Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КАЗу логіцы.
спосаб абгрунтавання (вызначэння) ісціннасці выказвання, меркавання, тэорыі з дапамогай лагічных вывадаў і практычных сродкаў (назіранне, эксперымент). Д. не стварае ісціннасці выказвання, яна аб’ектыўная і выяўляецца з дапамогай Д. У лагічнай структуры Д. вызначаюць: тэзіс — сцвярджэнне, якое трэба даказаць, аснову (аргументы) — сцвярджэнні, з дапамогай якіх даказваецца тэзіс, і дэманстрацыю — выснову ці ланцуг высноў, з дапамогай якіх тэзіс выводзіцца з аргументаў. Паводле спосабу вядзення Д. падзяляюць на прамыя і ўскосныя. а па форме вывадаў — на дэдуктыўныя і індуктыўныя. У прамым Д. тэзіс лагічна выцякае з асновы, ва ўскосным — даказваецца памылковасць антытэзіса (суджэння, што супярэчыць тэзісу) і па выключанага трэцяга прынцыпу тэзіс прымаецца ў якасці ісціннага. Пры Д. тэзіса ці антытэзіса абавязкова трэба прытрымлівацца правіла Д., а каб Д. быў паспяховым, неабходна прытрымлівацца правіл, што прад’яўляюцца да тэзіса і аргументаў. Але не ўсе выказванні падлягаюць Д. Са стараж. часоў Д. быў у цэнтры ўвагі логікаў і філосафаў, ён выкарыстоўваецца ва ўсіх навуках і ў паўсядзённых зносінах людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ЎНЫ АНА́ЛІЗу матэматычнай статыстыцы,
метад рашэння статыстычных задач, пры якім неабходная колькасць назіранняў (аб’ём выбаркі) вызначаецца ў працэсе эксперыменту па яго выніках. Адна з пераваг — у многіх выпадках для атрымання абгрунтаваных вывадаў можна абмежавацца значна меншым аб’ёмам выбаркі, чым у метадах з загадзя вызначаным яе аб’ёмам. Вызначэнне неабходнай колькасці эксперыментаў — адна з задач планавання эксперыменту. П.а. выкарыстоўваецца ў статыст. радыёлакацыі, паслядоўным кантролі вытв-сці, выпрабаваннях вырабаў на даўгавечнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕССВЯДО́МАСЦЬ,
стан асобы, пры якім з-за хранічнай душэўнай хваробы ці часовага расстройства душэўнай дзейнасці яна не здольная ўсведамляць свае ўчынкі і кіраваць імі; акалічнасць, якая выключае злачыннасць дзеяння і крымін. адказнасць за яго. Для вырашэння пытання пра бессвядомасць назначаецца судова-псіхіятрычная экспертыза, на падставе вывадаў якой следчыя органы або суд канстатуюць псіхічны стан асобы пры ўчыненні пэўнага грамадска небяспечнага дзеяння. Да асобы, якая пры гэтых абставінах знаходзілася ў стане бессвядомасці, суд можа ўжыць прымусовыя меры мед. характару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНЫЯ РАСКО́ПКІ,
даследаванне археалагічных помнікаў пры дапамозе раскопвання культурнага пласта ў адпаведнасці з прынятай методыкай; раздзел палявой археалогіі. Праводзяцца толькі з дазволу адпаведных дзярж. устаноў спецыялістамі-археолагамі дзеля далейшага даследавання і гіст.вывадаў. Ажыццяўляюцца пасля археалагічнай разведкі. Культурны пласт помнікаў выбіраецца гарыз. пластамі таўшчынёй ад 5 да 20 см і перабіраецца рукамі (або прамываецца вадой), каб выявіць усе, нават дробныя рэчы. Пасля даследаванняў раскоп закопваецца, участак рэкультывуецца, некат. тыпы помнікаў (гарадзішчы, курганы) звычайна ўзнаўляюцца.
Археалагічныя раскопкі Віцебскага Верхняга замка. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФІ́СТЫКА,
1) кірунак у стараж.-грэч. філасофіі, створаны сафістамі ў сярэдзіне 5 ст. да н.э. 2) Абгрунтаванне пэўных сцвярджэнняў пры дапамозе меркаванняў (вывадаў, доказаў), фармальна правільных, а па змесце несапраўдных (гл.Сафізм). Вызначаецца абсалютызацыяй адноснасці і супярэчлівасці працэсу пазнання. Арыстоцель лічыў С. ўяўнай, а не сапраўднай мудрасцю. Сафістычныя пабудовы характарызуюцца наўмысным выкарыстаннем лагічных памылак (падмена паняццяў, ужыванне мнагазначных тэрмінаў) з мэтай увядзення ў зман. С. з’яўляецца вынікам свядомага некарэктнага выкарыстання лагічных і семантычных правіл і аперацый і прыводзіць да страты мысленнем канкрэтнасці, акрэсленасці і суб’ектыўнага ўжывання «гібкасці паняццяў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́СТЫКА (ад грэч. logistikē мастацтва вылічаць, разважаць),
1) назва этапа ў развіцці матэматычнай логікі, прадстаўленага працамі Б.Расела і яго школы (гл.Лагіцызм). У антычнасці тэрмінам «Л.» называлі практычныя аперацыі вылічэнняў і вымярэнняў у арыфметыцы ў процілегласць тэарэт. матэматыцы. У Г. Лейбніца — абазначэнне «вылічэння вывадаў» (calculus ratiocinator) 2) Сінонім ( у пэўнай ступені архаічны) тэрміна «матэм. логіка». У наш час тэрмін «Л.» выкарыстоўваюць для абазначэння матэм. логікі пры вырашэнні эканам. задач, аптымізацыі кіраўніцкіх функцый і інш. Вытворнымі ад «Л.» з’яўляюцца паняцці «лагістычны метад» (спосаб пабудовы фармалізаваных моў для розных раздзелаў логікі) і «лагістычная сістэма» (фармальная частка гэтых моў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДО́КС (ад грэч. paradoxos нечаканы, дзіўны),
з’ява, думка або выказванне, якое рэзка адрозніваецца ад агульнапрынятага ўяўлення. У форме П. могуць быць выказаны сапраўдныя і памылковыя думкі. Лагічны П. — разнавіднасць супярэчнасцей у сістэме лагічных доказаў, якія знешне выглядаюць правільнымі, але прыводзяць да ўзаемна супярэчлівых вывадаў. Семантычны П. абумоўлены неабмежаваным ужываннем некат. лінгвістычных і семантычных паняццяў, напр., «сапраўдны», «самаадносны» і інш. Семантычныя П. часам называюць сінтаксічнымі або эпістэмалагічнымі; яны вядомы з антычнасці, апісваліся логікамі сярэднявечча, згадваюцца ў рэліг. і маст. л-ры. П. ў філасофіі І.Кант называў антыноміямі або апарыямі, якія паўплывалі на развіццё навукі, садзейнічалі адасабленню матэматыкі ў вытлумачэнні яе лагічных асноў (гл.Мностваў тэорыя) і з’яўленню гегелеўскай дыялектыкі.