Выключальнік 2/18; 3/189

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКЛЮЧА́ЛЬНІК электрычны,

апарат для ўключэння і выключэння эл. прыстасаванняў і абсталявання: свяцільнікаў, рухавікоў, трансфарматараў, ліній электраперадачы і інш. Бываюць нізкага (да 1 кВ) і высокага (больш як 1 кВ) напружання. Складаюцца з кантактнай сістэмы (рухомых і нерухомых кантактаў), прывода (ручнога, спружыннага, электрамагнітнага, пнеўматычнага) і далучальных вывадаў.

Выключальнікі нізкага напружання падзяляюцца на бытавыя (з ручным, часам аўтам. кіраваннем) і прамысловыя (адна-, двух- і трохполюсныя; маюць ахову ад перагрузак, часам ад паніжэння напружання). Да прамысл. выключальнікаў адносяцца рубільнікі, кантактары, магнітныя пускальнікі, пакетныя выключальнікі і інш. Выключальнікі высокага напружання ў залежнасці ад спосабу гашэння дугі, што ўзнікае пры разрыве кантактаў, падзяляюцца на масляныя (дуга гасіцца ў мінер. масле), паветраныя (моцна сціснутым паветрам), вакуумныя (у высокім, да 1—0,1 мПа, вакууме), аўтагазавыя (газамі, што ўтвараюцца пад уздзеяннем дугі з газагенеравальных матэрыялаў — фібры, арган. шкла і інш.), электрамагнітныя (магнітным выдзіманнем у дугагасільным прыстасаванні), элегазавыя (у атмасферы гексафтарыду серы — элегазу). Асн. параметры выключальнікаў: намінальныя напружанне (да 750 кВ і вышэй) і ток (да 12 кА і вышэй), ток адключэння (да некалькіх соцень кілаампераў), час адключэння (да 0,3 с).

У.​М.​Сацута.

Масляны выключальнік на 110 кВ.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКЕ́ТНЫ ВЫКЛЮЧА́ЛЬНІК,

электрычны выключальнік, які служыць для адначасовага ручнога пераключэння некалькіх ланцугоў нізкага напружання. Складаецца з групы кантактаў і механізма, што перамяшчае кантакты і фіксуе іх у пэўным становішчы. Выпускаецца на сілу току да 400 А, напружанне да 660 В.

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКЛЮЧА́ЛЬНІК электрычны,

апарат (прыстасаванне) для камутацыі эл. ланцугоў. Найб. просты П. — рубільнік, універсальны — пакетны выключальнік. У эл. сілавых устаноўках, сістэмах дыстанцыйнага і аўтам. кіравання, у радыёапаратуры выкарыстоўваюцца эл. выключальнікі, кантактары, кантролеры, камандакантролеры, тумблеры, рэле; у ланцугах сувязі — тэлефонныя і тэлеграфныя камутатары, шагавыя шукальнікі і інш. Пашыраны бескантактныя П.: транзістарныя, дыёдныя, тырыстарныя, пераключальныя матрыцы і інш.

т. 12, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАНАПРУ́ЖАННЕ ў электратэхніцы,

павышэнне напружання электрычнага да значэнняў, небяспечных для электраізаляцыі эл. установак. Бывае ўнутранае (камутацыйнае) і вонкавае (атмасфернае).

Унутраныя П. ўзнікаюць пры рэзкіх зменах работы электраўстановак — выключэнні індуктыўнасцей (напр., ненагружаных трансфарматараў), ёмістасцей (ненагружаных ЛЭП), пры інш. камутацыях, а таксама пры кароткіх замыканнях, рэзанансах эл. сетак і інш. Павышэнне напружання, якое можа дасягаць 3—7 значэнняў фазнага напружання, абумоўлена вызваленнем эл.-магн. ці электрастатычнай энергіі, назапашанай у рэактыўных элементах ланцуга. Памяншаецца ўнутр. П. з дапамогай хуткадзейных эл. выключальнікаў, ва ўстаноўках з ізаляванай нейтраллю — зазямленнем нейтралі праз дугагасільную шпулю індуктыўнасці. Вонкавыя П. выклікаюцца разрадамі маланкі ў токаправодныя часткі або побач з імі ў зямлю (наведзенае П). Ад прамога ўдару П. можа дасягаць мільёнаў вольт, індуктаванае — 400—500 кВ. Ад атмасферных П. эл. ўстаноўкі ахоўваюцца разраднікамі (зніжаюць амплітуду хвалі), маланкаадводамі, ахоўнымі тросамі і інш сродкамі маланкааховы.

Схема аховы ад атмасферных перанапружанняў трансфарматарнай падстанцыі: Т — трансфарматар; ВМ — выключальнік маслены; ХП — хваля перанапружання; РВ — разраднік вентыльны; РТ1, РТ2 — разраднікі трубчастыя; Ш — шыны падстанцыі.

т. 12, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)