Вынаходніцкае права 3/197; 8/317; 9/140
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНАХО́ДНІЦКАЕ ПРА́ВА,
прававыя нормы, якія рэгламентуюць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адкрыццямі, вынаходствамі, рацыяналізатарскімі прапановамі і іх выкарыстаннем. У Рэспубліцы Беларусь крыніцамі вынаходніцкага права з’яўляюцца Грамадзянскі кодэкс і Закон «Аб патэнтах на вынаходствы» ад 5.2.1993, інш. нарматыўныя акты. Палажэнні вынаходніцкага права пашыраюцца на аўтараў адкрыццяў, вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў — фіз. і юрыд. асоб Беларусі, замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і замежных юрыд. асоб — і вынікі іх вынаходніцкай дзейнасці на тэр. Беларусі. Калі міжнар. дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены інш. правілы, чым тыя, што змешчаны ў нац. заканадаўстве, выкарыстоўваюцца правілы міжнар. дагавору.
Вынаходніцкае права замацоўвае за аўтарамі права на ўзнагароджанне і шэраг немаёмасных правоў (права на аўтарства, права даць вынаходству сваё імя ці якую-небудзь спец. назву і інш.), рэгулюе парадак выкарыстання вынаходстваў і ўкараненне рацыяналізатарскіх прапаноў і інш. Правы аўтараў ахоўваюцца ў адм. і судовым парадку.
т. 4, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНАХО́ДСТВА,
істотна новае, эфектыўнае вырашэнне тэхн. задач у матэрыяльнай вытв-сці, культуры, ахове здароўя, абароне краіны; творчае вырашэнне практычнай задачы тэхн. сродкамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь вынаходніцтва прызнаецца новым, калі яно не з’яўляецца часткай вядомага ўзроўню тэхнікі і прамыслова не выкарыстоўваецца. Аўтарам вынаходства прызнаецца асоба, творчай працай якой яно створана. Права на вынаходства ахоўваецца дзяржавай (гл. Вынаходніцкае права) і сведчыцца патэнтам.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНАХО́ДНІЦТВА,
творчы працэс, які прыводзіць да новага вырашэння задачы ў любой галіне тэхнікі, культуры, аховы здароўя, абароны і дае станоўчы эфект. Вынаходніцкае права Рэспублікі Беларусь забяспечвае спрыяльныя ўмовы для развіцця масавага В., непасрэднага ўдзелу ў тэхнал. прагрэсе і ўдасканаленні вытв-сці. Шляхам матэрыяльнай і маральнай падтрымкі, наданнем пэўных ільгот дзяржава заахвочвае вынаходнікаў і рацыяналізатараў вытв-сці. У 1932 на 1-м Усебел. з’ездзе вынаходнікаў арганізацыйна аформлена т-ва вынаходнікаў Беларусі. З 1956 дзейнічаў Камітэт па справах вынаходстваў і адкрыццяў СМ СССР, з 1958 — Бел. рэсп. савет Усесаюзнага т-ва вынаходнікаў і рацыяналізатараў, з 1990 — Бел. т-ва вынаходнікаў і рацыяналізатараў.
т. 4, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)