О́СТРАВА (Ostrava), горад на ПнУ Чэхіі, на р. Одра (Одэр). Адм. ц. Паўн.-Мараўскай вобл. Каля 350 тыс. ж. (1999). Буйны прамысл. цэнтр і трансп. вузел. Аэрапорт. Цэнтр вугальна-металургічнага раёна, які развіваецца на базе Остраўска-Карвінскага кам.-вуг. басейна. Прам-сць: чорная металургія (2 металургічныя камбінаты), энергетыка, цяжкое машынабудаванне, коксахім. і хімічная. Здабыча кам. вугалю. Оперны т-р, філармонія. Арх. помнікі: касцёл св. Вацлава (13 ст.), рату ша (17 ст.).
т. 11, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУР (Ruhr),
Рурская вобласць, галоўная вугальна-металург. база Германіі, на тэр. зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, па абодвух берагах р. Рэйн (асн. ч. на правабярэжжы, у бас. рэк Рур, Эмшэр, Ліпе). Тэрытарыяльна супадае з Рурскім вугальным басейнам. Пл. 3,3 тыс. км². Нас. каля 6 млн. чал. (2000); сярэдняя шчыльн. каля 1800 чал. на 1 км² (макс. больш за 5000 чал.). Гарады Р. (Эсэн, Дортмунд, Дуйсбург, Вуперталь, Дзюсельдорф, Мюльгайм, Гельзенкірхен, Бохум і інш.) з’яўляюцца вял. прамысл. цэнтрамі і зліліся ў адзіную канурбацыю. У Р. сканцэнтраваны гал. чынам галіны цяжкай прам-сці, асабліва кам.-вуг. (здабываецца каля 85% кам. вугалю ў краіне, у т. л. ўвесь каксавальны), чорная металургія, цяжкае машынабудаванне, хім. і коксахім. прам-сць. У сувязі з хранічным крызісам гэтых галін многія шахты і прадпрыемствы закрываюцца. Традыц. галіны прам-сці часткова замяняюцца новымі для Р. галінамі — аўтабудаваннем, эл.-тэхн., нафтаперапр., швейнай. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Густая сетка чыгунак, аўтадарог, унутр. водных шляхоў; нафтаправоды з Ротэрдама і Вільгельмсгафена.
т. 13, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)