ВО́РАНАЎ Мікола
(Мікалай Гаўрылавіч; н. 13.12.1936, в. Віры Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Працаваў у раённых газетах. Дэбютаваў вершамі ў 1952. У апавяданнях (зб. «Ветраны дзень», 1976, «Перад адлігай», 1984) адлюстроўвае вясковы побыт, расказвае пра сваё пакаленне, якое спазнала вайну, сіроцтва, пасляваен. цяжкасці. Аповесць «Завея» (1979) пра жыццё і працу рыбакоў.
т. 4, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎ Міхаіл Аляксеевіч
(17.9.1840, г. Ялта, Украіна — 31.1.1873),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім і Пецярбургскім ун-тах. У 1858 пазнаёміўся з М.Г.Чарнышэўскім (да 1861 быў яго асабістым сакратаром і даверанай асобай). Дэбютаваў аўтабіягр. дылогіяй «Маё дзяцінства» (1861) і «Маё юнацтва» (1862). Друкаваўся ў час. «Время», «Современник», «Русское слово», «Колокол», «Будильник» і інш.
У 1863 пераехаў у Маскву. Асн. тэмай яго творчасці стала жыццё люмпен-пралетарыяту, сац. «дна»: зб. «Маскоўскія норы і трушчобы» (т. 1—2, 1866—69, з А.І.Левітавым), «Багна» (1870).
Тв.:
Повести и рассказы. М., 1961.
т. 4, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎ Юрый Пятровіч
(13.1.1929, С.-Пецярбург — 5.2.1993),
рускі паэт. У гады Вял. Айч. вайны ў блакадным Ленінградзе. Скончыў Ленінградскі ун-т (1952). Працаваў на камсамольскай рабоце, гал. рэдактарам «Комсомольской правды» (1959—65), адказным сакратаром газ. «Правда» (1965—68), сакратаром праўлення СП СССР (1982—86). Аўтар кніг «Сіла жыцця» (1966), «Блакада» (1968; Дзярж. прэмія Расіі 1985), «Памяць» (1971), «Вуліца Росі» і «Белыя ночы» (абедзве 1979), «Шалі» (1986). Большасць вершаў прысвечана блакаднай тэме. На рус. мову перакладаў вершы Г.Пашкова. Творы Воранава на бел. мову перакладалі Я.Семяжон, Пашкоў.
Тв.:
Избранное. М., 1987;
Бел. пер. — Масты памяці. Мн., 1991.
т. 4, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎ Натан Майсеевіч
(1.6.1916, г. Магілёў — 3.3.1978),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1935), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948). У 1965—78 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найб. значныя творы прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і барацьбе бел. народа ў гады Вял. Айч. вайны: «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год» (1957), «Беларусь. За ўладу Саветаў» (1967), «Рэйд Каўпака» (1948), «Зямля непакораная» (1974). Стварыў партрэты бел. кампазітараў Я.Цікоцкага (1949), У.Кандрусевіча (1975), групавы партрэт фехтавальшчыц («Беларускія «мушкецёры», 1971); лірычныя і індустр. пейзажы «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Гомель. Порт» (1963), «Вясна. Сяброўкі» (1967), «Роздум» (1971), «Зацвіло» (1973), «Венецыя. Дажджлівая раніца» (1974), «Новы горад», «Саната», «Мінчанка» (усе 1977), нацюрморты і інш.
Літ.:
Н.М.Воранаў /Аўт. тэксту Р.Р.Бадзін. Мн., 1979.
В.С.Каваленка.
т. 4, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)