Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЫ,
зборная назва надсям. джалячых насякомых атр. перапончатакрылых, за выключэннем пчол і мурашак. Да восаў належаць надсямействы: блішчанкі, дарожныя восы, рыючыя восы, сапраўдныя восы, немкі, сколіі, найб. пашыраныя на Беларусі, і інш. У сусв. фауне больш за 20 тыс. відаў, пашыраных на ўсіх мацерыках, найб. у трапічнай і субтрапічнай зонах.
Лічынкі бязногія, маларухомыя, кормяцца павукамі, насякомымі і іх лічынкамі, нектарам і пылком раслін, некаторыя — паразіты інш. насякомых. Зрэдку восы шкодзяць лясной (абгрызаюць маладую кару ў дрэўцаў) і сельскай (шэршні знішчаюць меданосных пчол) гаспадарцы. Карысныя як апыляльнікі раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРА́ЎДНЫЯ ВО́СЫ, грамадскія восы,
складкаватакрылыя восы (Vespoidea ці Vespidae),
надсямейства ці сям. насякомых атр. перапончатакрылых. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. На Беларусі больш за 25 відаў адзіночных, грамадскіх. восаў і шэршняў. Апыляльнікі раслін, знішчаюць шкодных насякомых, шэршні шкодзяць пчалярству.
Цела даўж. 8—30 мм, прадаўгаватае, голае або ўкрыта валаскамі. На брушку чорныя і жоўтыя палосы. Пярэднія крылы складваюцца ўдоўж. Вусікі ніткападобныя, у самцоў 13-, у самак 12-членікавыя. Пярэднягрудзі маюць дугападобную выразку, якая дасягае асновы крылаў. Жывуць у гнёздах (паўсфера з ячэйкамі ў адзін паверх, сфера з шматпавярховымі ячэйкамі ці інш.). Соты будуюць з «паперы», якую атрымліваюць з перажаваных і апрацаваных ферментамі расл. рэшткаў. Лічынак кормяць інш. насякомымі, пераважна вусенямі. Развіццё з поўным ператварэннем. Зімуюць аплодненыя маткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖНЫЯ ВО́СЫ (Pompilidae),
сямейства вос падатр. сцябліністабрухіх перапончатакрылых насякомых. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. На Беларусі 24 віды, з іх сярод камянёў і раслін на пясчаных дарогах найб. трапляюцца пампіл дарожны (Pompilus viaticus), павукалоў буры (Priocnemis fuscus).
Даўж. 3—25 мм. Пярэдняспінка развітая, брушка кароткае, сцябліністае. Малюнак цела чорны або чорны з чырвоным ці жоўтым. Ногі доўгія, пярэднія часта з капальным грэбенем. Палююць на павукоў. Большасць з іх рые ў зямлі гнёзды, выкарыстоўваюць і норкі павукоў, куды адкладваюць яйцы на паралізаваных уколамі джала павукоў, якія з’яўляюцца кормам для лічынак. Лічынка акукліваецца ў норцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЮЧЫЯ ВО́СЫ (Sphecoidea),
надсямейства насякомых атр. перапончатакрылых. 12 тыс. відаў. Жывуць у розных ландшафтах, паасобна. Гнёзды ў глебе на пясчаных месцах (адсюль назва), пустых сцёблах травяністых раслін, у гнёздах насякомых і інш. Ёсць гнездавыя паразіты. На Беларусі найб. трапляюцца пчаліны воўк, амафіла пясчаная (Ammophila sabulosa), бембекс насаты (Bembex rostrata), сфекс зубасты (Sphex maxillosus), цэрцэрыс пясчаны (Cerceris arenaria), аса тоўстагаловая вялікая (Crabro cribrarius).
Даўж. да 6 см. Цела голае або пакрыта валаскамі, чорнае, часта з жоўтым або чырв. малюнкам. Брушка з тонкай сцяблінкай. Яйцаклад зменены ў тонкае джала — сродак нападу на здабычу і абароны ад ворагаў, праз якое ў момант уколу выводзіцца сакрэт ядавітых залоз. Лічынкі — драпежнікі, дарослыя кормяцца нектарам і пылком кветак, асобныя віды Р.в. палююць на пэўных насякомых і іх лічынак. Ператварэнне поўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́ЛІІ (Scoliidae),
сямейства адзіночных вос надсям. джалячых атр. перапончатакрылых. Каля 450 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 2 віды: С. чатырохкропкавая (Scolia quadripunctata) і С. валасістая, або стэпавая (S. hirta). Актыўныя днём.
Даўж. да 6 см. Цела валасістае, афарбоўка звычайна чорная з жоўтым малюнкам. Дарослыя кормяцца на кветках. Паразіты лічынак пласцініставусых жукоў, якія з’яўляюцца кормам для лічынак С. Развіццё з поўным ператварэннем. Іл.гл. ў арт.Восы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МКІ, мутыліды (Mutillidae),
сямейства насякомых атр. перапончатакрылых. Каля 4,8 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі найб. трапляецца Н. еўрап. (Mutilla europaea), якая паразітуе ў гнёздах пчол і чмялёў.
Даўж. да 16 мм. Цела ўкрыта густымі валаскамі з яркімі плямкамі і палоскамі. У Н. еўрап. цела чорнае з сінім адценнем. Самцы крылатыя, самкі бяскрылыя, вонкава нагадваюць мурашак. Большасць відаў Н. развіваецца на лічынках і кукалках перапончатакрылых (адзіночныя пчолы, чмялі, сфецыды, дарожныя і складкавакрылыя восы), некат. відаў жукоў і мух. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі чэрвепадобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТАФА́Н (Aristophanes; каля 445—385 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі драматург, «бацька камедыі». З 45 яго п’ес захавалася 11, у т. л. «Восы» (422), «Птушкі» (414), «Жанчыны на свяце Фесмафорыяў» (411), «Жанчыны на народным сходзе» (392), «Плутас (388). У іх асуджэнне палітыкі вайны («Ахарняне», 425; «Коннікі», 424; «Мір», 421; «Лісістрата», 411), развенчванне філасофіі сафістаў («Воблакі», 423). Адстойваў эсхілаўскі шлях развіцця грэчаскай трагедыі («Жабы», 405). Побач з гістарычнымі фактамі выкарыстоўваў міфалагічныя вобразы; нагляднасць, канкрэтнасць ідэі дасягалася праз вонкавыя камедыйныя прыёмы — карыкатуру, гіпербалу, буфанаду. Вялікую ролю ў яго камедыях адыгрываюць хор і «агон» — спрэчка паміж 2 персанажамі, якія адстойваюць процілеглыя погляды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМІКРЫ́Я (англ. mimicry ад грэч. mimikos пераймальны),
адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі, формы і паводзін; імітацыйнае падабенства неабароненага арганізма да абароненага або неядомага. Узнікненне М. шляхам натуральнага адбору звязана з выбіральным знішчэннем арганізмаў інш. арганізмамі, якія ў пошуках корму карыстаюцца зрокам.
У жывёл М. выяўляецца ў знешнім падабенстве неабароненых жывёл з прадметамі навакольнага асяроддзя і раслінамі (мімезія), або з неядомымі ці абароненымі жывёламі (міметызм). Адрозніваюць 2 формы М., названых па прозвішчах вучоных, што далі іх апісанне: Г.Бейтса (1862) і ням. заолага Ф.Мюлера (1864). Пры бейтсаўскай М. ядомыя і неядомыя для драпежнікаў жывёлы маюць падобную афарбоўку, як, напр., матылі бялянкі Dismorphia astynome i Perrhybris pyrrha падобны да неядомых ярка афарбаваных матылёў сям. геліканід, што маюць непрыемны пах і смак. Пры мюлераўскай М. некалькі абароненых відаў жывёл маюць падобны выгляд, імітуюць адзін аднаго па афарбоўцы і форме і ўтвараюць «кольца» М. (напр., восы, ядавітыя жукі і інш.). У раслін М. служыць пераважна для прываблівання або адпужвання жывёл і звычайна тычыцца асобных органаў, а не расліны цалкам.
Да арт.Мімікрыя: А — бугай, непрыкметны ў чароце (мімезія); Б — таракан прозаплекта семперы (1), падобны на божую кароўку (2; міметызм).