ВУ́СЦЕЙКА,

высокаспецыялізаванае ўтварэнне эпідэрмісу раслін. Складаецца з 2 замыкальных клетак і міжклетніка — вусцейкавай шчыліны, якая падзяляе іх і праз якую ажыццяўляецца газаабмен, неабходны для дыхання раслін, фотасінтэзу і транспірацыі. Ноччу, а таксама ўдзень пры недастатковым водазабеспячэнні шчыліна зачыняецца. Нярэдка да замыкальных клетак прылягаюць 2 ці некалькі калявусцейкавых (т.зв. пабочных), што адрозніваюцца ад асн. клетак эпідэрмісу памерамі і формай. Разам з замыкальнымі яны ўтвараюць т.зв. вусцейкавы апарат. Колькасць (ад некалькіх дзесяткаў да 300 і болей на 1 мм² паверхні ліста), выгляд і размеркаванне спецыфічныя для кожнага віду і служаць важнай таксанамічнай прыкметай.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЛЬ ((Mohl) Гуга) (8.4.1805, г. Штутгарт, Германія — 1.4.1872),

нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў цыталогіі раслін. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1854). Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1828). З 1832 праф. Бернскага, з 1835 — Цюбінгенскага ун-таў. Навук. працы па анатоміі і цыталогіі раслін. Апісаў утварэнне і будову вусцейка і эпідэрмісу, дзяленне клетак, будову многіх органаў раслін, назіраў утварэнне крухмалу ў хларафільных зернях. Даказаў клетачнае паходжанне сасудаў раслін. Прапанаваў класіфікацыю раслінных тканак. Увёў паняцце пратаплазмы.

т. 10, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)