КСЕРАГРА́ФІЯ (ад грэч. xēros сухі + ...графія),

спосаб аператыўнага капіравання дакументаў у чорна-белым і каляровым відарысе метадамі, заснаванымі на паверхневай электрызацыі паўправадніковых фотаправодных слаёў.

Вынайдзены Ч.​Карлсанам (1938, ЗША). Гл. Электрафатагарафія.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДО́ АПАРА́Т,

літарадрукавальны шматразовы тэлеграфны апарат. Мае клавіятуру, пры дапамозе якой перадача тэлеграм праводзіцца ў вызначаным рытме, што задаецца тактавымі сігналамі. Вынайдзены Ж.Бадо (1876). Выкарыстоўваўся да замены ў 1960-я г. тэлетайпамі.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАФО́Н (ад грэч. gramma запіс + ...фон),

механічны апарат для ўзнаўлення гуку з грамафоннай пласцінкі. Вынайдзены ў 1888 ням. інж. Э.​Берлінерам (працаваў у ЗША). Партатыўны варыянт грамафона — патэфон. Папярэднік грамафона — фанограф. У 1940—50-я г. выцеснены электрафонамі.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́РТАРНЫ ПРАЦЭ́С працэс ператварэння вадкага чыгуну ў сталь прадзіманнем яго ў канвертары газамі, якія змяшчаюць кісларод, або тэхнічна чыстым кіслародам. Адбываецца без дадатковага награвання, бо ў выніку акіслення прымесей чыгуну (вугляроду, крэмнію, марганцу, фосфару) вылучаецца цяпло, дастатковае для падтрымання металу ў вадкім стане на працягу ўсяго працэсу.

Першым масавым спосабам атрымання вадкай сталі быў бесемераўскі працэс (вынайдзены ў 1856), які даваў невысокую якасць металу і патрабаваў вельмі чыстых па колькасці серы і фосфару жал. руд. Тамасаўскі працэс (вынайдзены ў 1878) дазваляў перапрацоўваць высокафасфарыстыя чыгуны, аднак даваў сталь таксама невысокай якасці. З 1950-х г. атрымаў пашырэнне больш дасканалы і прадукцыйны кіслародна-канвертарны працэс, дзе ўсе аперацыі механізаваны і аўтаматызаваны, а атрыманы метал стаў раўнацэнны мартэнаўскай сталі, выплаўленай у мартэнаўскай печы.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛ ((Bell) Аляксандр Грэям) (3.3.1847, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 2.8.1922),

англійскі інжынер, вынаходца тэлефона. Скончыў Эдынбургскі і Лонданскі ун-ты. Праф. Бостанскага ун-та (1873). У 1876 атрымаў патэнт ЗША на вынайдзены тэлефон, у 1877 — дадатковы патэнт на ўдасканаленне яго. Асн. работы і патэнты ў галіне запісу і ўзнаўлення гуку.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКЛЕПІЯ́ДАЎ ВЕРШ,

памер у метрычным вершаскладанні, вынайдзены стараж.-грэч. паэтам Асклепіядам Самоскім (3 ст. да нашай эры). Своеасаблівая мадыфікацыя пентаметра, у якім першая і перадапошняя дактылічныя стопы ўсечаны на адзін кароткі склад. У сілабатанічным вершаскладанні імітацыі Асклепіядава верша выключна рэдкія. У бел. паэзіі ўжыты толькі ў перакладзеным М.​Багдановічам «Помніку» Гарацыя.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКТО́ГРАФ (ад гекта... + ...граф),

простая друкавальная прылада для размножвання тэкстаў і ілюстрацый. Дзеянне заснавана на здольнасці застылай жэлаціна-гліцэрынавай масы ўспрымаць спец. (гектаграфскае) чарніла, якім выконваюцца тэксты і ілюстрацыі, а потым перадаваць іх (пры прыцісканні) на лісты паперы. На гектографе можна атрымаць да 100 адбіткаў. Вынайдзены рус. вынаходнікам М.​І.​Алісавым у 1869.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖА́ЙСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (21.3.1825, г. Котка, Фінляндыя — 1.4.1890),

расійскі вынаходнік у галіне лятальных апаратаў, цяжэйшых за паветра. Контр-адмірал (1886). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1841). У 1881 атрымаў прывілей на вынайдзены ім «паветралятальны снарад» (самалёт манаплан). У 1882 пабудаваны лятальны апарат з 2 паравымі машынамі, аднак самастойны палёт на ім зрабіць не ўдалося.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКЛАНШЭ́ ЭЛЕМЕ́НТ,

першасны гальванічны элемент, у якім дадатны электрод зроблены з дыаксіду марганцу (з дабаўкай графіту і сажы), адмоўны — з цынку, а электралітам служыць водны раствор хларыду амонію або іншых хларыдаў (калію, магнію, кальцыю). Пачатковае напружанне 1,4—1,6 В. Л.э. — найб. зручныя хімічныя крыніцы току, выкарыстоўваюцца ў электронных гадзінніках, радыёапаратуры, цацках і інш. Вынайдзены ў 1865 франц. вучоным Ж.​Лекланшэ.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕЙДАСКО́П (ад грэч. kalos прыгожы + eidos выгляд + ...скоп),

трубка з аднолькавымі люстранымі пласцінкамі, замацаванымі пад вуглом 60°, і кавалачкамі каляровага шкла. Пры вярчэнні трубкі кавалачкі перакочваюцца і ўтвараюць каляровыя фігуры, адбіццё якіх у люстэрках стварае каляровы ўзор з трохпрамянёвай сіметрыяй, які паўтараецца яшчэ 3 разы па краях поля зроку. Вынайдзены Д.Брустэрам у 1817; пазней стаў цацкай. У пераносным сэнсе — хуткая змена падзей, асоб і інш.

т. 7, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)