Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе грамадскія адносіны ў галіне водакарыстання. Зацверджаны Вярх. Саветам Беларусі 27.12.1972, уведзены ў дзеянне з 1.7.1973. Складаецца з 5 раздзелаў. Вызначае задачы воднага заканадаўства рэспублікі ў рэгуляванні водных адносін, замацоўвае выключную ўласнасць дзяржавы на воды, парадак кантролю за выкарыстаннем і аховай вод, умовы размяшчэння, будаўніцтва і эксплуатацыі прадпрыемстваў і збудаванняў, што ўплываюць на становішча вод. Вызначае кола водакарыстальнікаў, іх правы і абавязкі, аб’екты і віды водакарыстання, мерапрыемствы па ахове вод, рэгламентуе парадак дзярж. ўліку вод і іх выкарыстання, вядзенне воднага кадастра і інш. Вызначае крымін., адм. і матэрыяльную адказнасць за парушэнне воднага заканадаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ ФОНД,
сукупнасць усіх вод (воды паверхневыя, падземныя і інш. водныя аб’екты), што знаходзяцца ў межах дзярж. граніц краіны. Паводле воднага заканадаўства Рэспублікі Беларусь усе воды ў краіне складаюць адзіны дзярж. водны фонд, іх выкарыстанне знаходзіцца пад прававым рэгуляваннем. У воднай гаспадарцы выкарыстоўваецца тая частка воднага фонду, якая складае водныя рэсурсы. Кантроль за водакарыстаннем і аховай водаў на тэр. Беларусі ўскладзены на Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго органы на месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДЫ́,
вадасховішча на паўн.-зах. ускраіне Мінска, у складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Створана ў 1976. Пл. 2,4 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 5,5 м, аб’ём вады 6,17 млн.м³. Катлавіна вадасховішча — забалочаная пойма р. Свіслач. Берагі нізкія, плаўна зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае. 2 астравы (пл. 0,05 км²). Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і воднага добраўпарадкавання горада. На берагах Д. санаторыі, лагеры адпачынку, лодачная станцыя, пляжная зона. Паміж вадасх. Заслаўскае і Дразды пабудаваны канал воднага слалама. Арніталагічны заказнік Лебядзіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЙБЫШАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.
На р. Волга, у Самарскай, Ульянаўскай абласцях, рэспубліках Татарстан, Марый Эл, Чувашскай (Рас. Федэрацыя). Утворана плацінай Волжскай ГЭС. Запоўнена ў 1955—57. Пл. 6450 км², аб’ём 58 км³, даўж. 580 км, найб.шыр. 30 км, глыб. да 39 м. Сезоннае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 7,5 м. Замярзае ў ліст. — пач.снеж., крыгалом пачынаецца ў крас. — пач. мая. Створана ў мэтах гідраэнергетыкі, воднага транспарту, ірыгацыі і водазабеспячэння. Рыбалоўства. На берагах — гарады Казань, Ульянаўск, Чэбаксары, Тальяці і інш., дамы адпачынку, санаторыі, базы турызму, воднага спорту, рыбнай лоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ КАДА́СТР,
сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх выкарыстанні і якасці вод. Вядзенне воднага кадастра ўключае сістэму інфарм. абслугоўвання карыстальнікаў; перыядычна папаўняецца і абнаўляецца. Выкарыстоўваецца для ацэнкі водных рэсурсаў і складання планаў забеспячэння патрэб розных галін нар. гаспадаркі пры ажыццяўленні воднагасп. мерапрыемстваў. Парадак вядзення дзярж.воднага кадастра Беларусі ўстанаўліваецца Саветам Міністраў. У СССР водны кадастр па ўсіх відах вод падрыхтаваны ў 1930-я г., сістэматычна вёўся з 1978. У ім адлюстроўваліся звесткі аб водных рэсурсах тэр. Беларусі.
Водны кадастр Рэспублікі Беларусь вядзецца з 1994 і складаецца з кадастраў паверхневых і падземных вод і выкарыстання водных рэсурсаў. У кадастры ўключаны каталогі водных і воднагасп. аб’ектаў, гідралаг., гідрагеал. і гідрахім. штогоднікі і штогоднікі водакарыстання, шматгадовыя характарыстыкі водных рэсурсаў. Водны кадастр вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Мін-вам па надзвычайных сітуацыях і Мін-вам аховы здароўя; галаўная арг-цыя па вядзенні воднага кадастра — Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВА́ЛЬНЫ ЛАНДША́ФТ, аквакомплекс,
прыродная адзінка дзялення воднага асяроддзя (акіяна, возера, вадасховішча); участак, якому ўласцівы спецыфічныя асаблівасці характарыстык вады, газавага саставу, донных адкладаў і біёты. Аналагічны ландшафту геаграфічнаму на сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЦАТНАЯ ЭСЕ́НЦЫЯ,
гандлёвая назва 80%-нага воднага раствору харч. воцатнай кіслаты. Выкарыстоўваецца для прыгатавання марынадаў, кансерваў і сталовага воцату (3—15%-ны водны раствор харч. воцатнай к-ты). Пры пападанні на скуру выклікае апёкі.