ГІДРАЦЭ́ЛЕ (ад гідра... + грэч. kēlē пухліна),

збіранне серознай вадкасці ў абалонках яечка з прычыны цяжкага адтоку яе па лімфатычных вузлах. Бывае прыроджаным (пры парушэннях эмбрыягенезу) і набытым (пры траўмах, запаленчых працэсах, пухлінах яечка і яго прыдатка, сардэчнай дэкампенсацыі). Пры вострым гідрацэле — раптоўны боль, прыпухласць, пачырваненне скуры; хранічнае гідрацэле развіваецца павольна, гадамі. Машонка пры гідрацэле грушападобнай формы, межы вадзянкі акрэслены пахвінным каналам, скура расцягнутая, без складак, бліскучая, яечка можа не вызначацца. Лячэнне: пры вострым гідрацэле — устараненне асн. захворвання, пры хранічным — хірургічнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́ЖВА,

хадавое кругладоннае судна з дахам, вострым носам, тупой кармой і разгорнутымі бартамі. Даўж. 21—60 м, шыр. 4—8 м. Будавалі Л. ў басейнах Дняпра і Прыпяці.

т. 9, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЦІК,

колючая халодная зброя з прамым тонкім двухбакова-вострым клінком і з ручкай, што мае крыжавіну і галоўку. З’явіўся ў канцы 16 ст. як абардажная зброя. Цяпер прадмет форменнага адзення ў ВМФ многіх дзяржаў (параднай формы адміралаў, генералаў, афіцэраў, мічманаў і прапаршчыкаў).

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́ЛКА,

прылада працы першабытнага чалавека для праколвання адтуліны ў скуры жывёл з мэтай пашыву з яе адзення, абутку і інш. З’явілася ў эпоху мусцье. Выраблялася з дробных крамянёвых пласцін ці адшчэпаў з вузкім і вострым канцом; рабілі таксама з косці і дрэва. З пашырэннем жалеза П. саступілі месца шылу з жалеза.

т. 12, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАПРАКТЫ́Т (ад пара... + практыт),

запаленне клятчаткі каля прамой кішкі і задняга праходу. Часцей выклікаецца гнаяроднымі мікробамі. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Пры вострым утвараецца абсцэс, у цяжкіх выпадках — сепсіс. Прыкметы: востры боль у вобласці прамой кішкі, балючасць пры дэфекацыі, павышаная т-ра цела, з’яўленне інфільтрату ў вобласці задняга праходу, гнайнік можа прарвацца і ўтварыць свішч. Лячэнне: процізапаленчыя сродкі, хірургічнае.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМПІ́Р (франц. vampire, ням. Vampir),

у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — мярцвяк, які ноччу выходзіць з магілы, каб шкодзіць людзям (смактаць кроў, душыць, ірваць на часткі і г.д.). Нар. фантазія вампіра ўяўляла з тоўстымі (раздутымі) губамі і тонкім, вострым, як змяінае джала, языком. У нар. вераваннях вампір — увасабленне страху прымхлівых людзей перад памерлымі чараўнікамі (стараж. славяне нават прыносілі вампіру ахвяры).

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗО́ЙНАЯ СМАЛА́, росны ладан,

смала стыраксавага дрэва (Styrax bensoin), што расце ў Паўд.-Усх. Азіі на Малайскім архіпелагу. Белае рэчыва, хутка цвярдзее і паступова цямнее на паветры, мае пах ванілі з вострым адценнем, т-ра размякчэння 75—90 °C, шчыльн. 1,10—1,17∙10​3 кг/м³. Асн. кампаненты: бензойная і карычная кіслоты (30%), іх эфіры (60%), ванілін (1,5%). Выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва, фіксатар паху ў парфумерыі, антысептык у касметыцы і медыцыне.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,

адзін з цэнтраў манетнай вытворчасці ў Рэчы Паспалітай. Створаны ў Брэсце ў час грашовай рэформы 1659—66 для выпуску меднага соліда (барацінкі). Працаваў з 4.12.1665 да 16.12.1666. Соліды Брэсцкага манетнага двара падобныя на медныя соліды Віленскага манетнага двара. На іх аверсе была выява бюста Яна II Казіміра Вазы

[1648—68],

на рэверсе — герба ВКЛ («Пагоня»). Ёсць меркаванне, што б.ч. тыражу манет мае адметныя рысы: шчыт з вострым вуглом, малая манаграма, палеаграфічныя асаблівасці.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЭНАЛІ́Н,

гармон мазгавога слоя наднырачнікаў. Вылучаны з наднырачнікаў жывёл у 1985. Крыніцай утварэння адрэналіну ў арганізме з’яўляюцца амінакіслоты тыразін і фенілаланін. Стымулюе работу сэрца, звужае крывяносныя сасуды, павышае крывяны ціск, расслабляе мускулатуру бронхаў і страўніка, расшырае зрэнкі, павышае бялковы, вугляводны і тлушчавы абмен. Прымяняецца пры вострым зніжэнні артэрыяльнага ціску, нечаканым спыненні работы сэрца (уводзіцца ўнутрысардэчна), алергічных хваробах, анафілактычным шоку. Колькасць адрэналіну ў крыві павялічваецца пры эмацыянальных нагрузках (стрэсе) і цяжкай мышачнай рабоце.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАЛО́ЎСКАЯ (Зоя Васілеўна) (н. 1.3.1923 г. Орша),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1952). З 1954 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Створаныя ёю вобразы вылучаюцца вострым адчуваннем характарнай адметнасці і эмац. стану, арганічным жыццём у вобразе. Сярод роляў: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Ульяна («Трывога» А.​Петрашкевіча), Валянціна («Зоркі на ранішнім небе» А.​Галіна), Понсія («Дом Бернарды Альбы» Ф.​Гарсія Лоркі), Селія («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі).

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)