БЕЛАРУ́СКІ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З ГРО́ДЗЕНШЧЫНЫ,

гл. Гродзенская цэнтральная беларуская вучыцельская рада.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ ХАЎРУ́С,

прафесіянальна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў у 1917—20. Створаны ў Мінску па ініцыятыве настаўнікаў — дэлегатаў з’езда бел. арг-цый і партый. Меў аддзяленні ў некаторых паветах і валасцях. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Меў на мэце згуртоўваць настаўнікаў і дзеячаў нар. адукацыі, якія лічылі неабходным весці навучанне на бел. мове не толькі ў школе, але і ў ВНУ. Аказваў матэрыяльную і маральную падтрымку настаўнікам, якія адкрывалі бел. школы. У 1918 прадстаўнікі хаўрусу ўваходзілі ў склад Рады БНР. У перыяд польскай акупацыі (1919—20) хаўрус процідзейнічаў спробам улад абмежаваць нац. правы беларусаў у галіне асветы.

С.С.Рудовіч.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПРАФЕСІЯНА́ЛЬНЫ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З.

Дзейнічаў у 1929—37 у Вільні. Засн. 9.5.1929 па ініцыятыве А.Луцкевіча, В.Грышкевіча (старшыня ўправы), Р.Астроўскага, А.Сакаловай-Лекант, Я.Шнаркевіч і інш. Ставіў за мэту абарону прафес. інтарэсаў настаўнікаў, удасканаленне іх пед. майстэрства, развіццё бел. культуры, падтрыманне бел. школьніцтва. Пашыраў дзейнасць на Віленскае, Навагрудскае, Палескае і Беластоцкае ваяводствы. Ладзіў навук.-пед. канферэнцыі, арганізоўваў лекцыі, канцэрты вучнёўскай самадзейнасці. Праводзіў зборы грашовых сродкаў для бедных вучняў бел. гімназіі. Скасаваны загадам віленскага ваяводы 20.8.1937.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З,

прафесійна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў у 1919 — сярэдзіне 1920-х г. Засн. 24.8.1919 у Вільні. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Прадстаўнік саюза В.Ластоўскі ўваходзіў у Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны. Змагаўся супраць закрыцця польск. ўладамі бел. школ на тэр. Зах. Беларусі, заклікаў настаўнікаў не пераходзіць на працу ў польск. школы і не наведваць польскія настаўніцкія курсы, парушальнікаў гэтай умовы закляйміў як «здраднікаў прафесіянальных, сялянства і ўсяго беларускага народа».

С.С.Рудовіч.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКАЯ РА́ДА, Беларускі вучыцельскі саюз Гродзеншчыны,

прафесійна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў. Дзейнічала ў Гродне ў ліп. 1919 — крас. 1920 ва ўмовах польск. акупацыі. Узначальвалі І.Антонаў, са жн. 1919 — Л.Дзекуць-Малей. Выступала за беларусізацыю нар. асветы, арганізацыю бел. школьніцтва ў Гродзенскай губ., паліт. і сац. абарону бел. настаўніцтва; супраць абмежавання польск. ўладамі бел. асветы і паланізацыі бел. школ. Накіроўвала на вучобу на бел. настаўніцкія курсы ў Вільню настаўнікаў Гродзеншчыны. Яе намаганнямі ў 1919 1-я бел. пач. школа ў Гродне пераўтворана ў прагімназію. Падтрымлівала сувязь з Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Цэнтр. бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, мясц. Грамадой беларускай моладзі ў Гродне, з інш. бел. настаўніцкімі саюзамі. Паўнамоцтвы перадала Беларускай школьнай радзе ў Гродне.

У.В.Ляхоўскі.

т. 5, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.

Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва «Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-ва бел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.

Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел. пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.

У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел. цэнтр. к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у тым ліку Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)