МАРКЕТРЫ́ (франц. marqueterie),

розныя паводле колеру і тэкстуры фігурныя пласцінкі фанеры, якія наклейваюць на аснову (дрэва і інш.) для аздобы мэблі і інш. хатніх рэчаў, пры вырабе дэкар. пано; від мазаікі. Вядомы з даўніх часоў. Найб. росквіту дасягнулі ў 17—18 ст. у Францыі і Германіі. На Беларусі вядомы з сярэднявечча, у 17—19 ст. у тэхніцы М. аздаблялі дзверы палацаў, мэблю, куфэркі і інш. рэчы дэкар.-прыкладнога характару. Пашырыліся ў 1940—60-я г. (пано з сюжэтнымі кампазіцыямі, партрэты, арнаментацыя мэблі работы Я.​Арлова, С.​Вольскага, Р.​Гебелева, Дз.​Сакажынскага, К.​Цяўлоўскага, Р.​Чарнова, А.​Шахновіча і інш.). У сюжэтна-тэматычных кампазіцыях прыкметна імкненне да імітацыі жывапісных твораў; мэблю, куфэркі аздаблялі арнаментам, які імітаваў вышыты ці тканы. Майстры 1970—90-х г. падкрэсліваюць прыродныя асаблівасці дрэва (слаістасць, рысунак валокнаў), што часам абумоўлівае характар кампазіцыі твораў. Дэкар. пано (пейзажы, партрэты, нацюрморты, сюжэтныя кампазіцыі) вырабляюць майстры ф-к маст. вырабаў, прафес. мастакі (П.​Гапак), самадз. майстры (І.​Раманчук, У.​Іваноў, П.​Грыгор’еў).

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Маркетры. Спендлер П.Л. Фрагмент кампазіцыі «Паляванне».

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ЧАЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Зах. Палессі. Быў пашыраны ў ваколіцах г.п. Дамачава, паўд.-зах. частцы Брэсцкага і Маларыцкага р-наў (уздоўж р. Буг), на тэр. Польшчы (ваколіцы г. Уладава) і ў паўн.-зах. раёнах Валынскай вобл. Украіны.

Жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы-рабака, фартуха, гарсэта, галаўнога ўбору. Кашуля мела шырокі адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх і пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частцы рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў над верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніца і фартух (1-полкавы) шыліся з аднолькавай па якасці і каларыстычна-арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасаваліся ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад’емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт-безрукаўка і гарсэт з рукавамі — кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі рознакаляровымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкар. строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага сукна цёмна-карычневага колеру. Галаўным уборам замужніх жанчын быў чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздабляўся карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорнутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку. Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева-шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздабляўся вітым і плеценым коскай рознакаляровым шнурам і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.

М.​Ф.​Раманюк.

Дамачаўскі строй. Святочныя ўборы дзяўчат і маладых жанчын. 1910-я г. Вёска Чэрск Брэсцкага раёна.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАПО́ЛЬСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Падняпроўя. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Хоцімскім, Чачэрскім, Чэрыкаўскім р-нах. Для К.с. характэрны вял. разнастайнасць форм адзення, багатае кампазіц. варыянтамі і арнаментальнымі матывамі маст. афармленне, у якім важнае значэнне разам з вышыўкай і ўзорыстым ткацтвам мелі карункапляценне, аплікацыя, узаемаўплывы рус. і ўкр. нар. касцюмаў.

У жаночым гарнітуры пашыраны 4 комплексы: кашуля, расхінная панёва, гарсэт, намітка; кашуля, андарак з дзесяткай (спадніца з прышытым ліфам-гарсэтам, у асобных варыянтах нагадвала сарафан на лямках), 1-полкавы суконны фартух, хустка; кашуля, андарак, 4-полкавы льняны фартух, хустка; кашуля або блуза, кроеная з гэсткай, крамная спадніца з прышыўным ліфам, 1-полкавы фартух, чапец. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вял. адкладным каўняром, аздобленым па краях паскам вязаных белых карункаў або паркалёвых брыжоў. Шырокі рукаў злучаўся з плечавой устаўкай, аздобленай узорыстым паскам мярэжкі з чырвона-чорным геам. арнаментам. Вышыты баваўнянымі ніткамі арнамент 8-пялёсткавых разетак, ромбаў, квадратаў кампанаваўся радамі, у шахматным парадку або размяшчаўся ў ячэйках, што ўтвараліся перасячэннем дыяганальных або гарыз. і верт. палос, густа нашываўся на бачную паверхню рукавоў. Фартухі аздаблялі ўзорыстым ткацтвам. вышыўкай, аплікацыяй; панёву, андарак затыкалі клятчастым вохрыста-чырвоным арнаментам. Андарак і ліф-гарсэт саяна часам кроілі з розных тканін: ніз з клятчастай даматканкі, ліф з крамнай узорыстай ці аднатоннай. Спадніцу шылі з клятчастага, паласатага, белага, бела-сіняга палатна. Падпяразвалі вузкім поясам, канцы якога аздаблялі дэкар. кутасамі, нізкамі рознакаляровага бісеру. Галаўныя ўборы жанчын — намітка, чапец (вязаны з белых нітак або шыты з чырвоных тканін), хустка. Насілі пацеркі, шыйныя бісерныя паскі, абразкі. Мужчынскія кашулі кроілі з плечавымі ўстаўкамі або тунікападобныя; вышывалі манішку, падол, каўнер і каўнерцы, падпяразвалі поясам. Нагавіцы шылі з палатна, шэрага ці карычневага сукна. Вопратку (світу, шубу, кажух, куртку, сак) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі фабрычных (чырвоных, сініх) тканін, аплікацыяй шнурам.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Краснапольскі строй. Летняе традыцыйнае адзенне жанчын. Пач. 20 ст. Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна Гомельскай вобл.

т. 8, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)