Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«Листок «Земли и воли» (час.) 5/19
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НДЭЛЬБАНД ((Windelband) Вільгельм) (11.5.1848, г. Патсдам, Германія — 22.10.1915),
нямецкі філосаф, заснавальнік бадэнскай школы неакантыянства. Праф. у Цюрыху, Фрайбургу, Страсбуры, Гайдэльбергу. Даследаванні ў галіне гісторыі філасофіі, логікі, этыкі і тэорыі каштоўнасцей (аксіялогіі). Крытычна пераасэнсоўваў некаторыя філас. азначэнні І.Канта, асабліва «рэч у сабе». Філасофію лічыў «вучэннем пра агульназначныя каштоўнасці». На яго думку, філасофія не можа канчаткова вырашыць пытанне аб адносінах паміж законамі прыроды і каштоўнасцямі культуры, як не можа знайсці і агульны метад пазнання прыроды і гісторыі. Канчатковай мэтай гіст. прагрэсу лічыў самавызначэнне чалавецтва ў адпаведнасці этычным ідэалам, таму сац. праблемы зводзіў да этычных. Вышэй за этычныя каштоўнасці ставіў эстэтычныя як незалежныя ад чалавечай волі. Дуалізм каштоўнасці і рэчаіснасці Віндэльбанд тлумачыў як неабходную ўмову чалавечай дзейнасці.
Тв.:
Рус.пер. — История древней философии. СПб., 1893;
История новой философии... Т. 1—2. СПб., 1902—05;
Прелюдии. СПб., 1904;
О свободе воли. М., 1905;
Платон. 4 изд. СПб., 1909;
Философия в немецкой духовной жизни XIX столетия. М., 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ ВО́ЛЯ»,
найбольш значная тайная рэв. народніцкая арг-цыя (партыя) у Расіі ў 1879—86. Узнікла ў выніку расколу «Зямлі і волі». Узначальваў выканаўчы к-т (Пецярбург), члены: А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, В.М.Фігнер, М.І.Кібальчыч, М.А.Марозаў, А.Дз.Міхайлаў і інш. У 1879—83 падп. сетка «Н.в.» ў 50 гарадах налічвала 80—90 мясц., 100—120 рабочых, 30—40 студэнцкіх, 20—25 гімназічных, каля 50 афіцэрскіх (былі аб’яднаны ў Ваен. арг-цыю «Н.в.») гурткоў; колькасць членаў да 500 чал., са спачуваючымі да 5 тыс., з іх 1,5 тыс. рабочыя. Друкаваныя органы: газ. «Народная воля» (1879—85), «Листок «Народной воли» (1880—86), час. «Вестник Народной воли» (1883—86) і інш. «Н.в.» прытрымлівалася тэорыі утапічнага «сялянскага сацыялізму». Яе праграмныя дакументы прадугледжвалі рэв. знішчэнне самадзяржаўя, перадачу зямлі сялянам, увядзенне дэмакр.дзярж. ладу з усеагульным выбарчым правам, раўнапраўе нацый і іх права на самавызначэнне і г.д. Практычная дзейнасць па падрыхтоўцы паліт. перавароту ў Расіі падзялялася на прапагандысцкую і разбуральную (індывід. тэрор як гал. метад барацьбы з урадам). Члены «Н.в.» разлічвалі, што група рэвалюцыянераў-змоўшчыкаў шляхам знішчэння вышэйшых чыноўнікаў і імператара здолее дэзарганізаваць дзярж. кіраванне, выклікаць масавыя нар. паўстанні і захапіць уладу. «Н.в.» ажыццявіла шэраг тэрарыст. актаў супраць буйных чыноўнікаў і агентаў паліцыі і забойства (пасля некалькіх няўдалых замахаў) імператара Аляксандра II (яго ажыццявіў 13.3.1881 ураджэнец Беларусі І.Я.Грынявіцкі), але сваёй мэты — выклікаць у краіне сацыяліст. рэвалюцыю — не дасягнула.
У Беларусі дзейнічалі прадстаўнікі выканкома «Н.в.» М.Ф.Грачэўскі, М.М.Рагачоў, М.П.Аўчыннікаў і інш. У Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску, Пінску існавалі яе ваен. і вучнёўскія гурткі. У пач. 1882 ваен. гурткі ўвайшлі ў нарадавольскую арг-цыю Віленскай ваен. акругі, астатнія — у Паўн.-Зах. краявую арг-цыю «Н.в.». У Пецярбургу існавала бел. фракцыя ў «Н.в.», на базе якой у 1884 узнікла рэв. група «Гоман». Пасля забойства Аляксандра 11 пачаліся масавыя арышты ўдзельнікаў «Н.в.». Жалябаў, Пяроўская, Кібальчыч і інш. пакараны смерцю, сотні нарадавольцаў асуджаны на катаргу і турэмнае зняволенне. Да вясны 1883 паліцыя разграміла выканком і асн. арг-цыі «Н.в.». Адначасова нарастаў ідэйны і арганізац. крызіс партыі. «Н.в.» як арганізаваная сіла фактычна спыніла існаванне пасля арышту кіраўніка яе Распарадчай камісіі Г.А.Лапаціна (кастр. 1884). Спробы яе аднаўлення, пачатыя ў 1880-я г. (у т. л. А.І.Ульянавым у 1886—87) поспеху не мелі. Асабістая самаахвярнасць і высакародныя памкненні нарадавольцаў сталі натхняльным прыкладам для наступных пакаленняў рэвалюцыянераў. Аднак тэрарыст. тактыка «Н.в.» справакавала ўрад на ўзмацненне паліт. рэакцыі і згортванне рэформ. Традыцыі і праграмныя ўстаноўкі «Н.в.» ў пач. 20 ст. імкнулася адрадзіць партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў).
Літ.:
Волк С.С. Народная воля, 1879—1882. М.; Л., 1966;
Багдановіч А. Да гісторыі партыі «Народная воля» ў Мінску і Беларусі (1880—1892) // Маладосць. 1995. № 11—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯМЛЯ́ І ВО́ЛЯ»,
рэвалюцыйная народніцкая арг-цыя ў Рас. імперыі ў 1876—79. Засн. ў Пецярбургу, назва з 1878. Арганізатары М.А. і В.А.Натансоны, А.Дз.Міхайлаў, Г.В.Пляханаў і інш. Складалася з «адміністрацыі» (кіруючы орган), груп «дзеравеншчыкаў», рабочай і дэзарганізатарскай. Філіялы арг-цыі меліся ў Маскве, Кіеве, Адэсе, Харкаве і інш. Праграма — сял. рэвалюцыя, нацыяналізацыя зямлі, замена дзяржавы федэрацыяй абшчын. Прадугледжвала дзеянні, накіраваныя на «дэзарганізацыю дзяржавы» — знішчэнне найб. шкодных ці вядомых асоб з урада. Тэрарыст. акцыямі кіраваў «выключны камітэт». Па паліт. поглядах былі анархістамі, падтрымлівалі т.зв. федэралісцкі інтэрнацыянал, створаны М.А.Бакуніным. Выдавалі час. «Земля и воля», «Листок «Земли и воли» і інш. Урадавыя рэпрэсіі, рэзкае абвастрэнне паліт. незадаволенасці і наспяванне рэв. сітуацыі прывялі да стварэння фракцыі тэрарыстаў. Супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэв. прапаганды (Пляханаў і інш.) і абаронцамі паліт. барацьбы праз тэрор (Міхайлаў і інш.) прывялі да расколу «З. і в.» ў жн. 1879 на «Народную волю» і «Чорны перадзел». На Беларусі ў 1876—79 народніцкія гурткі існавалі пераважна сярод вучнёўскай моладзі — у Мінскай губ., Магілёве, Гродне, Горках. Сувязі з «З. і в.» ажыццяўляліся праз студэнтаў — ураджэнцаў Беларусі, якія вучыліся ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (С.Кавалік, І.Грынявіцкі і інш.).
Літ.:
Ткаченко П.С. Революционная народническая организация «Земля и воля» (1876—1879 гг.). М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯМЛЯ́ І ВО́ЛЯ»,
тайная рэв.арг-цыя разначынцаў у Рас. імперыі ў 1861—64 (назва з 1862); федэрацыя рэв. гурткоў. Узнікла пад ідэйным уплывам А.А.Герцэна, М.Г.Чарнышэўскага, М.П.Агарова. Арганізатары і кіраўнікі М.А. і А.А.Серна-Салаўевічы, А.А.Сляпцоў і інш. Узначальваў «З. і в.» Цэнтр. рускі нар.к-т у Пецярбургу, мясц. арг-цыі існавалі ў Пецярбургу, Маскве, Казані, Саратаве, Тамбове і інш. У канцы 1862 да «З. і в.» далучылася ваен.-рэв.арг-цыя«Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы». Арг-цыя падтрымлівала сувязі з газ. «Колокол». Яе праграма: увядзенне рэсп. кіравання, скліканне бессаслоўнага Нар. сходу, уладкаванне выбарнага самакіравання па абласцях, пашырэнне абшчынных прынцыпаў у сял. і гар. жыцці, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі. Асн. праграмны дакумент — адозва Агарова «Што патрэбна народу». Выдавала лісткі «Свобода», рэв. пракламацыі. У час паўстання 1863—64 уступіла ў саюз з партыяй «чырвоных», імкнулася ператварыць яго ва ўсерасійскае сял. паўстанне за зямлю і волю. У канцы 1863 «З. і в.» ўступіла ў паласу ідэйнага крызісу, паўстанне 1863—64 было разгромлена, частка землявольцаў арыштавана, некат. эмігрыравалі. Да вясны 1864 арг-цыя самаліквідавалася.
Літ.:
Нечкина М.В. Возникновение первой «Земли и воли» // Революционная ситуация в России в 1859—1861 гг.М., 1960;
Віткоўскі Я. «Зямля і воля» 60-х гадоў і сувязь яе з паўстаннем 1863 г. // Полымя. 1930. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Пётр Лаўравіч) (14.6.1823, в. Меліхава Пскоўскай вобл., Расія — 6.2.1900),
рускі філосаф і сацыёлаг, публіцыст, ідэолаг рэв.народніцтва. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу (1842), выкладаў у ім (1844—66), потым у Пецярбургскай артыл. акадэміі. З 1852 выступаў як публіцыст. З 1862 у т-ве «Зямля і воля». У 1866 арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ., адтуль уцёк у Парыж (1870). Быў чл. Парыжскага антрапалагічнага т-ва, чл. 1-га Інтэрнацыянала. Выдаваў час. «Вперёд!» (1873—77), газ. «Вперёд!» (1875—76). У 1883—86 Л. адзін з рэдактараў «Вестника Народной воли». Яго філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам сенсуалізму, пазітывізму, неагегельянства, неакантыянства, але ён не стаў прыхільнікам гэтых плыняў. Сваю філас. пазіцыю вызначаў як «антрапалагічны пункт погляду», філасофію ўяўляў як філасофію прыроды, духу і гісторыі. Лічыў, што філасофія павінна грунтавацца на тых жа рацыянальных асновах, што і прыродазнаўства. З яго імем звязаны т. зв. суб’ектыўны кірунак у сацыялогіі. Лічыў, што грамадства, у адрозненне ад прыроды, развіваецца па сваіх спецыфічных законах. Гал. асоба гісторыі — чалавек. Гісторыю і яе законы разглядаў праз прызму чалавечай свядомасці, функцыянавання «крытычнай думкі». Чалавек свабодны ў дзеяннях і ўчынках найперш з-за сваёй мэтанакіраванасці, наяўнасці пэўнага ідэала. З гэтага рабіў высновы пра ролю крытычна мыслячых асоб, паліт. партый у прагрэс. пераўтварэнні грамадства. Грамадскі ідэал Л. — «царства справядлівасці», заснаванае на прынцыпах салідарнасці і «ўсеагульнай працы на ўсеагульнае шчасце»; дасягнуць яго магчыма шляхам сацыяльнай рэвалюцыі.
Тв.:
Философия и социология. Т. 1—2. М., 1965.
Літ.:
Богатов В.В. Философия П.Л.Лаврова. М., 1972;
Лукин В.Н. П.Л.Лавров как эстетик и литературный критик. Саратов, 1979;
Семенкова Т.Г. Экономические взгляды П.Л.Лаврова. М., 1980;
Антонов В.Ф. Революционное творчество П.Л.Лаврова. Саратов, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СКІ (Мікалай Ануфрыевіч) (6.12.1870, г. Краслава, Латвія — 24.1.1965),
філосаф, заснавальнік інтуітывізму, прадстаўнік персаналізму ў Расіі. Атрымаў адукацыю ў Пецярбургскім ун-це (1891—98), скончыўшы фізіка-матэм. і гісторыка-філал. ф-ты. Д-р філасофіі (1907). З 1916 праф. Пецярбургскага ун-та. У 1922 высланы за мяжу. Выкладаў ва ун-тах Прагі, Брно, Браціславы (да 1945). У 1946 пераехаў у ЗША (праф. філасофіі Свята-Уладзіміраўскай духоўнай акадэміі ў Нью-Йорку, 1947—50). У аснову тэорыі пазнання Л. пакладзена сістэма т.зв. інтэгральнага інтуітывізму — любы прадмет пазнаецца шляхам інтуіцыі (інтэлектуальнай, пачуццёвай, містычнай) у залежнасці ад характару аб’екта. У вучэнні аб быцці (анталогіі) зыходзіў з таго, што свет складаецца з мноства субстанцый — звышпрасторавых і звышчасавых ідэальных асоб, «субстанцыянальных дзеячаў», падобна паняццю манады Г.Лейбніца, якія звязаны паміж сабой і звышсусв. пачаткам (Богам) і ўтвараюць вышэйшую сферу свету — Царства Божае, або Царства гармоніі. У сваіх этычных працах развіваў анталагічную тэорыю каштоўнасцей, паводле якой абс. каштоўнасці ўвасоблены ў «паўнаце быцця», У Богу; грамадства, у якім знікаюць уяўленні аб вышэйшых каштоўнасцях і ідэалах, становіцца арэнай неўтаймаванага эгаізму і маральнага хаосу, што вядзе да ўзаемнага непаразумення і бязлітаснасці, росту злачыннасці, духоўнаму збядненню ўнутр. свету асобы. На яго думку, у рамках маральнага прагрэсу, які падымае сусв. істоты на больш высокія ступені дасканаласці, адбываецца і маральны рэгрэс — працэс аддалення ад Бога носьбітаў «сатанінскай прыроды»; у гісторыі адбываецца рух «ад нуля» ў бок абс. дабра і адноснага зла, прамежкавых фаз на шляху прагрэсу да больш высокіх форм боскага дабра і справядлівасці.
Тв.:
Свобода воли. Париж, 1927;
Избранное. М., 1991;
Условия абсолютного добра. М., 1991;
Чувственная, интеллектуальная и мистическая интуиция. М., 1995.
Літ.:
Старченко Н.Н. Мир, интуиция и человек в философии Н.О.Лосского. М., 1991.