РАСПУ́ЦІН (сапр. Новых) Рыгор Яфімавіч
(1864?, 1865? ці 1872, с. Пакроўскае Яркоўскага р-на Цюменскай вобл., Расія — 30.12.1916),
фаварыт рас. імператара Мікалая II і імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Сібірскі селянін, мянушку Р. атрымаў за разгульнае жыццё. У 1904—05 набыў папулярнасць у вышэйшых колах пецярб. арыстакратыі, з 1907 пры царскім двары як «празорлівец» і цудоўны лекар-«збавіцель». Р. абяцаў малітвамі вылечыць хворага на гемафілію царэвіча Аляксея і паслаць «боскую ласку» на дзярж. справы цара. Меў неабмежаваны ўплыў на царскую сям’ю, за хабар аказваў «пратэкцыі». Паводле яго парад прызначаліся і змяняліся вышэйшыя асобы дзярж. і царк. кіравання. «Распуціншчына» моцна падарвала прэстыж самадзяржаўя напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917. Р. забіты змоўшчыкамі-манархістамі Ф.Ф.Юсупавым, У.М.Пурышкевічам і вял. кн. Дзмітрыем Паўлавічам.
Літ.:
Пуришкевич В.М. Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990;
Труайя А. Распутин: Пер. с фр. Ростов н/Д., 1997.
т. 13, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВІЯ́НТНЫЯ ПАВО́ДЗІНЫ,
паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм. Асн. іх віды: злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці, асаблівасцямі характару, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, яго эмацыянальна-валявой дзейнасці і інш. фактарамі. Італьян. псіхіятр Ч.Ламброза лічыў «крымінальны тып» своеасаблівым «вынікам» дэградацыі на больш ранніх стадыях чалавечай эвалюцыі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і прыхільнікі яго канцэпцыі сцвярджалі, што распаўсюджванню Д.п. садзейнічаюць сац.-эканам. і паліт. нестабільнасць, рэзкія змены ў грамадскім жыцці, сац. канфлікты, стрэсы і інш. Паводле тэорый анаміі і сацыялізацыі, праявы Д.п. узрастаюць, калі сацыяльна дапушчальныя сродкі дасягнення грамадскіх і індывід. мэт выконваюцца не ўсімі людзьмі або калі іх уваходжанне ў сац. жыццё адбываецца ў абставінах цярпімых адносін грамадства да амаральных учынкаў, насілля. У 1960-я г. атрымала пашырэнне канцэпцыя стыгматызацыі, паводле якой Д.п. — заканамерны вынік своеасаблівага «наклейвання» на чалавека ярлыкоў накшталт «алкаголік», «наркаман», «прастытутка» і імкнення сацыяльна ізаляваць, прыцягнуць да адказнасці, выправіць ці вылечыць такіх людзей. Існуюць канцэпцыі, у якіх сцвярджаецца, што Д.п. абумоўлены асаблівасцямі будовы чалавечага цела, анамаліямі палавых храмасом.
Э.С.Дубянецкі.
т. 6, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)