Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЧАЯ КАМІ́СІЯ,
калегіяльны орган у некаторых краінах СНД, які складаецца з прадстаўнікоў прац. калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт. партый, сходаў выбаршчыкаў і інш. У Рэспубліцы Беларусь выбарчыя камісіі ствараюцца для падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дэпутатаў у прадстаўнічыя органы дзярж. улады. Яны ажыццяўляюць кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах, ствараюць выбарчыя акругі і выбарчыя ўчасткі, забяспечваюць складанне спісаў выбаршчыкаў, назіраюць за дакладным выкананнем парадку галасавання, вызначаюць яго вынікі і інш. Ствараюцца Цэнтр., тэрытарыяльныя, акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, парадак іх дзеяння і кампетэнцыя вызначаюцца законам. Гл. таксама Выбарчая сістэма.
т. 4, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЧЫ ЎЧА́СТАК,
частка выбарчай акругі, дзе галасуе пэўная колькасць выбаршчыкаў. У Рэспубліцы Беларусь ствараюцца для выбараў прадстаўнічых органаў дзярж. улады і Прэзідэнта. На выбарчыя ўчасткі падзяляецца тэр. раёнаў, гарадоў, раёнаў у гарадах. Выбарчыя ўчасткі ствараюцца таксама ў вайсковых часцях, могуць быць створаны і ў санаторыях, дамах адпачынку, бальніцах і інш.
т. 4, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
трыба,
племя; тэрытарыальныя і выбарчыя акругі ў Старажытным Рыме.
т. 15, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЧАЯ АКРУ́ГА,
асноўнае звяно тэр. арг-цыі насельніцтва краіны для правядзення выбараў прадстаўнічых органаў улады, кіраўніка дзяржавы. Ад кожнай акругі выбіраецца ўстаноўленая законам колькасць дэпутатаў (норма прадстаўніцтва). Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь ад кожнай выбарчай акругі выбіраецца адзін дэпутат. Акругі ствараюцца Цэнтральнай і тэр. выбарчымі камісіямі па прадстаўленні адпаведных Саветаў з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў і з улікам адм.-тэр. падзелу. Тэр. выбарчай акругі захоўваецца нязменная на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў Савета. Выбарчыя акругі на Беларусі падзяляюцца на выбарчыя ўчасткі.
С.У.Скаруліс.
т. 4, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫ́Я ВЫ́БАРЫ,
выбары, калі грамадзяне непасрэдна выбіраюць дэпутатаў прадстаўнічага органа або кіраўніка дзяржавы, у адрозненне ад выбараў непрамых, калі гэтых асоб выбіраюць ніжэй стаячыя органы або выбарчыя калегіі. Гл. таксама Выбарчая сістэма.
т. 13, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БУ́РСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1902,
захопніцкая вайна Англіі супраць бурскіх рэспублік Паўд. Афрыкі Трансвааль і Аранжавая. Англія імкнулася захапіць землі, багатыя золатам і алмазамі, забяспечыць брыт. панаванне на вялізнай тэр. ад Каіра да Кейптаўна. Падставай да вайны з’явілася адмова прэзідэнта Трансвааля даць выбарчыя правы англ. каланістам. 11.10.1899 пачаліся ваен. дзеянні, на пачатку якіх буры атрымалі некалькі перамог. Аднак вял. перавага ў жывой сіле і тэхніцы дазволіла англічанам у 1900 акупіраваць рэспублікі. Буры разгарнулі партыз. барацьбу, але, не атрымаўшы чаканай дыпламат. дапамогі з боку Германіі, Францыі і Расіі, спынілі супраціўленне. Паводле мірнага дагавора 31.5.1902 Аранжавая і Трансвааль далучаны да Брыт. імперыі і сталі англ. калоніямі. У 1910 іх тэр. ўвайшлі ў англ. дамініён Паўднёва-Афрыканскі Саюз.
т. 1, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА,
парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што выставілі свае кандыдатуры ў прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з атрыманай імі колькасцю галасоў. Пры П.с.п. ствараюцца вял. выбарчыя акругі, у якіх кожная партыя выстаўляе свой спіс кандыдатаў, а выбаршчык падае голас за спіс адпаведнай партыі. Для вызначэння вынікаў галасавання ўстанаўліваецца мінімум галасоў, неабходных для атрымання аднаго дэпутацкага мандата. Размеркаванне мандатаў унутры спісу партыі ажыццяўляецца, як правіла, у адпаведнасці з тым парадкам, у якім кандыдаты размешчаны ў спісе. П.с.п. выкарыстоўваюць пры выбарах усяго парламента (Данія, Партугалія, Люксембург, Латвія) або толькі ніжняй палаты (Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Польшча, Бразілія), ці паловы саставу ніжняй палаты (ФРГ, Расія на выбарах 12.12.1993).
т. 13, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫЯ [лац. curia ад co(cum) з, разам + vir муж, мужчына],
1) у Стараж. Рыме з 8—6 ст. да н.э. аб’яднанне некалькіх родаў патрыцыяў. Звычайна было 30 К., па 10 у кожнай родавай трыбе (акрузе); паводле іх збіралі курыятныя нар. сходы (каміцыі). Кожная К. мела асобнае месца для сходаў і свае святыні. У часы рэспублікі (510/509—30 або 27 да н.э.) усе К. ўзначальваў вял. курыён, да галасавання ў каміцыях былі дапушчаны і плебеі.
2) У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы савет і суд пры феадале.
3) Сукупнасць устаноў, падпарадкаваных рым. папу (гл. Рымская курыя).
4) У шэрагу дзяржаў, у т. л. былой Рас. імперыі, асобыя разрады (выбарчыя К.), на якія падзяляліся выбаршчыкі паводле маёмасных, нац. і інш. адзнак.
т. 9, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)