персанажы бел. міфалогіі, людзі-асілкі вялізнага росту і магутнай сілы. У бел. легендах і казках волаты падобныя на міфічных герояў, але поруч з ратнымі подзвігамі будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы; паказваюць сваю сілу: далёка перакідваюць вырваныя з каранямі дрэвы, каменне, сякеры. Асабліва былі пашыраны легенды пра волатаў, звязаныя з этыялагічнымі міфамі пра паходжанне і развіццё чалавека. У іх выяўлена перакананне, што даўней людзі былі высачэзныя, потым здрабнелі, змізарнелі. Нар. паданні звязваюць з волатамі ўзнікненне валатовак (стараж. курганоў) і назваў вёсак (Волаты, Валатоўкі, Валатава ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абл.).
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья... Витебск, 1897;
Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1. Kraków, 1897;
Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;
Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ВЫ, дайва, дзівы,
у іранскай міфалогіі злыя духі. Супрацьпастаўляліся добрым духам ахурам. Д. уяўлялі рагатымі, валасатымі, шматгаловымі веліканамі, якія жылі ў дзікіх, цяжкадаступных мясцінах, у нетрах зямлі, дзе ахоўвалі скарбы (каштоўныя металы і камяні). Многія легендарныя іранскія цары і волаты выступалі як дэваборцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКЛО́ПЫ, цыклопы,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі аднавокія волаты, сыны Урана і Геі. Былі скінуты бацькам у тартар (бездань), але вызвалены Зеўсам, для якога вырабілі маланкі-стрэлы, што дапамаглі яму адолець тытанаў. Лічыліся памагатымі Гефеста ў яго кузні, будаўнікамі магутных «кіклапічных» пабудоў у Мікенах і Тырынфе. Паводле «Адысеі», К. — дзікае племя, што жыве ў пячорах на аддаленым востраве і не прызнае ўлады багоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГА́НТЫ,
у грэчаскай міфалогіі пачварныя волаты са змяіным целам. Гіганты нарадзіла Гея з кропель крыві, што пралілася пры лягчанні бога неба Урана. Яны паўсталі супраць алімп. багоў, у бітве (гігантамахія) багі з дапамогай Геракла перамаглі гігантаў і скінулі іх у змрочную бездань тартар. Бітва гігантаў з багамі — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (размалёўка храмаў, скульптуры, творы вазапісу), л-ры (эпас Клаўдзіяна), музыцы (опера К.В.Глюка) і інш.
Да арт.Гіганты. Бітва багоў і гігантаў. Фрагмент паўночнага фрыза Пергамскага алтара. 180—160 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРНІДУ́Б, Дубавік, Дуб-Дубавік, Дубіна,
персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік гал. героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Здольны выварочваць стогадовыя дубы і перакідваць іх на вял. адлегласць. Герой-асілак выпрабоўвае моц Вярнідуба, залічвае яго ў таварышы, і яны разам з інш. волатамі змагаюцца супраць магутных фантаст. істот (Змея, Кашчэя Бессмяротнага), у якіх увасоблены злыя сілы. Як і інш.волаты, Вярнідуб значна саступае па сіле гал. герою. У некаторых казках здраджвае асілку, які карае яго, а часам даруе яму. Сустракаецца ў рус. і ўкр. фальклоры.
фінскі пісьменнік. Чл. Фінскай АН (з 1957). Вывучаў тэалогію, філасофію і гісторыю л-ры ў Хельсінкскім ун-це. Падарожнічаў па розных краінах Еўропы, працаваў журналістам, займаўся літ. крытыкай. Дэбютаваў зб. мадэрнісцкіх вершаў «Уцёкі ад бога» (1925). З 1938 прафесійны літаратар. Праблемам сучаснасці прысвяціў раманы «Вялікія ілюзіі» (1928), «Апельсінавае зярнятка» (1931), «Чужак прыйшоў на двор» (1937), зб. навел «Волаты ўсе памерлі» (1930). Еўрап. вядомасць прынеслі гіст. раманы «Сінухе, егіпцянін» (1945), «Турмс Неўміручы» (1955), «Рымлянін Мінут» (1964), дзеянне якіх разгортваецца ў эпоху стараж. цывілізацый. Аўтар п’ес, перакладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́Ў (Сяргей Пятровіч) (1.10.1911, в. Скрыпіцына Калышлейскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 17.2.1976),
бел. жывапісец і педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1966). Скончыў Пензенскі маст.-пед. тэхнікум (1931). У 1937—71 мастак-педагог і кіраўнік маст. студыі пры Мінскім палацы піянераў і школьнікаў. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1956—68), Рэсп.маст. школы-інтэрната (1963—65). Працаваў у жанрах пейзажа і нацюрморта. Творы вызначаюцца эмацыянальнасцю, дэкаратыўнасцю колеру: «Восеньскі пейзаж» (1947), «На рацэ» (1959), «Лепельскія азёры» (1961), «Гарадскі пейзаж» (1967), «Сказ аб Бярэзіне» (1970), «Лета. Нацюрморт» (1971), «Хутар Альбуць» (1972), «На Прыпяці» (1973), «Палескія волаты» і «На Бярэзіне» (абодва 1975). Асобнае месца займаюць графічныя малюнкі з франтавога жыцця (1943—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ТАЎ (Ігар Лявонцьевіч) (28.7.1912, г. Харкаў, Украіна —29.3.1973),
украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1939). Друкаваўся з 1931. Аўтар паэт. кніг «Камса-графік» (1933), «Вогнішча» (1940), «Паэтычныя трылогіі» (1946), «Ідуць волаты» (1951), «Каханне і нянавісць мае» (1960), «Кастрычніцкія мажоры» (1970), рамант. драмы «Нейтральная зона» (1966). Пісаў прозу: «Букавінская аповесць» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952), аповесці «Жыла на свеце ўдава» (1960), «У кашулі народжаны» (1965), «А безыменных не было...» (1967), раман «Саксаганскія партрэты» (апубл. 1974). У творах тэмы працоўнага і ратнага подзвігу сучаснікаў. Вядомы як публіцыст, літ. крытык. Пераклаў на ўкр. мову асобныя паэмы Я.Купалы. На бел. мову творы М. пераклалі А.Бялевіч, А.Клышка.