КО́ПРА,

высушаны алеісты эндасперм арэхаў какосавай пальмы. Белыя ці жаўтаватыя кавалачкі таўшчынёй 6—12 мм, пакрытыя скуркай. Мае ў сабе ў сярэднім (у %): вады 5,8, тлушчу 67, вугляводаў 16,5, бялку 8,9. Гарачым прасаваннем з К. атрымліваюць легкаплаўкі алей (tпл 20—27 °C), які выкарыстоўваюць для вырабу какосавага алею, маргарыну, мыла. Макуха — каштоўны корм для жывёл.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСКА́ТНЫ АРЭ́Х,

насенне з пладоў мускатніку духмянага (Myristica fragrans). Культывуюць у тропіках абодвух паўшар’яў. Плод — яйцападобная аранжава-жоўтая мясістая ягада даўж. 4—6 см. Пры выспяванні скурка і мякаць плода расшчапляюцца кальцавой верт. трэшчынай і адкрываюць цёмна-бурае насенне, часткова ўкрытае ярка-чырв. сакаўным прынасеннікам. Высушаны прынасеннік ужываецца як прыправа і наз. мускатным цветам або мацысам. Духмянае ядро пасля апрацоўкі выкарыстоўваюць у харч. і тытунёвай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, парфумерыі.

У.​П.​Пярэднеў.

Мускатны арэх.

т. 11, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НЫ ЯД, апітаксін,

сакрэт залоз джальнага апарату рабочай пчалы меданоснай. Празрыстая вязкая жаўтаватая вадкасць, са спецыфічным пахам і горкім смакам. На паветры хутка цвярдзее. Тэрмаўстойлівы. Раствараецца ў вадзе, рэакцыя кіслая. У водным растворы хутка разбураецца, высушаны захоўвае актыўнасць некалькі гадоў. Мае меліцін (асн. таксічны кампанент), гістамін, ферменты, арган. кіслоты, мікраэлементы і інш. Пры кожным джаленні пчала выдзяляе 0,2—0,3 мг П.я., смяротная для чалавека доза каля 0,2 г (500—1000 джаленняў). У штучных умовах пчолы выдзяляюць П.я. у адказ на раздражненне слабымі эл. імпульсамі ў спец. апараце. Прэпараты з П.я. выкарыстоўваюць у медыцыне пры лячэнні міязіту, радыкуліту, неўралгіі, крапіўніцы, мігрэні і інш.

В.​І.​Сапега.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕЕПРЫМЕ́ТНІК,

неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыметніка. Абазначае дзеянне як прыкмету або ўласцівасць прадмета, што выяўляюцца ў часе. У сучаснай бел. мове Дз. захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («сушаны», «высушаны»), цяперашняга і прошлага часу («утвараючая», «высахлая»), залежнага і незалежнага стану («засеянае», «засеяўшае»), а таксама роду, ліку і склону, якія выражаюцца тымі самымі грамат. сродкамі (канчаткамі), што і ў прыметніках. Дз. цяперашняга часу ўтвараюцца суфіксамі «-уч-(-юч-)», «-ач-(-яч-)» і «-ом-(-ем-)», «-ш-(-ым-)»; прошлага часу — суфіксамі «-ўш-», «-ш-», «-л-», «-н-(-ен-, -ан-, -ян-)» і «-т-». Яны могуць мець поўную і кароткую форму («збудаваны» — «збудован»).

Літ.:

Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 54—61;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)