Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІШЧА́НКІ,
1) надсямейства адзіночных вос (Chrysidoidea). Больш за 2 тыс. відаў, пашыраны ўсюды.
Даўж. 5—15 мм, цела яркае, з метал. бляскам, зялёнае, сіняе або часткова фіялетавае, пурпурова-чырвонае. Брушка з 3 членікаў, астатнія ў самак ператвораны ў доўгі трубчасты яйцаклад. Паразітуюць на лічынках інш.вос і пчол. Напр., блішчанка двухколерная (Ch. dichroa) адкладае яйцы ў ячэйкі гнязда пчалы осміі (Osmia).
2) Сямейства жукоў (Nitidulidae). Каля 2 тыс. відаў, на Беларусі больш за 50.
Даўж. 1—6 мм, цела выпуклае з метал. бляскам. Кормяцца кветкавым пылком, спорамі грыбоў, сокам дрэў. Ёсць шкоднікі — блішчанка рапсавая (Meligethes aeneu), аб’ядае бутоны і кветкі крыжакветных раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЙЦАКЛА́Д,
вонкавы палавы орган для адкладання яец у самак многіх насякомых і некат. рыб. У насякомых Я. — відазмененыя канечнасці 8 і 9 сегментаў брушка; складаецца з 3 пар створак, між асновамі якіх знаходзіцца палавая адтуліна. Яйцы адкладаюцца ў глебу (саранчовыя), тканкі раслін (стракозы, клапы, цыкады, пільшчыкі), у цела інш. насякомых (наезнікі), у ракавіны малюскаў (рыба-гарчак). У вос, пчол, чмялёў Я. пераўтварыўся ў джала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧОЛАЖУКІ́ (Trichodes),
род жукоў сям. стракачоў. Каля 80 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. паўшар’і. Каля 80 відаў. На Беларусі найб. пашыраны П. пчаліны (T. apiarius), які шкодзіць пчалярству.
Даўж. 8—25 мм. Цела прадаўгаватае, галава вялікая. Афарбоўка яркая, надкрыллі ў рознакаляровых папярочных палосах. Жукі трапляюцца на кветках раслін сям. парасонавых, складанакветных, капуставых. Кормяцца насякомымі і пылком. Лічынкі развіваюцца ў кладках саранчовых ці ў гнёздах пчол і вос, знішчаюць іх лічынак і кукалак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́ЛІІ (Scoliidae),
сямейства адзіночных вос надсям. джалячых атр. перапончатакрылых. Каля 450 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 2 віды: С. чатырохкропкавая (Scolia quadripunctata) і С. валасістая, або стэпавая (S. hirta). Актыўныя днём.
Даўж. да 6 см. Цела валасістае, афарбоўка звычайна чорная з жоўтым малюнкам. Дарослыя кормяцца на кветках. Паразіты лічынак пласцініставусых жукоў, якія з’яўляюцца кормам для лічынак С. Развіццё з поўным ператварэннем. Іл.гл. ў арт.Восы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАКАЧЫ́ (Cleridae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 3,5 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, найб. у тропіках. На Беларусі 8 відаў, часцей трапляюцца С. мурашыны, або мурашкажук (Thanasimus formicarius), і С. пчаліны, або пчалажук звычайны (Trichodes apiarius).
Даўж. да 25 мм. Цела прадаўгаватае, укрытае валаскамі, цёмнае, часта з яркімі, стракатымі надкрыламі ў разнаколерных папярочных палосах (адсюль назва). Галава вял., вусікі 11-членікавыя. Лапкі 5-членікавыя. Дарослыя і лічынкі большасці С. — драпежнікі. кормяцца насякомымі і іх лічынкамі; ёсць некрафагі; некат. віды паразітуюць у гнёздах пчол, вос. пашкоджваюць харч. прадукты. Іл.гл. да арт.Жукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖНЫЯ ВО́СЫ (Pompilidae),
сямейства воспадатр. сцябліністабрухіх перапончатакрылых насякомых. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. На Беларусі 24 віды, з іх сярод камянёў і раслін на пясчаных дарогах найб. трапляюцца пампіл дарожны (Pompilus viaticus), павукалоў буры (Priocnemis fuscus).
Даўж. 3—25 мм. Пярэдняспінка развітая, брушка кароткае, сцябліністае. Малюнак цела чорны або чорны з чырвоным ці жоўтым. Ногі доўгія, пярэднія часта з капальным грэбенем. Палююць на павукоў. Большасць з іх рые ў зямлі гнёзды, выкарыстоўваюць і норкі павукоў, куды адкладваюць яйцы на паралізаваных уколамі джала павукоў, якія з’яўляюцца кормам для лічынак. Лічынка акукліваецца ў норцы.