ГІДРАЛОГІЯ РЭК
Нерэгулярныя гідралаг. назіранні, якія фіксавалі пераважна крыгалом і замярзанне рэк, з 1808 вяліся ў Віцебску (р. Зах. Дзвіна), з 1813 у Гомелі (р.
Сож) і Тураве (р. Прыпяць), з 1818 у Барысаве (р. Бярэзіна). Больш сістэматычна пачалі даследаваць узровень вады ў Віцебску ў 1838, у Пінску, Тураве і Мазыры ў 1843 (р. Прыпяць), Магілёве ў 1844 (р. Дняпро), Лоеве ў 1857 (р. Дняпро), вынікі назіранняў не захаваліся. Рэгулярнаму вывучэнню гідралагічнага рэжыму рэк спрыялі работы (з 1873) Зах. экспедыцыі па асушэнні балот, якая стварыла 13 пастоў на Палессі (на Прыпяці і яе прытоках); навігацыйна-апісальнай камісіі Мін-ва шляхоў зносін (з 1875), якая да 1880 мела 11 пастоў на суднаходных рэках. Расход вады ўпершыню вымераны на Прыпяці ў 1873. З 1876 вядуцца пастаянныя назіранні на гідралагічных пастах за рэжымам рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна, Прыпяць, з 1877 — Нёман, з 1896 — Сож.
У 1930 арганізавана Гідраметэаралагічная служба Беларусі. У 1933—40 выдадзены першы, у 1960—70 другі Водны кадастр Беларусі. З 1931 рэгулярна складаюцца гідралагічныя прагнозы, з 1936 выдаюцца гідралагічныя штогоднікі. За рэжымам рэк назіраюць на 137 вадамерных пастах (2004), з іх 123 — на рэках, 14 — на азёрах і вадасховішчах. Іх звесткі апрацоўваюць у аддзелах гідралогіі абласных гідраметэаралагічных цэнтраў (Брэсцкім, Віцебскім, Гомельскім, Гродзенскім, Магілёўскім), у міжрэгіянальных цэнтрах па гідраметэаралогіі (Пінск, Мазыр), на гідралагічных станцыях (Полацк, Вілейка, Мінск), на азёрнай станцыі «Нарач», балотнай станцыі «Палеская» (г. Лунінец), Рэспубліканскім гідраметэаралагічным цэнтры Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Даследаваны гідралагічная роля лясоў і балот (С.Х.Будыка, М.І.Касцюкевіч), водны баланс рачных вадазбораў (А.Р.Булаўка), водагаспадарчыя балансы (В.М.Плужнікаў, А.М.Пянькоўская, В.М.Шырокаў), гідралагічныя асновы асушальнай меліярацыі (А.Р.Булаўка, А.І.Івіцкі, В.Ф.Шабека), гідрахімічны рэжым (А.Г.Грыневіч), лядова-тэрмічны рэжым (Ю.М.Емяльянаў), уплыў на водны рэжым гаспадарчай дзейнасці (А.А.Макарэвіч, В.М.Плужнікаў, Я.Я.Пятліцкі), выкарыстанне ў гідралогіі метадаў матэматычнай статыстыкі (В.В.Дрозд, І.М.Ліўшыц). Гідралагічныя даследаванні вядуцца ў Рэспубліканскім гідраметцэнтры, Цэнтральным НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, БДУ і інш.
Літ.:
Булавко А.Г. Развитие гидрологической науки в БССР // Комплексное использование водных ресурсов. М., 1973. Вып. 1;
Государственный водный кадастр. Водные ресурсы, их использование и качество вод. Мн., 1995—2002;
Плужников В.Н., Макаревич А.А. Итоги гидрологических исследований в Беларуси // Развіццё геаграфіі Беларусі: вынікі, праблемы, перспектывы. Мн., 1994.
А.А.Макарэвіч.
т. 18, кн. 2, с. 548