Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
першапачаткова вобласць славеняў ільменскіх (вакол воз. Ільмень з цэнтрам у г. Ноўгарад) на ПнЗ сучаснай Расіі. Месцазнаходжанне Н.з. на стыку шляхоў «з варагаў у грэкі» з Волжскім спрыяла развіццю тут гандлю, рамёстваў і культуры. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» у сярэдзіне 9 ст. (пасля т.зв. запрашэння на княжанне Рурыка) у Н.з. склаўся найважнейшы цэнтр стараж.-рус. дзяржаўнасці. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі. У 12—15 ст. назва Н.з. пашырылася на ўсю тэр. Наўгародскай феадальнай рэспублікі (самастойная з 1136), падзеленую на адм.-тэр. адзінкі — пяціны (Бежацкая, Водская, Дзераўская, Абанежская, Шалонская). Н.з. ў гэты перыяд займала тэр. ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі і ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала. З 1478 у складзе Маскоўскага вялікага княства, з 16 ст. — Рас. дзяржавы. Да пач. 18 ст. Н.з. захоўвала свае асаблівасці ў кіраванні, у т. л. падзел на пяціны (з 16 ст. іх колькасць павялічылася), якімі кіравалі адпаведныя падраздзяленні («сталы») маскоўскіх прыказаў. У 1610—15 Швецыя заваявала зах. частку Н.з. каля Фінскага заліва Балтыйскага м. і на ПнЗ ад Ладажскага воз. (адваявана пры Пятру I). Н.з. канчаткова страціла свае асаблівасці пасля ўвядзення Пятром I адм.-тэр. падзелу Расіі на губерні (1708).
М.Г.Нікіцін.
т. 11, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДО́ВАЕ ПАБО́ІШЧА 1242,
бітва паміж наўгародскім войскам і рыцарамі ням. Лівонскага ордэна на лёдзе Чудскога воз. 11 красавіка. Выкарыстаўшы аслабленне Русі з-за мангола-тат. нашэсця хана Батыя, ням. крыжакі, дацкія і шведскія феадалы ўзмацнілі націск на паўн.-зах. землі суседзяў. Шведы былі разгромлены ў вусці р. Нява (гл. Неўская бітва 1240); у гэтым жа годзе крыжакі захапілі Ізборск і Пскоў. На землях племя водзь (Водская пяціна) яны пабудавалі крэпасць Капор’е, адкуль рабілі набегі на Наўгародчыну. У 1241 наўгародскі кн. Аляксандр Неўскі, сабраўшы войска з наўгародцаў, ладажан, іжорцаў і карэлаў, выбіў лівонцаў з Капор’я і зруйнаваў крэпасць; потым штурмам узяў Пскоў, адкуль рушыў на землі ордэна. Крыжакі выступілі насустрач з раёна Дэрпцкага біскупства. Частка іх войска накіравалася да Ізборска, асн. сілы — да Пскоўскага возера. Даведаўшыся пра напрамкі руху рыцараў, Аляксандр Неўскі павярнуў сваё войска да Узмені (самае вузкае месца, дзе злучаюцца Чудское і Пскоўскае азёры) і размясціўся насупраць в. Варонін Камень. Умела выкарыстоўваючы мясцовасць і колькасную перавагу (наўгародскае войска налічвала 15—17 тыс. чал.) і ведаючы тактыку лівонцаў (наступленне «клінам» або т.зв. «свіннёй»), кн. Аляксандр Неўскі б. ч. сваіх сіл паставіў на флангах, княжацкую дружыну схаваў у засадзе. Рыцарскае войска (10—12 тыс. чал.), узмоцненае атрадамі эстаў (чудзі), на досвітку 11 крас. прарвала цэнтр абароны наўгародцаў, дзе стаялі пешае апалчэнне і перадавы полк. Потым крыжакі ўступілі ў схватку з добра ўзброенай пяхотай і конніцай, што размяшчаліся на флангах. Пазбаўленыя магчымасці манеўра, яны не змаглі развіць поспех. Удар засаднай княжацкай дружыны спрыяў канчатковаму акружэнню рыцараў і разгрому іх. Л.п. — адна з выдатных бітваў сярэдневякоўя, якая ў значнай меры прыпыніла экспансію крыжакоў на У (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.).
т. 9, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)