полымная плавільная печ, у якой цеплыня перадаецца матэрыялу ад газападобных прадуктаў згарання паліва і выпрамянення ўнутранай паверхні гарачай вогнетрывалай абмуроўкі.
У бесперапынных адбівальных печах загрузка шыхты і выгрузка гатовых прадуктаў плаўкі ідуць на працягу ўсяго працэсу работы печы (напр., у вытв-сці шкла, пры рафінаванні свінцу). У садачных адбівальных печах шыхта загружаецца перыядычна, па заканчэнні працэсу ўся плаўка выгружаецца з печы (напр., выплаўка сталі ў мартэнаўскіх печах). Выкарыстоўваецца ў чорнай і каляровай металургіі, вытв-сці шкла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па бетанаванні маналітных бетонных і жалезабетонных канструкцый і збудаванняў. Уключаюць падрыхтоўку бетоннай сумесі, яе транспартаванне на буд. пляцоўку, укладку (звычайна ў апалубку), ушчыльненне, нагляд за бетонам пры яго цвярдзенні, кантроль якасці бетанавання.
Рыхтуюць бетонную сумесь на спец. устаноўках ці бетонных з-дах з дапамогай бетоназмяшальнікаў і дастаўляюць да месцаў укладкі спец.бетанавозамі, аўтамабілямі-самазваламі, канвеерным, помпавым і кранавым транспартам. Укладваюць сумесь у блокі бетанавання і разраўноўваюць пры дапамозе бетонаўкладчыкаў, бетанапомпаў, эстакад (з праходжаннем сумесі па вібраправодах), стужачных транспарцёраў, пнеўманагнятальнікаў, латакоў, вібражалабоў, вібрахобатаў і інш. Ушчыльняюць сумесь вібрыраваннем (гл.Вібраўшчыльненне бетону), цэнтрыфугаваннем, прасаваннем, вакуумаваннем. Выкарыстоўваюць таксама метад таркрэт-бетону, пры якім па адным гнуткім шлангу сціснутым паветрам падаюцца сухія кампаненты сумесі, а па другім — вада пад ціскам; бетонная сумесь са змяшальніка выкідваецца на паверхню, паслойна накладваецца і ўшчыльняецца пад напорам струменя. У пачатку цвярдзення бетону яго засцерагаюць ад мех. пашкоджанняў і страсенняў, падтрымліваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Пры выкананні бетонных работ зімой выкарыстоўваюць супрацьмарозныя дабаўкі, падаграюць сумесь (пры прыгатаванні ці перад укладкай) і ўкладзены бетон.
Бетонныя работы: а — выгрузка бетоннай сумесі аўтамабілямі-самазваламі; б — бетанаванне з эстакад; в — укладка сумесі пад’ёмнымі кранамі; г — утоптванне буйнога запаўняльніка ў раствор цяжкім вібратарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЯЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для выдалення камянёў пры ачыстцы с.-г. угоддзяў, буд-ве дарог, гідратэхн. збудаванняў і інш. Бываюць прычапныя і паўпрычапныя. навясныя і паўнавясныя, цыклічнага і бесперапыннага дзеяння.
Буйныя і сярэдняга памеру камяні выдаляюць карчавальнікамі, карчавальнікамі-збіральнікамі, машынамі са сківічным захопам, бульдозерамі, валуны — ланцуговымі або тросавымі прыстасаваннямі. Камяні сярэдніх памераў і часткова дробныя ўбіраюць паўпрычапной аднавосевай машынай з грабеньчатым рабочым органам (агрэгатуецца з трактарам «Беларусь»), Збіранне камянёў робяць прачэсваннем верхняга слоя глебы. Паднятыя грэбенем камяні скідваюцца ў бункер, а потым у прычэп ці на пляцоўку складзіравання. Дробныя камяні (дыям. да 30 см) выбіраюць машынамі з грабеньчатымі, ротарнымі, барабаннымі, элеватарнымі, грохатнымі, дыскавымі і камбінаванымі рабочымі органамі. Ёсць таксама К.м. для адначасовай уборкі і драблення камянёў. Камяні ў трансп. сродкі грузяць каўшовымі, грэйфернымі і інш. пагрузчыкамі, з поля вывозяць рознымі прычэпамі-самазваламі, лыжамі-самазваламі і інш.
І.І.Леановіч.
(Каменяўборачныя машыны: а — навясная з пярэднім сківічным захопам (1 — трактар, 2 — зубы, 3 — верхнія захопы, 4 — гідрацыліндры, 5 — заднія зубы); 6 — прычапная (1 — гідрасістэма павароту бункера, 2, 3 — хадавыя колы, 4 — грэбень; I — збіранне камянёў, II — пагрузка іх у бункер, III — выгрузка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ, лесапілаванне,
вытворчасць дрэваапрацоўчай прамысловасці па вырабе піламатэрыялаў (дошкі, брусы, шпалы) з бярвён. Дадатковая прадукцыя — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Перапрацоўка бярвён ажыццяўляецца на лесапільных з-дах, якія ўключаюць лесапільныя, сушыльныя, дапаможныя цэхі, склады сыравіны і піламатэрыялаў. На складах праводзіцца выгрузка бярвён, сартаванне, укладка ў штабелі для зімовага захоўвання, акорванне і падача ў лесапільны цэх для распілоўкі. На гэтых работах выкарыстоўваюцца крану (кабельныя, казловыя, вежавыя), ланцуговыя і тросавыя транспарцёры, лябёдкі, бярвёнацягалкі і інш. У лесапільным цэху падоўжнае распілоўванне бярвён і брусоў робяць на стужка- і круглапільных станках, лесапільных рамах. Кавалкавыя адходы перапрацоўваюць на тэхнал. трэскі рубільнымі машынамі. Піламатэрыялы сартуюць, укладваюць у пакеты і адвозяць на склад для атм. сушкі або ў сушыльны цэх для камернай сушкі. Таварныя піламатэрыялы канчаткова сартуюць, тарцуюць, укладваюць у шчыльныя трансп. пакеты і адгружаюць спажыўцу. Выхад піламатэрыялаў з бярвён складае ў сярэднім 60—65%. На Беларусі Л.в. развіта вельмі шырока: на буйных прадпрыемствах канцэрна «Беллеспаперапрам», на большасці прадпрыемстваў як дапаможныя лесапільныя цэхі, у калгасах, саўгасах і інш. гаспадарках. 24 лесапільныя прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» вырабілі 467,8 тыс.м³ піламатэрыялаў (1998), у т. л. «Мастоўдрэў» 56,4 тыс., «Мазырдрэў» 49,5 тыс., «Фандок» 48,1 тыс., «Лунінецлес» 46,6 тыс., «Віцебскдрэў» 34,5 тыс., «Гомельдрэў» 32,2 тыс., «Пінскдрэў» 27 тыс., «Івацэвічдрэў» 22,8 тыс., «Магілёўлес» 28,8 тыс., «Магілёўдрэў» 20,1 тыс.м³ і інш.
Н.Ю.Пабірушка, П.І.Кавалёнак.
Да арт.Лесапільная вытворчасць. Лесапільны цэх у вытворчым аб’яднанні «Гомельдрэў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ (ад гідра... + механізацыя),
спосаб механізацыі земляных, горных і інш. работ, пры якім асн.тэхнал. працэсы выконваюцца за кошт энергіі патоку вады. Асн. сродкі гідрамеханізацыі — гідраманіторы, землясосныя снарады, землечарпальныя снарады, гідраэлеватары, эрліфты, помпы (у т. л. грунтавыя), загрузачныя апараты, трубаправоды і інш. абсталяванне для транспартавання пульпы (гл.Гідраўлічны транспарт).
Гідрамеханізацыя прадугледжвае: разбурэнне грунту (горнай пароды) струменем вады або мех. рыхліцелямі з утварэннем воднай сумесі (пульпы); транспартаванне сумесі самацёкам (па латаках, жалабах, каналах) або пад напорам (па трубах) да месца ўкладкі; укладку грунту ў цела збудавання або адвалы з выдаленнем (адводам) вады. Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца ў горнай прам-сці (пры здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам і вугалю — падземным; гл.Гідраўлічная здабыча), пры буд-ве гідратэхн. збудаванняў (плацін, дамбаў, насыпаў, перамычак), у сельскай гаспадарцы (намыў урадлівых глеяў, торфу, сапрапеляў на прылеглыя да вадаёмаў малапрадукцыйныя землі; пры меліярацыі вадаёмаў, ачыстцы сажалак і каналаў ад наносаў, рэкультывацыі, планіроўцы зямель і інш.), у рыбнай прам-сці (выгрузка рыбы з сетак і транспартаванне яе па трубах). Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца таксама для распрацоўкі пяску і жвіру ў кар’ерах, пры дапаможных работах (гідрапопелавыдаленне і інш.). Спосабам гідрамеханізацыі пабудаваны самая высокая (80 м) намыўная плаціна Мінгечаурскай ГЭС (Азербайджан), найб. працяглыя (55 км) намыўныя плаціны і дамбы Кіеўскай ГЭС. На Беларусі гідрамеханізацыі выкарыстоўваюцца для паглыблення рэчышчаў рэк (напр., р. Свіслач у Мінску), азёр і каналаў, павышэння гар. тэрыторый для забудовы і інш.
Літ.:
Шкундин Б.М. Гидромеханизация в энергетическом строительстве. М., 1986;
Харин А.И. Гидромеханизация в мелиоративном строительстве. М., 1982;
Глевицкий В.И. Гидромеханизация в транспортном строительстве. М., 1988.