МА́РЛА ((Marlowe) Крыстафер) (6.2.1564, г. Кентэрберы, Вялікабрытанія — 30.5. 1593),

англійскі драматург; заснавальнік жанру «высокай трагедыі» эпохі Адраджэння. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1587). У сваёй творчасці спалучаў гуманіст. погляды і вучонасць з традыцыямі англ. нар. т-ра. Першая трагедыя «Тамерлан Вялікі» (паст. 1587—88) — драматызаваная біяграфія чалавека, надзеленага незвычайнай воляй. У п’есах «Мальтыйскі яўрэй» (паст. каля 1588) і «Трагічная гісторыя доктара Фауста» (паст. 1592) выступіў з сатырай на тагачаснае грамадства. Аўтар гіст. хронікі «Эдуард II» (паст. 1593), паэмы на міфалагічны сюжэт «Геро і Леандр», трагедыі «Парыжская разня» (абедзве не закончаны). Узбагаціў мову трагедыі інтанацыямі, вобразнасцю і фразеалогіяй лірычнай паэзіі.

Тв.:

Рус. пер.Соч. М., 1961.

Літ.:

Парфенов А.Т. Кристофер Марло. М., 1964.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВА́ГА І РО́ЗУМ,

суадносныя філасофскія паняцці, якія характарызуюць дыялектыку пазнавальнага працэсу і 2 узроўні мысліцельнай дзейнасці; адна з ключавых праблем дыялектычнай логікі. Вытокі вучэння аб Р. і р. у ант. філасофіі. Дэмакрыт адрозніваў «цёмныя» (неверагодныя) веды ад сапраўдных ведаў; Геракліт — «вучонасць» ад «мудрасці»; Платон падзяляў навакольны свет на бачны і розумаспасцігальны, а веды — на дакладныя і ненадзейныя. У сярэдневякоўі развага разглядалася як інструмент пазнання зямнога, канечнага, а розум як інструмент спасціжэння бясконцага і абсалютнага. Ідэяй трыумфу розуму прасякнута філасофія Адраджэння і Новага часу. Тэарэт. асновы праблем Р. і р. як 2 ступеняў мыслення распрацаваў І.​Кант. Развагу ён прадстаўляў як ніжэйшую ступень, функцыя якой сістэматызацыя і ўпарадкаванне матэрыялу пачуццёвасці; яна абмежавана ў сваіх магчымасцях і не здольная даць безумоўныя веды. Гэтую задачу павінен вырашыць розум як вышэйшая ступень пазнавальнай дзейнасці чалавека. Аднак і розум не ў стане яе выканаць, паколькі ў працэсе адшукання безумоўнага і абсалютнага ён сутыкаецца з невырашальнымі супярэчнасцямі — т.зв. антыноміямі. Г.​Гегель абсалютызаваў розум, прызнаваў за ім здольнасць разгарнуцца ў выглядзе канкрэтна-ўсеагульнага паняцця. Як ключавую праблему дыялектычнай логікі яе распрацоўвалі рас. даследчыкі Э.​В.​Ільянкоў, П.​В.​Капнін, В.​С.​Сцёпін, У.​І.​Шынкарук і інш. Базавым палажэннем з’яўляецца прызнанне 2 узаемазвязаных форм мыслення — разважлівай і разумовай. Розум звязваецца з аперыраваннем паняццямі, абстракцыямі і з даследаваннем існасці самога спасцігаючага мыслення. Ён выступае і як вышэйшая форма тэарэт. асваення рэчаіснасці. Развага таксама аперыруе абстракцыямі, але ў адпаведнасці з зададзенай схемай, яна надае мысленню сістэмнасць, пэўную строгасць.

Літ.:

Природа научного познания. Мн., 1979;

Ильенков Э.В. Диалектическая логика. 2 изд. М., 1984.

Т.​І.​Адула.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭСК’Ё ((Montesquieu) Шарль Луі) (18.1.1689, Лабрэд, каля г. Бардо, Францыя — 10.2.1755),

французскі філосафа-светнік, сацыёлаг, правазнаўца, пісьменнік. Чл. Ін-та Францыі (1727). Скончыў каталіцкі каледж (1705). Вывучаў права ў г. Бардо і Парыж. З 1714 саветнік, з 1716 віцэ-прэзідэнт парламента (суда) Бардо. З 1726 у Парыжы. У 1729—31 у Вялікабрытаніі. У творы «Пра дух законаў» (1747), зыходзячы з ант. паліт. тэорый, вылучаў 3 правільныя формы праўлення (дэмакратыя, арыстакратыя і манархія) і адну няправільную (дэспатыя). Найлепшым спосабам недапушчэння дэспатыі лічыў раздзяленне ўлад на заканадаўчую, выканаўчую, судовую, свабоднае функцыянаванне дэмакр. ін-таў грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Прынцыпы раздзялення ўлад і 3 відаў праўлення пакладзены ў аснову паліт. ўладкавання шэрагу краін Еўропы і ЗША, служаць важнай навук.-тэарэт. крыніцай для даследчыкаў і заканадаўцаў. Жорсткасці і бессэнсоўнасці дэспатызму проціпастаўляў сац. роўнасць грамадзян, паліт. плюралізм, свабоду слова і друку, забеспячэнне законнасці і асабістай бяспекі грамадзян. У дэмакратыі рухаючай сілай і ўмовай росквіту краіны абвяшчаў доблесць — павагу да законаў і любоў да Айчыны, адданасць кожнай асобы дэмакр. ідэалам і агульнадзярж. справе. Развіваў канцэпцыю функцыянальнай ролі рэлігіі, якая, на яго думку, паляпшае норавы падданых, змякчае дэспатызм і садзейнічае падтрыманню сац. парадку ў грамадстве. У рамане «Персідскія пісьмы» (1721) крытыкаваў норавы франц. грамадства, яго паказную «цывілізаванасць» і адарваную ад жыцця «вучонасць», прыгон з боку ўлады і царквы. У духу палітыка-прававой і гіст. канцэпцыі М. развівалі вучэнне аб формах сац.-эканам. і паліт. ладу, грамадзянскай супольнасці, пастаянным прагрэсе прававых норм і законапалажэнняў бел. мысліцелі-асветнікі К.​Вырвіч, Ф.​Карпінскі, М.​Карповіч, А.​Нарушэвіч, І.​Страйноўскі, М.​Чацкі і інш.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1955;

Персидские письма. Элиста, 1988.

Літ.:

Баскин М.П. Монтескье. 2 изд. М., 1975;

Азаркин Н.М. Монтескье. М., 1988.

С.​Ф.​Дубянецкі.

Ш.Мантэск’ё.

т. 10, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)