецца ў даследаваннях сац. структуры, для характарыстыкі ступені «адкрытасці» ці «закрытасці» сац. груп і грамадстваў. Адрозніваюць М.с. вертыкальную і гарызантальную. Вертыкальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сістэме сац. іерархіі, звязанае са зменай сац. статуса. Пры гэтым вылучаюць сац. ўзыходжанне (прасоўванне індывіда ці групы да пазіцый з больш высокім прэстыжам, даходам, уладай) і сац. сыходжанне, дэградацыю (рух да больш нізкіх іерархічных пазіцый). Гарызантальная М.с. — перамяшчэнне індывіда ці групы ў сац. структуры без змены сац. статуса. М.с. можа выяўляцца як добраахвотнае перамяшчэнне ў межах сац. іерархіі або быць абумоўлена структурнымі ці арганізацыйнымі зменамі. Сярод фактараў, якія ўплываюць на М.с., — мэтанакіраваная дзейнасць некаторых паліт. і сац. ін-таў (дзяржавы, царквы, арміі, паліт. партый і інш.), змена сістэмы грамадскага ўкладу, уплыў навукова-тэхн. прагрэсу, укараненне перадавой тэхнікі і тэхналогіі, узнікненне новых прафесій, удасканаленне сістэмы адукацыі, асобасныя імкненні і інш. Для індывіда магчымасць прасоўвання ўверх азначае не толькі павелічэнне долі сац. даброт, якія ён атрымлівае, але і рэалізацыю асабістага інтэлектуальнага патэнцыялу, дасягненне пастаўленай мэты, набыццё новага сац. вопыту. М.с. садзейнічае стабілізацыі грамадства, умацаванню пазіцый асобных сац. груп і паліт. эліт за кошт іх папаўнення таленавітымі асобамі з ніжэйшых сац. слаёў. Свабода М.с. выступае адной з умоў развіцця асобы, сцвярджэння прынцыпаў сац. справядлівасці, далейшага грамадскага прагрэсу.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЭ́ЗІЯ (ад грэч. poiēsis творчасць),

1) адзін з асноўных (побач з прозай) тыпаў мастацтва слова, які грунтуецца на вершаваным спосабе арганізацыі моўнага матэрыялу.

2) Вершапісанне розных мастакоў слова, аб’яднаных межамі пэўнай гіст. эпохі (напр., антычная П., П. Адраджэння), а таксама сукупнасць твораў аднаго аўтара ў розных родах і жанрах л-ры (напр., творчасць А.​Пушкіна ўключае і драматургію ў вершах, і лірычную П., і раман у вершах, і вершаваную прозу).

3) Лірыка як род л-ры (побач з эпасам і драмай).

4) Мастацкая літаратура наогул (у адрозненне ад навуковай).

5) У пераносным сэнсе — высокі, натхнёны строй пачуццяў (у адрозненне ад прагматычна-утылітарнага, разумовага дачынення). У апошнім значэнні П. выступае як адметная якасць чалавечых адносін, характарыстыка спосабу асвойвання свету.

Як квінтэсенцыя прыстасавальных адносін П. можа існаваць толькі ў пачуццёва ўспрымальных вобразах; з’яўляецца маст. феноменам псіхаідэалаг. культуры. Найб. арганічна існуе ў вершах і паэмах, але пафас яе тлумачэння далёкі ад П. як гамы лірычных перажыванняў, таму ў паэтызацыі аналітычны пачатак прысутнічае ў мінім. ступені і для яе не патрэбны стылявыя кампаненты, якія здольны перадаваць ідэю, канцэптуальны сэнс (сітуацыя, сюжэт, прадметная і псіхал. дэталь, мова персанажаў і інш. — тое, што характэрна для прозы). Для перадачы П. актуальнымі з’яўляюцца алітэрацыя, асананс, рытм, метафара і інш. Узняты строй думак, уласцівы П., можа выяўляцца ў вершах і прозе, музыцы і жывапісе, адносінах да творчасці і г.д. Паэтычнасць растворана ў сувязях чалавека з сусветам, таму аб’ектаў паэт. адносін вял. мноства. Аднак далёка не кожны аб’ект паддаецца паэтызацыі (напр., немагчыма апаэтызаваць смерць, перажыванні скнары ці забойцы і інш.). П. і паэтызацыя, як правіла, не паддаюцца спробам аб’ектыўна-рацыяналістычнага вытлумачэння, бо гэты занятак знішчае сам дух П.

Вытокі бел. П. ў вуснай нар. творчасці (песні, балады, замовы). Першыя пісьмовыя ўзоры П. вядомы з пач. 16 ст.: творы Ф.​Скарыны, Міколы Гусоўскага (на лац. мове), А.​Рымшы, Я.​Пашкевіча, Сімяона Полацкага і інш., вершы якіх мелі пераважна сілабічную структуру (гл. Сілабічнае вершаскладанне). Паступова бел. П. танізуецца, асабліва ў 1-й пал. 19 ст., калі з’явіліся ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Чачота, Я.​Баршчэўскага, А.​Рыпінскага, П.​Багрыма, У.​Сыракомлі і інш. Найважнейшым прадметам маст. пазнання стала чалавечая асоба, дэтэрмінаваная сац.-гіст. абставінамі. Пашырылася жанравая разнастайнасць П., ускладнілася маст. структура верша (творы Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, А.​Гурыновіча). Класікі бел. П. Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка сінтэзавалі дасягненні папярэднікаў, узнялі П. на ўзровень сусв. л-ры. Пабольшала роля экспрэсіўнай паэт. мовы, індывід. пачатку ў П.; побач з удасканаленнем сілаба-тонікі (гл. Сілаба-танічнае вершаскладанне) з’явіліся такія формы верша, як верлібр, дольнік і інш., што забяспечыла ёй багатую рытміка-інтанацыйную выразнасць. Актыўнае ўзаемадзеянне формы і сэнсу адбываецца на ўсіх узроўнях паэт. творчасці, павышаючы ёмістасць вобраза і выразныя магчымасці слова. Паэты дамагаюцца высокай канцэнтрацыі выяўл. элементаў маўлення; умелае выкарыстанне паўз, націскаў рытмічнай плыні садзейнічае шматграннаму выяўленню аўтарскай інтанацыі ва ўсіх яе нюансах і дапамагае адчуць найтанчэйшыя ідэйна-маст. адценні. Пра развіццё бел. П. гл. таксама ў раздзеле Літаратура арт. Беларусь.

Літ.:

Жирмунский В.М. Теория стиха. Л., 1975;

Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;

Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Лойка А.А. Беларуская паэзія пачатку XX ст. Мн., 1972;

Шпакоўскі І.С. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў. Мн., 1983;

Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд. Мв., 1987;

Кавалёў С.В. Як пакахаць ружу: Літ.-крытыч. арт. пра маладую бел. паэзію 80-х гг. Мн., 1989.

А.​М.​Андрэеў, У.​В.​Гніламёдаў (бел. паэзія).

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТР,

1) у вершаскладанні — абазначэнне меры верша — стапы з яе варыяцыямі, рытмавы ўзор; ідэальная схема чаргавання доўгіх і кароткіх складоў у антычным вершы (гл. Метрычнае вершаскладанне), націскных і ненаціскных у сілаба-танічным (гл. Сілаба-танічнае вершаскладанне). Адрозніваюць М. 2-складовыя (харэй, ямб) і 3-складовыя (дактыль, амфібрахій, анапест). Могуць быць адхіленні ад прынятай схемы: пропуск ненаціскных складоў (спандэй) або іх лішак (пірыхій), але метрычны закон у цэлым вытрымліваецца.

Тэрмінам М. абазначаюць і вершаваны памер — пэўную колькасць аднолькавых стоп у вершаваным радку і характар гэтых стоп (2-складовых і 3-складовых). Напр., верш Я.​Купалы «У вечным боры...» напісаны 4-стопным харэем (у кожным яго радку чатыры 2-складовыя стапы з націскам на 1-м складзе). У ант. вершы ў залежнасці ад колькасці паўтарэнняў пэўнага М. адрозніваюць манаметр (1 М.), дыяметр (2 М.), трыметр (3 М.), тэтраметр (4 М.), пентаметр (5 М.), гекзаметр (6 М.), гептаметр (7 М.) і актаметр (8 М.).

2) У музыцы — сістэма арганізацыі рытму, заснаваная на захаванні пэўнай меры ў адносінах велічыні рытмічных пабудоў. Гістарычна склаліся 2 асн. сістэмы М. — квантытатыўная (колькасная, складовалічыльная, часавымяральная), што будуецца на паўтарэнні пэўнай паслядоўнасці няроўных па часе долей (рытмаформулы), і акцэнтная (тактавая, якасная), заснаваная на заканамерным чаргаванні моцных і слабых (апорных і неапорных) аднолькавых па часавай працягласці долей.

Квантытатыўная сістэма характэрна для з’яў, дзе паэзія і музыка неаддзельныя; адзінка вымярэння тут — стапа. Акцэнтная вызначае распад пачатковага сінкрэтызму і ўсталяванне такта ў сучасным разуменні — як адзінкі ўласна музычнага М. Акцэнтны, або тактавы, М. бывае просты (2- і 3-дольны) і складаны (спалучэнне 2-, 3-дольных метрычных груп у 4-, 6-, 9-, 12-дольныя). Існуе і мяшаны М., створаны спалучэннем 2 і больш разнародных груп (5-, 7-дольны). Чаргаванне моцных і слабых долей фіксуецца тактавым памерам — фармальнай рытмічнай схемай, якая ў творы напаўняецца разнастайнымі рытмічнымі малюнкамі, індывідуалізуецца. Просты М. вызначаюць памеры 2/4, 3/4, 3/8, складаны — 4/4, 6/4, 6/8, 9/8, 12/8 і інш., мяшаны — 5/4, 7/4, 7/8 і інш. М. можа выяўляцца ў рэгулярнай і нерэгулярнай паслядоўнасці тактаў. Пры рэгулярным М. тактавая велічыня нязменна паўтараецца, што выяўлена ў пастаянным муз. памеры. Нерэгулярны М. бывае перыядычна-пераменны (з чаргаваннем тактаў 2/4, 3/4) і свабоднапераменны (без устаноўленага парадку). У бел. музыцы вуснай традыцыі квантытатыўная метрыка ў чыстым выглядзе ўласціва нар. песням найстараж. пласта, часткова карагодам і танцам, якія будуюцца на паўтарэнні розных для кожнага жанру пэўных рытмаформул. У фальклоры колькасная сістэма М. найб. устойлівая, звязана з асаблівасцямі нар. вершаскладання («Каля майго церама», «На нова лета», «Ці дома, дома сам пан гаспадар»), У познатрадыц. нар. творчасці квантытатыўны М. паступова ператварыўся ў акцэнтны, што абумоўлена зменай інтанацыйнага строю напеваў, у якіх павялічылася роля эмац. пачатку (выкрыкі, воклічы і інш.) і вырасла значэнне характэрных стылявых рыс канта. Адначасова колькасная сістэма М. часткова захоўвае сваё ўздзеянне. Невыпадкова ў сучасных запісах фальклору тактавая сістэма М. набывае характар т.зв. «народных тактаў» (тэрмін П.​Сакальскага), тактавыя рысы якіх паказваюць не месца акцэнту, а межы радкоў і такім чынам падпарадкоўваюцца законам нар.-песеннага вершаскладання. У выніку ўзнікае свабодна-пераменны М. На Беларусі фарміраванне акцэнтнай метрыкі адбывалася ў кантавай культуры (16—17 ст.). У прафес. музыцы нашага часу пад уплывам нар. творчасці розных гіст. пластоў на новым якасным узроўні адбываецца ўзаемапранікненне і ўзаемадзеянне абодвух тыпаў метрыкі. У вак. творах строгая метрычнасць часам парушаецца ў выніку гібкага руху за метрыкай паэт. тэксту. Падобныя з’явы пашыраны і ў інстр. музыцы, дзе свабодна-пераменны М. нярэдка выяўляе асаблівую маст. задуму. У сучаснай бел. музыцы рытм можа быць і свабодным ад М. (1-я ч. канцэрта для габоя і камернага арк. «Плач» Г.​Гарэлавай, і інш.).

Літ.:

Холопова В. Вопросы ритма в творчестве композиторов первой пол. XX в. М., 1971;

Яе ж. Русская музыкальная ритмика. М., 1983;

Харлап М.Г. Ритм и метр в музыке устной традиции. М., 1986;

Елатов В.И. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966.

Т.​Л.​Шчэрба, М.​В.​Шыманскі (музыка).

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)