Воўна 1/61; 2/273; 3/168; 5/426; 11/400

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎНА,

валасяное покрыва авечак; сыравіна для вытв-сці шарсцяных тканін, трыкатажу і валеных вырабаў. Воўну падзяляюць на аднародную (тонкую і паўтонкую) і неаднародную (грубую і паўгрубую). Тонкая воўна — найб. каштоўная сыравіна, якая складаецца з пуховых валокнаў. Атрымліваюць яе ад танкарунных авечак. Паўтонкая воўна мае больш тоўстыя пуховыя або тонкія пераходныя валокны (воўна паўтанкарунных парод). Грубая і паўгрубая воўна складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці (воўна грубашэрсных і паўгрубашэрсных парод). Паўгрубую воўну выкарыстоўваюць пераважна ў дывановай прам-сці, грубая ідзе на выраб грубага сукна, валеных вырабаў. Гл. таксама Авечкагадоўля.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУНО́,

воўна авечкі, астрыжаная суцэльным пластом; таксама воўнавае покрыва авечкі перад стрыжкай. Складаецца з пучкоў (шпатэляў у танкарунных, пасмаў у грубашэрсных авечак), па якіх ацэньваюць якасць воўны (даўжыня, тонкасць, пакручастасць). Р. здымаецца ў танкарунных, паўтанкарунных, таксама пры веснавой стрыжцы ў грубашэрсных, паўгрубашэрсных парод авечак (іх асенняя і паяркавая воўна Р. не ўтварае, падзяляецца на асобныя кавалкі). Рунная воўна больш каштоўная за кускавую.

А.​А.​Козыр.

т. 13, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМПШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

паўтанкарунная, мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў 1-й пал. 19 ст. ў Вялікабрытаніі скрыжаваннем мясц. грубашэрсных і помесных цёмнагаловых авечак з саўтдаўнскімі. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША і інш. краінах. У СССР выкарыстаны пры вывядзенні горкаўскай і літоўскай чорнагаловай парод.

Авечкі вялікія, з шырокім тулавам, бязрогія, скараспелыя. Тулава светлае, галава цёмная. Жывая маса бараноў 100—110, матак 65—70 кг. Воўна 50—58-й якасці, даўж. 8—10 см, выкарыстоўваецца пераважна на выраб трыкатажу, асабліва каштоўная воўна ягнят.

Баран гемпшырскай пароды.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎТАНКАРУ́ННЫЯ АВЕ́ЧКІ,

пароды авечак з аднароднай паўтонкай воўнай, якая складаецца з грубых пуховых, тонкіх пераходных валокнаў, ці з іх сумесі. Асн. кірункі паўтанкаруннай авечкагадоўлі: мяса-воўнавы (гемпшырская парода, латвійская цёмнагаловая парода, куйбышаўская, літоўская, паўночнакаўказская парода, оксфардшыр, ромнімарш і інш.), воўна-мясны (грузінская і цыгайская пароды). Пароды П.а. значна адрозніваюцца паміж сабой паказчыкамі прадукцыйнасці і знешнім выглядам. Воўна П.а. выкарыстоўваецца для вытв-сці высакаякасных тканін, трыкатажу; аўчына — для вырабу футра пад выдру, нутрыю, марскога коціка і інш. На Беларусі гадуюць латвійскую цёмнагаловую пароду.

А.​А.​Козыр.

т. 12, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІВА́С (Sivas),

горад у Турцыі, у цэнтр. частцы Анатоліі. Адм. ц. аднайменнага іля. Вядомы да н.э. Стараж. назвы — Кабіра, Дыяспаліс, Себастыя. Каля 250 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (вагонабудаванне), металаапр., цэм., дрэваапр., харч., тэкстыльная. Дыванаткацтва. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (збожжа, буйн. раг. жывёла і авечкі, воўна). Ун-т. Арх. помнікі 11—14 ст. (медрэсэ, мячэці).

т. 14, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІКАНЕ́Р,

горад на ПнЗ Індыі, у штаце Раджастхан. Засн. ў 1488. 415 тыс. ж. (1990). Чыг. і аўтамаб. вузел. Гандл. цэнтр (воўна, скуры, соль, збожжа) раёна арашальнага земляробства ў пустыні Тар. Хім. прам-сць; эл.-тэхн. і мех. прадпрыемствы, выраб шкла і керамікі. Саматужны выраб дываноў, шарсцяных хустак, пледаў, коўдраў, маст. вырабаў з слановай косці і каштоўнай драўніны. У наваколлі здабыча фасфарытаў, азбесту, гіпсу.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТО́Е РУНО́,

у грэчаскай міфалогіі залатая воўна барана. Паводле міфаў, Нефела, жонка цара Фіваў Афаманта, атрымала барана ад Гермеса і аддала сваім дзецям Фрыксу і Геле. На спіне гэтага барана Фрыкс прыбыў (Гела па дарозе загінула) да цара Ээта ў Калхіду, дзе ахвяраваў жывёлу Зеўсу, а скуру барана павесіў у гаі Арэса. Потым З.р., якое ахоўваў дракон, укралі арганаўты. У пераносным сэнсе З.р. — багацце, якім імкнуцца завалодаць.

т. 6, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГІ́НАЎСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1823—67 у мяст. Даўгінава Вілейскага пав. (цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл.). У 1824 мела 2 ткацкія станкі, у 1840—28 станкоў, вадзяны і паравы рухавікі. Сыравіна (воўна, клей, фарбы і інш.) набывалася ў Рызе. Прадукцыя рэалізоўвалася ў Мінску, Вільні, Гродне, Пецярбургу, Рызе, Палтаве. Працавалі прыгонныя і замежныя майстры. У 1861 выпушчана прадукцыі на 66,1 тыс. руб. У 1866 былі 162 рабочыя.

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭБЕНЕЧАСА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына для часання валакністых прыродных (бавоўна, воўна, лён) і хім. матэрыялаў пры падрыхтоўцы да прадзення. На грэбенечасальнай машыне з дапамогай стальных грабянёў вычэсваюць кароткія і пашкоджаныя валокны, раслінныя прымесі і вузельчыкі, раз’ядноўваюць, выпростваюць і паралелізуюць доўгія валокны ў атрыманай стужцы. Адрозніваюць грэбенечасальную машыну перыядычнага (найб. пашыраны) і бесперапыннага (пераважна для доўгай грубай воўны) дзеяння. З грэбенечасальнай машыны стужка паступае на стужачную машыну, потым на роўнічную, дзе вырабляецца слабаскручаная нітка — роўніца.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)