ПРО́ПАЛІС (грэч. propolis), вуза, пчаліны клей,

смалістае араматычнае рэчыва, якое выпрацоўваецца пчоламі меданоснымі; сумесь смалістых выдзяленняў пупышак і кветак раслін і сакрэту залоз пчол. Пчолы ім паліруюць ячэйкі сотаў, заклейваюць шчыліны ў вуллі і інш. З аднаго вулля за сезон збіраюць 100—200 г П.

Сіропападобная цёмна-зялёная ці бурая маса, пры захоўванні цвярдзее, робіцца крохкай. Раствараецца ў арган. растваральніках. Змяшчае раслінныя смолы (да 55%), воск (да 30%), эфірныя алеі (да 15%), вугляводы, амінакіслоты, вітаміны і інш. кампаненты (больш за 150). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, ветэрынарыі, мае бактэрыцыдныя, антытаксічныя, процізапаленчыя, абязбольвальныя і стымулюючыя ўласцівасці.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ША Мікалай Васілевіч (н. 4.2.1952, в. Вайнілава Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эканомікі і кіравання. Канд. эканам. н. (1997). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1985). З 1973 на парт. і сав. рабоце. З 1980 дырэктар з-да «Біяпрадукт», з 1987 нам. старшыні Чэрвеньскага райвыканкома, у 1989—93 прэзідэнт Саюза кааператываў Беларусі. Заснавальнік Мінскага ін-та кіравання (з 1994 яго рэктар), заснавальнік і гал. рэдактар час. «Экономика. Управление. Право». Распрацаваў стратэгію кіравання інавацыямі ў сістэме вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Тв.:

Информатизация организационно-экономического управления негосударственным вузом на современном этапе развития высшего образования. Мн., 1996;

Управление высшим учебным заведением на примере частных вузов Республики Беларусь. Мн., 2000;

Финансовый менеджмент вуза. Мн., 2001;

Экономический механизм стратегического управления развитием высшего учебного заведения. Мн., 2001.

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)