ВЫКАНА́ЎЧЫЯ ДАКУМЕ́НТЫ,

дакументы, на падставе якіх ажыццяўляецца прымусовае выкананне пастаноў судовых, арбітражных і некаторых інш. органаў. Паводле выканаўчага вядзення Рэспублікі Беларусь выканаўчымі дакументамі з’яўляюцца: выканаўчыя лісты; выканаўчыя надпісы, загады гасп. судоў і органаў арбітражу; надпісы старшыні Марской арбітражнай камісіі аб набыцці рашэннем законнай сілы; неаплачаныя ў тэрмін плацежныя патрабаванні, акцэптаваныя плацельшчыкамі; пасведчанні, якія выдаюцца па прац. спрэчках камітэтамі прафсаюзаў на падставе рашэнняў камісій па прац. спрэчках, або пастановы і пасведчанні гэтых камітэтаў; пастановы адм. органаў і камісій па справах непаўналетніх аб правядзенні спагнанняў з грамадзян; рашэнні выканкомаў мясц. Саветаў аб спагнаннях з юрыд. асоб за патравы пасеваў і пашкоджанне насаджэнняў і інш. Парадак афармлення і тэрміны прад’яўлення выканаўчых дакументаў да выканання рэгламентаваны цывільным працэсуальным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫЯ і РАСПАРА́ДЧЫЯ О́РГАНЫ дзяржаўнага кіравання.

Ажыццяўляюць практычную рэалізацыю законаў і арганізацыю грамадскіх адносін з мэтаю забеспячэння дзярж. інтарэсаў пэўнага грамадскага і паліт. ладу. У Рэспубліцы Беларусь вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам з’яўляецца Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь на чале з Прэм’ер-міністрам. Асн. звяном сістэмы выканаўчых і распарадчых органаў з’яўляюцца выканаўчыя камітэты мясц. Саветаў дэпутатаў розных узроўняў. Яны валодаюць агульнай кампетэнцыяй у сферы дзярж. кіравання адпаведнага ўзроўню, арганізуюць і кантралююць выкананне актаў мясц. Саветаў і вышэйстаячых органаў дзярж. улады і кіравання, распрацоўваюць і падаюць на разгляд у Саветы бягучыя і перспектыўныя планы эканам. і сац. развіцця, бюджэт, прымаюць меры па іх рэалізацыі, вядуць неабходную распарадчую дзейнасць, уключаючы выданне падзаконных нарматыўна-прававых актаў, ажыццяўляюць інш. паўнамоцтвы, прадугледжаныя заканадаўствам, указамі Прэзідэнта. Гл. таксама Мясцовае кіраванне і самакіраванне.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВЫЯ О́РГАНЫ ДЗЯРЖА́ЎНАГА КІРАВА́ННЯ,

гл. ў арт. Мясцовае кіраванне і самакіраванне, а таксама Выканаўчы камітэт, Выканаўчыя і распарадчыя органы.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧАЕ ВЯДЗЕ́ННЕ,

заключная стадыя цывільнага працэсу, у якой прымусова ажыццяўляюцца правы, пацверджаныя рашэннем суда. У Рэспубліцы Беларусь у парадку для выканання суд. рашэнняў выконваюцца таксама пастановы і рашэнні гасп. і трацейскіх судоў, выканаўчыя надпісы натарыяльных органаў і інш. Выканаўчае вядзенне ажыццяўляе судовы выканаўца.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТАКРА́ТЫЯ,

1) палітычны лад, пры якім вярхоўная паліт. і заканадаўчая ўлада, выканаўчыя органы і кіраванне гаспадаркай належаць і падпарадкоўваюцца адзінай партыі, якую, як лічыцца, падтрымлівае ўвесь народ.

2) Вузкі слой парт. бюракратыі, якая фактычна сканцэнтроўвае ў сваіх руках уладу ў партыі і ў краіне.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫ МЕХАНІ́ЗМ,

1) механізм, які непасрэдна выконвае зададзеную тэхнал. аперацыю. Прадвызначае мэтавае прызначэнне рабочай машыны.

2) Прыстасаванне аўтам. сістэмы рэгулявання, якое ажыццяўляе ў адпаведнасці з пададзенымі на яго ўваход сігналамі мех. ўздзеянне на аб’ект рэгулявання. Звычайна складаецца з рухавіка, перадачы (механічнай, гідраўлічнай, пнеўматычнай, электрычнай), элементаў кіравання, кантролю, сігналізацыі, блакіроўкі і адваротнай сувязі. Паводле віду энергіі, якая выкарыстоўваецца, адрозніваюць выканаўчыя механізмы гідраўлічныя, пнеўматычныя, электрычныя і камбінаваныя.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ прадпрыемстваў,

добраахвотнае аб’яднанне самастойных прадпрыемстваў дзеля сумеснага ажыццяўлення некаторых функцый гасп. дзейнасці і сац. развіцця на аснове аб’яднання сваіх сродкаў. Членамі асацыяцыі могуць быць прадпрыемствы розных формаў уласнасці. Яны захоўваюць гасп. самастойнасць, права юрыд. асобы і не мяняюць формы ўласнасці. Для кіравання асацыяцыяй ствараюцца выканаўчыя органы і апарат. Звычайна асацыяцыя не з’яўляецца вышэйстаячым органам да прадпрыемстваў-членаў, а выконвае тыя функцыі і паўнамоцтвы, якія ёй перадаюць гэтыя прадпрыемствы.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВАЕ КІРАВА́ННЕ І САМАКІРАВА́ННЕ,

кіраванне справамі мясц. значэння, якое ажыццяўляецца органамі і службовымі асобамі, прызначанымі цэнтр. і інш. вышэйстаячымі органамі і падпарадкаваныя ім, а таксама выканаўчымі органамі, якія выбіраюцца насельніцтвам, і органамі мясц. самакіравання. У Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, мясц. рэферэндумы, сходы і інш. формы прамога ўдзелу ў дзярж. і грамадскіх справах. Кампетэнцыя, парадак стварэння і дзейнасці органаў вызначаюцца заканадаўствам.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 11, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭГА́ТНАЯ УНІФІКАВА́НАЯ СІСТЭ́МА (АУС),

тэхнічная сістэма са стандартнымі блокамі кіравання вытворчымі працэсамі. Уваходныя і выхадныя параметры блокаў уніфікаваныя, таму ў схемах аўтаматыкі яны могуць выкарыстоўвацца ў розных спалучэннях і колькасцях. Гэта дазваляе збіраць розныя па прызначэнні сістэмы аўтам. кіравання і кантролю.

У залежнасці ад віду энергіі для перадачы сігналаў АУС падзяляюцца на электрычныя, пнеўматычныя, гідраўлічныя і камбінаваныя. Найб. пашыраны пнеўматычныя, у якія ўваходзяць блокі вымярэння, рэгулявання, суматары, задатчыкі, функцыянальныя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, блокі для выканання лагічных аперацый, сігнальныя прыстасаванні, прыборы кантролю, выканаўчыя механізмы і інш. АУС выкарыстоўваюцца пры аўтаматызацыі вытв-сці ў розных галінах прам-сці.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКАЯ МЕДЫЦЫ́НА,

сістэма мед. абслугоўвання сельскага насельніцтва ў Расіі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Упершыню рэалізавала новую форму арганізацыі мед. дапамогі — тэр. ўчасткавасць. Разам з земскімі ўрачэбнымі ўчасткамі фарміраваліся земскія пав. і губ. бальніцы. Адкрываліся сельскія бальніцы і прыёмныя пакоі, у кожным павеце быў раз’язны ўрач, З павітухі, 7—9 фельчараў. На Беларусі ўведзена пасля стварэння земстваў (1911). У 1913 былі 164 сельскія ўрачэбныя ўчасткі, у якіх працавалі 844 земскія ўрачы. У 1917 уведзены пасады губ. і пав. земскіх сан. урачоў, ствараліся сан. земскія выканаўчыя камісіі, сан. папячыцельствы, мед.-статыст. бюро. Перастала існаваць пасля 1917.

т. 7, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)