ГАЗДА́НАЎ Гайта

(Георгій Іванавіч; 6.12.1903, С.-Пецярбург — 5.12.1971),

рускі пісьменнік. Адзін з прадстаўнікоў л-ры рускага замежжа. Па нацыянальнасці асецін. У 16 гадоў пакінуў Расію. Жыў і вучыўся ў Балгарыі. У 1923—27 вучыўся ў Сарбоне. Дэбютаваў у 1920-я г. апавяданнямі-мініяцюрамі, якія дакладна і лаканічна адлюстроўвалі падзеі грамадз. вайны, складаныя чалавечыя характары і лёсы. У раманах «Вечар у Клэр» (1930), «Гісторыя аднаго падарожжа» (1938), «Начныя дарогі» (1952), «Пераварот» (няскончаны, 1972) і інш. раскрыў глыбіні чалавечай душы, змучанай сац. падзеямі 20 ст. У творчасці арганічна спалучаны лепшыя традыцыі класічнай рус. і франц. л-ры. Пісаў літ.крытычныя эсэ, нарысы.

Тв.:

Вечер у Клэр: Романы и рассказы. М., 1990;

Призрак Александра Вольфа: Романы. М., 1990.

Г.І.Дайлідава.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУРА́НТЫ»,

рукапісны зборнік (альбом) кантаў і псальмаў, датаваны 1733. Уключае 31 тэкст з нотамі на 1, 2, 3 галасы. Акрэслена бел. або бел.-ўкр. рысы маюць канты «А гды ж тая голубенка сама полетела», «Гой, гой, сядем в коло», «А ў поли речка, через речку кладка», «В неделенку рано», «Ганнусенька коханная, вечер была румяная», «Межу горами разшумела речка», «Тяжкая моя бедонка» і інш., вядомыя па інш. рукапісных зборніках. Таму можна меркаваць, што «К.» складаліся шляхам перапісвання з больш ранніх крыніц. Паводле запісу на форзацы можна меркаваць, што зборнік створаны ў г. Яраслаўль і належаў мясц. купчысе Пратапопавай. Зберагаецца ў рукапісным аддзеле Ін-та рус. л-ры (Пушкінскі дом). На матэрыялах «К.» В.Капыцько пабудаваў аднайм. араторыю з элементамі дзейства для голасу, хору і інстр. ансамбля (1990).

Публ.: McMillin A.B., Drage C.L. Curanty: an unpublished Russian Song-Book of 1733 // Oxford Slavonic Papers. 1970. Vol. 3.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. C. 95—96.

Л.П.Касцюкавец, А.В.Мальдзіс.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)