«СЛО́ВА АБ ПАХО́ДЗЕ І́ГАРАВЫМ»,
«Слова аб палку Ігаравым», «Слова пра паход Ігаравы» («Слово о плъку Игоревѣ, Игоря, сына Святъславля, внука Ольгова»), помнік літаратуры Кіеўскай Русі 12 ст. Узнік на аснове агульнай культуры рус., бел. і ўкр. народаў. Створаны, верагодна, у канцы 1185—86 у Кіеве. Аўтар невядомы. У «Слове» апавядаецца пра няўдалы паход на полаўцаў у 1185 ноўгарад-северскага кн. Ігара Святаславіча (1151—1202). Паэт. апісанне паходу, бітвы і паражэння перарастае ў творы ва ўсхваляванае, пранікнёнае і праўдзівае слова пра Радзіму, напоўненае глыбокім роздумам і трывогай за лёс роднай зямлі і яе народа. Прычыны няўдач, аслаблення ваенна-паліт. магутнасці Русі аўтар бачыў у абставінах, якія склаліся на ўсх.-слав. землях ва ўмовах феад. раздробленасці, у княжацкіх міжусобіцах, адсутнасці згоды і адзінства, няспынных нападах знешніх ворагаў. Асуджаючы своекарыслівыя паводзіны князёў, паэт заклікае іх спыніць сваркі і паслужыць агульнай справе ўмацавання абароны ўсёй Русі, аднаўлення паліт. аўтарытэту і магутнасці стольнага Кіева. Змест і вобразы паэмы цесна звязаны з рэальна-гіст. жыццём сярэдневяковай Русі і сведчаць пра шырокі кругагляд яе аўтара, пра яго глыбокую дасведчанасць у складанай гісторыі ўсх.-слав. зямель і княстваў, якую ён паказаў з вял. аб’ектыўнасцю і дакладнасцю. Разнастайныя звесткі «Слова», аўтарскія апісанні падзей і дзейнасці гіст. асоб у цэлым не супярэчаць інш. тагачасным пісьмовым крыніцам, у прыватнасці летапісам, а месцамі ўдакладняюць і дапаўняюць іх. Твор — каштоўная крыніца пазнання далёкай мінуўшчыны ўсх. славян, у т. л. Беларусі. Яркай гіст. асобай, мудрым і дзейным валадаром, князем-чарадзеем і адначасова несправядліва пакрыўджаным, няшчасным чалавекам паказаны ў «Слове» легендарны Усяслаў Брачыславіч, намаляваны ў духу вусна-паэт. нар. традыцый з цеплынёй і спачуваннем. Уражвае сваім трагізмам і трапнасцю маст. апісання Нямігская бітва 1067. Значная ўвага, аддадзеная ў паэме Полацку і яго мінуламу, сведчыць пра важную ролю Полацкага княства ў гісторыі ўсх. славян, пра яго цесныя і даўнія ўзаемасувязі з Кіеўскай Руссю. Старонкі, прысвечаныя полацкім князям, у цэлым сугучныя агульнаму элегічнаму тону паэмы. Фінал «Слова» аптымістычны, напоўнены глыбокай верай у будучыню роднай зямлі і свайго народа. Аўтар выступаў з высокай грамадзянска-патрыят. і гуманіст. пазіцыі, выявіў агульнанар. погляды і імкненні таго часу. Твор — своеасаблівая энцыклапедыя Стараж. Русі, багатая крыніца пазнання тагачасных светапогляду, культуры і побыту. У яго мове адлюстраваліся асобныя рысы жывой гаворкі тагачаснай Чарнігава-Северскай зямлі, бел.-ўкр. моўнага сумежжа, дзе, верагодна, жыў і працаваў аўтар паэмы. Скарбы бел. мовы дапамагаюць больш дакладна зразумець і вытлумачыць некат. т.зв. цьмяныя месцы «Слова», якое змяшчае нямала т.зв. беларусізмаў. Высокая маст. дасканаласць, багацце і самабытнасць вобразаў, музычнасць паэт. мовы, публіцыст. пафас і ўзнёсласць, незвычайная змястоўнасць і праўдзівасць, глыбіня думкі і тонкі лірызм, падпарадкаваныя высокай ідэі, робяць твор помнікам неўміручага ідэйна-маст. гучання, маст. шэдэўрам сусв. значэння. Паэма паўплывала на л-ры ўсх.-слав. народаў, сцвярджаючы традыцыі народнасці і патрыятызму.
«Слова» адкрыў у пач. 1790-х г. рус. гісторык А.Мусін-Пушкін у рукапісе 16 ст., які зберагаўся ў Яраслаўлі і загінуў у Маскве ў 1812. Упершыню тэкст «Слова» апублікаваны ў 1800. Паэтычнасць, маст. сіла і глыбокая ідэйнасць гэтага твора паланілі А.Міцкевіча і У.Сыракомлю, Я.Купалу і М Багдановіча, пісьменнікаў, мастакоў, вучоных розных народаў. У ліку першых даследчыкаў «Слова» быў З.Даленга-Хадакоўскі. У 1910 паэт. пераклад урыўка паэмы пра смерць полацкага кн. Ізяслава зрабіў Багдановіч Першыя поўныя празаічныя пераклады на бел. мову належаць Я.Купалу (1919) і М.Гарэцкаму (каля 1920), у 1921 Я.Купала ажыццявіў адзін з найлепшых вольных паэт. перакладаў «Слова». Сярод апошніх бел. перакладаў — вольны пераклад Я.Крупенькі (нап. 1966—79, апубл. часткова 1976, цалкам 1994), дакладны і паэт. пераклад Р.Барадуліна (1984—85).
Публ.:
Слово о полку Игореве // Литературные памятники. М.; Л., 1950;
Слово о полку Игореве. Л., 1985 (Б-ка поэта);
Бел. пер. — Слова пра паход Ігаравы. Мн., 1986.
Літ.:
Рыбаков Б.А. «Слово о полку Игореве» и его современники. М., 1971;
Лихачев Д.С. «Слово о полку Игореве»: Ист.-лит. очерк. 2 изд. М., 1982;
Яго ж. «Слово о полку Игореве» и культура его времени. 2 изд. Л., 1985;
Вечна жывое «Слова». Мн., 1989;
Виноградова В.Л. Словарь-справочник «Слова о полку Игореве» Вып. 1—6 М.; Л., 1965—84;
Булахов М.Г. «Слово о полку Игореве» в литературе, искусстве, науке. Мн., 1989;
Энциклопедия «Слова о полку Игореве». Т. 1—5. СПб., 1995.
В.А.Чамярыцкі.
т. 15, с. 10