АСУЭ́ЛА (Azuela) Марыяна
(1.1.1873, г. Лагас дэ Марэна, Мексіка — 1.3,1952),
мексіканскі пісьменнік. Раманы «Няўдачнікі» (1908), «Пустазелле» (1909) пра грамадскае жыццё Мексікі ў часы дыктатуры П.Дыяса. Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, падзеі якой адлюстраваў у рамане «Тыя, хто ўнізе» (1916). У раманах «Касіки» (1917), «Муха», «Хваляванні добрапрыстойнай сям’і» (абодва 1918), «Таварыш Пантоха» (1937), «Новая буржуазія» (1941), «Праклён» (1955) і інш. расчараванне вынікамі рэвалюцыі, непрыняцце паслярэв. рэчаіснасці. Раманы «Ліхадзейка» (1923), «Адплата» (1925), «Светлячок» (1931) пазначаны рысамі сюррэалізму, псіхааналізам з ухілам у паталогію.
Тв.:
Рус. пер. — Те, кто внизу: Роман о мексик. революции // Асуэла М. Те, хто внизу;
Гальегос Р. Донья Барбара;
Астуриас М.А. Сеньор Президент. М., 1970.
Літ.:
Винниченко И.В. Мариано Асуэла. М., 1972.
т. 2, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮІСМА́НС (Huysmans) Жарыс Карл
(Жорж Шарль; 5.2.1848, Парыж — 12.5.1907),
французскі пісьменнік. У 1874 дэбютаваў зб. вершаў у прозе «Ваза з вострымі прыправамі», вытрыманым у дэкадэнцкай стылістыцы. З цягам часу стаў адным з буйнейшых прадстаўнікоў натуралізму (раманы «Марта. Гісторыя дзяўчыны», 1876, «Сёстры Ватар», 1879, «Каля хатняга ачага», 1881, «Па плыні», 1882). У пач. 1880-х г. парваў з натуралізмам і стварыў свой найб. значны раман — «Наадварот» (1884) — маст. маніфест ідэй дэкадэнцтва. Аўтар раманаў «Там, унізе» (1891), «У дарозе» (1895), «Сабор» (1898), шматлікіх артыкулаў (зб. «Сучаснае мастацтва», 1883), напісаных ў рэчышчы дэкадэнцкай паэтыкі.
Тв.:
Рус. пер. — Наоборот. М., 1990;
Марта: История падшей. СПб., 1991;
Там внизу, или Бездна. М., 1993.
К.М.Міхееў.
т. 5, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)