Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАКЕРЫ́Т (ад грэч. ozo пахну + keros воск),
горны воск, мінерал, прыродны нафтавы бітум; сумесь цвёрдых насычаных вуглевадародаў. Колер ад светла-жоўтага да амаль чорнага. Кансістэнцыя ад мяккай, пластычнай да цвёрдай. Цв. 1. Шчыльн. 0,85—1 г/см³, tпл. 50—85 °C.
Азакерыт — парафіністы асадак, які выпадае з нафты пры яе ахаладжэнні ў выніку падняцця на паверхню па трэшчынах. Залягае ў жылах, пластах. Выкарыстоўваецца ў радыё-, электратэхніцы, парфумернай і лакафарбавай прам-сці, медыцыне (гл.Азакерыталячэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНАЛІ́Н (ад лац. lana шэрсць + oleum масла),
ачышчаны шарсцяны воск; жывёльны воск (гл. ў арт.Воскі). Вязкая белая ці светла-жоўтая мазепадобная маса, tпл 35—37° С, шчыльн. 940—970 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе і этаноле; раствараецца ў бензоле, хлараформе, дыэтылавым эфіры. Мае значную колькасць (каля 10%) стэрынаў, у т.л. халестэрыну. Атрымліваюць ачысткай шарсцянога воску, які экстрагуюць арган. растваральнікамі з воўны. Выкарыстоўваюць як аснову мазей і касметычных крэмаў (добра ўсмоктваецца і змякчае скуру).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СКІ,
рэчывы, пераважна прыроднага паходжання, па ўласцівасцях блізкія да пчалінага воску. Аморфныя, тэрмапластычныя, воданепранікальныя, маюць нізкую эл. праводнасць, tпл 40—90 °C, гаручыя. Хім. ўласцівасцямі блізкія да тлушчаў.
Прыродныя воскі падзяляюць на жывёльныя (пчаліны воск, ланалін, спермацэт), раслінныя (карнаўбскі, пальмавы, японскі і інш.) і выкапнёвыя (тарфяны, буравугальны, азакерыт, цэразін). Жывёльныя і раслінныя складаюцца пераважна са складаных эфіраў, утвораных вышэйшымі тлустымі к-тамі і аднаатамнымі спіртамі з 12—46 атамамі вугляроду ў малекуле. Выкапнёвы воск (азакерыт, цэразін) — сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць сінт. воскі (напр., з нафтавых парафінаў, полімерызацыяй этылену).
Выкарыстоўваюць для прыгатавання палітур, ахоўных кампазіцый для металаў, тканін, паперы, скуры, як ізаляцыйны матэрыял, кампанент мазяў у касметыцы і медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫАЗАНА́НТЫ,
хімічныя рэчывы, якія павышаюць устойлівасць гумы да разбурэння (растрэсквання) пад уздзеяннем атм. азону. Падзяляюцца на хімічнаактыўныя (рэагуюць з азонам з большай скорасцю, чым макрамалекулы каўчуку) і інертныя (утвараюць на паверхні вырабу эластычную ахоўную плёнку, напр., парафін, воск і інш.). Уваходзяць у гумавую сумесь пры яе вытв-сці (1—3% ад масы каўчуку) ці іх наносяць на паверхню вырабу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІРО́ЎКА (ад італьян. modellare ляпіць) у выяўленчым мастацтве, перадача аб’ёмна-пластычных і прасторавых уласцівасцей прадметнага асяроддзя сродкамі святлоценявых градацый (жывапіс, графіка) або адпаведнай пластыкай трохвымерных форм (скульптура) з мэтай ідэйна-вобразнай характарыстыкі прадмета, абагульнення, выяўлення і ўзмацнення істотнага і інш. У жывапісе ажыццяўляецца сродкамі колеру, перспектывы, святлаценю, у скульптуры — пластыкай пэўнага матэрыялу. У скульптуры М. — стварэнне твораў з мяккага пластычнага матэрыялу (гліна, пластылін, воск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́НА,
старажытная форма падатку. Першапачаткова натуральныя ці грашовыя паборы, што спаганяліся пераможцамі з заваяваных плямён ці дзяржаў. На Русі вядома з 9 ст., у 11—16 ст.дзярж. падатак і феад. рэнта. У 13—15 ст. Д. ясак збіралася з рус. княстваў на карысць Залатой Арды. На Беларусі да канца 15 ст. Д. — асн. форма рэнты. Збіралася натуральнай прадукцыяй (мёд, воск, футра, пазней с.-г. прадукцыя), якая часткова спалучалася з адработачнай і грашовай формамі рэнты.