БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА ВЫШЫ́НЯЎ,
сістэма вызначэння абсалютных адзнак паверхні Зямлі, прынятая з 1942 у б. СССР, у тым ліку на тэр. Беларусі. Пункт адліку — нуль на футштоку ў г. Кранштат, які супадае з сярэднім шматгадовым узроўнем Балтыйскага м. (гл. таксама Абсалютная вышыня).
т. 2, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́НСКІЯ КАТЛАВІ́НЫ,
вялікія ўпадзіны ў межах ложа акіянаў, абмежаваныя падводнымі хрыбтамі, валамі і ўзвышшамі. Акіянскія катлавіны могуць злучацца глыбокімі праходамі. Сярэдняя глыб. каля 5 тыс. м. Дно на 80% з узгорыста-выраўнаваным рэльефам (ваганні вышыняў 100—500 м).
т. 1, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ
(ад грэч bathys глыбокі і metreō вымяраю),
адлюстроўваюць падводны рэльеф пры дапамозе ізабатаў разам з адзнакамі глыбіняў. Афарбоўка падводнага рэльефу даецца ў адпаведнасці са ступенямі вышыняў. Служаць асновай фізіка-геагр. раянавання і спец. картаграфавання вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца пры разведцы карысных выкапняў, планаванні рыбнага промыслу і як дапаможнікі ў навігацыі.
т. 2, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЁВА,
урочышча ў Беларусі, каля в. Бялёў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл., помнік прыроды. Купалападобнае ўзвышша выш. да 184 м, пл. 30 км², стромка абрываецца да забалочаных паніжэнняў шыр. 100—600 м. Вылучаецца надзвычай вял. для нізіннага Гомельскага Палесся перападам вышыняў — да 45 м. На паверхні Бялёва субканцэнтрычныя пясчаныя грады выш. 5—10 м. Паходжанне канчаткова не высветлена: мяркуюць, што гэта кальцавы кам ці тэктанічная структура.
т. 3, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БСЛЕЙ
(англ. bobsleigh),
від спорту, скорасны спуск з гары па ледзяным жолабе на спарт. санях спец. канструкцыі. Сані (наз. таксама бобслей) маюць суцэльнаметал. кузаў абцякальнай формы, замацаваны на 2 парах палазоў-канькоў: пярэдняя рухомая з рулём, задняя нерухомая з тормазам. Спаборніцтвы праводзяцца для 2-месных і 4-месных бобслеях. Ёсць пэўныя абмежаванні па даўжыні саней і агульнай масе экіпажу. Траса (жолаб) даўж. 1500—2000 м, шыр. 1,5—2 м, глыб. — 0,5 м з віражамі, перапад вышыняў 130—150 м. Скорасць саней на спуску дасягае 100—130 км/гадз.
Узнік бобслей у канцы 19 ст. ў Швейцарыі. Спачатку ўдзельнічалі і жанчыны, з 20 ст. толькі мужчыны. З 1924 існуе Міжнар. федэрацыя бобслея і табагана (ФІБТ), з 1924 бобслей у праграме Алімпійскіх гульняў, — з 1930-х г. праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы.
т. 3, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМО́ВІЧ Іван Іванавіч
(26.7.1918, в. Закружка Мінскага р-на — 2.7.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1935. У першай аповесці «Чужы грунт» (1939) выкрываў прыстасавальніцтва і падхалімства. У зб-ках апавяданняў «Шырокія азёры» (1951), «Рына-Марына» (1958), «Як вясну рабілі» (1985), аповесцях «На крутой гары» (пач. назва «Да ясных вышыняў», 1950—51) і «Сям’я Вішнёвых» (пач. назва «Далі сабе слова», 1968—70) і інш. асн. тэмы — вайна, пасляваен. аднаўленне, сяброўства, каханне, праблемы горада і вёскі. Апавяданні Грамовіча для дзяцей сваёй рамантычнай прыўзнятасцю, арнаментальным стылем нагадваюць вершы ў прозе (кн. «Першага верасня», 1949; «Сонца скрозь воблакі», 1964). У сатыр. і гумарыстычных творах (зб-кі «Нарасць», 1961; «Вадалей—гэтакдалей», 1975; «Залатая бранзалетка», 1977) асуджаў мяшчанства і бескультур’е. Аўтар успамінаў пра дзеячаў культуры і л-ры «У сховах памяці і сэрца» (1983), нарысаў, публіцыст. артыкулаў, сцэнарыяў фільмаў. Пераклаў на бел. мову асобныя творы У.Кочатава, М.Носава.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1978;
Чатыры сантыметры надзеі. Мн., 1987;
Выбранае. Мн., 1988.
І.У.Саламевіч.
т. 5, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ГРАДА́,
частка Беларускай грады ў Барысаўскім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобласці. Працягнулася ад Мінскага узв. на ПнУ на 100 км, шырыня 10—25 км. Мяжуе з Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ. Лічыцца вуглавым масівам Ашмянскага стадыялу. Пл. каля 2 тыс. км², адзнакі вышыняў паверхні над узр. м. вагаюцца ад 150 м у даліне Бярэзіны да 220 м каля г. Смалявічы.
Прымеркавана да зоны сучлянення Аршанскай монакліналі з Вілейскім пахаваным выступам. Антрапагенавая тоўшча магутнасцю 100 м і больш. Паверхня складзена з пясчана-галечнага матэрыялу, марэнных суглінкаў і супескаў, месцамі з покрывам лёсападобных парод. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, торф.
Участкі з градава-ўзгоркавым рэльефам (каля г. Смалявічы, в. Халопенічы і г. Барысаў выш. 193—220 м) чаргуюцца з раўніннымі. З найб. павышанымі часткамі грады звязаны масівы марэннага сярэдняўзгоркавага рэльефу з адноснай выш. 10—20 м. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C, ападкаў 450—780 мм за год (у Барысаве). Рэкі (бас. Дняпра): Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Сха, Бобр з Начай. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба ападзоленыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках, якія падсцілаюцца пяскамі, забалочаныя і тарфяна-балотныя. Да 40% тэр. пад лясамі хваёвымі, ялова-хваёвымі, бярозавымі і шэраальховымі. Поймавыя і нізінныя лугі.
В.Р.Сінякова.
т. 2, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗКАЎСХО́ДНІ КАНФЛІ́КТ,
ваеннае і палітычнае проціборства на рэгіянальным узроўні Ізраіля з араб. краінамі і Арганізацыяй вызвалення Палесціны (АВП). На глабальным узроўні — паміж ЗША, што падтрымлівалі Ізраіль, і СССР (да 1991), які дапамагаў дружалюбным яму араб. рэжымам. Бярэ пачатак ад утварэння Ізраільскай дзяржавы (1948). У аснове канфлікту палесцінская праблема і ўзаемаадносіны Ізраіля і араб. краін (гл. Араба-ізраільская вайна 1948—49, Ізраільска-арабскія войны). Праблема вяртання акупіраваных ізраільцянамі тэрыторый (Сінайскі п-аў, сектар Газа, Галанскія вышыні, Зах. бераг р. Іардан, частка г. Іерусалім) і барацьба палесцінцаў (у т. л. тэрарыстычныя акцыі) за стварэнне ўласнай дзяржавы зрабілі Б. Усход асяродкам самага працяглага канфлікту ў сусв. палітыцы. Пры пасрэдніцтве ЗША першым крокам да міру з’явіліся Кэмп-Дэвідскія пагадненні паміж Егіптам і Ізраілем (1979). Да 1993 па праблеме Блізкаўсходняга канфлікту ішла дыпламат. барацьба, у ходзе якой Ізраіль прызнаў АВП адзіным прадстаўніком араб. народа Палесціны, а АВП прызнала Ізраіль як дзяржаву. 13.9.1993 у Вашынгтоне бакі падпісалі мірны дагавор і палесцінцы атрымалі права на самакіраванне ў сектары Газа і гарадах Іерыхон і Віфлеем. 26.10.1994 падпісаны мірны дагавор паміж Ізраілем і Іарданіяй. У чэрв. 1995 пачаліся перагаворы паміж Ізраілем і Сірыяй па праблеме вываду ізраільскіх войскаў з Галанскіх вышыняў. Гал. перашкодай на шляху да канчатковага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту з’яўляецца дзейнасць экстрэмісцкіх сіл як у Палесцінскім руху супраціўлення (ХАМАС і інш. арг-цыі), так і ўнутры ізраільскага грамадства (забойства прэм’ер-міністра І.Рабіна ў ліст. 1995).
А.А.Чалядзінскі.
т. 3, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)