ВЕ́ТЭРН (Vättern),

возера на Пд Швецыі. Размешчана на выш. 89 м. Пл. 1,9 тыс. км². Даўж. 129 км, шыр. каля 28 км, глыб. да 119 м. Берагі высокія, скалістыя, са стромкімі схіламі. Сцёк у Балтыйскае м. Суднаходнае (Ветэрн — частка ўнутр. воднага шляху Стакгольм—Гётэбарг). Да Ветэрна прымыкае нац. парк Тыведэн. На Ветэрне — гарады Мутала, Хускварна, Карлсбарг; буйны порт Іёнчэпінг.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁТА-КАНА́Л, Ёта-канал (Göta kanal),

водны шлях у Швецыі. Злучае Паўночнае і Балтыйскае моры. Агульная працягласць 420 км (ад г. Гётэбарг да г. Сёдэрчэпінг), глыб. 3—5 м. Пабудаваны ў 1810—30. Уключае р. Гёта-Эльв, азёры Венерн, Ветэрн і інш. і ўласна канал (даўж. 200 км). Выкарыстанне канала ў 2 разы скарачае шлях у параўнанні са шляхам па пралівах Катэгат, Скагерак, Эрэсун (паўд. край Скандынавіі).

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НЧЭПІНГ (Linköping),

горад на Пд Швецыі, на Гёта-канале, які злучае праз азёры Венерн і Ветэрн зах. і ўсх. ўзбярэжжы краіны. Адм. ц. лена Эстэргётланд. Засн. ў 1120. 122 тыс. ж. (1991). Старадаўні прамысл., гандл. і культ. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (аўта- і самалётабудаванне, ваеннае, вытв-сць шарыкападшыпнікаў), тэкст., швейная, хім., мэблевая, харчовая. Ун-т. Музей. Арх. помнікі: сярэдневяковы сабор (13—14 ст.), замак (15—16 ст.).

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)