БАЗІФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад грэч. basis аснова + phileō люблю),
арганізмы, якія нармальна развіваюцца на шчолачным субстраце. Напрыклад, урабактэрыі, з вышэйшых раслін — пераважна стэпавыя і пустынныя віды, а таксама белая акацыя, скумпія, лістоўніца еўрапейская, вятроўнік шасціпялёсткавы, ветраніца лясная і інш.
т. 2, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНІ́СТЫЯ КЛЕ́ТКІ, склераіды,
парэнхімныя па форме, мёртвыя клеткі, якія маюць патоўшчаныя слаістыя адраўнелыя абалонкі. Звычайна насычаны солямі кальцыю ці крэменязёму і пранізаны поравымі канальцамі. Надаюць моцнасць тканкам. Бываюць кароткія, размяшчаюцца групамі (канкрэцыямі) у мякаці пладоў (груша, айва), карэнішчах (півоня, ветраніца), каранях (хрэн), лубе (дуб, бук), радзей ствараюць суцэльны слой (перыкарпій арэха, костачкі слівы, вішні); падоўжаныя К.к. звычайна знаходзяцца ў насеннай абалонцы (фасоль). Адзіночныя маюць зорчатую форму, умацоўваюць сцёблы, лісце (жоўты гарлачык, чай).
т. 7, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАРА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ (ад лац. nemoralis лясны),
сукупнасць раслінных згуртаванняў, звязаных паходжаннем з шыракалістымі лясамі. Пашырана ў Цэнтр. Еўропе, сярэдняй паласе Усх. Еўропы, на Каўказе, Д. Усходзе, ва ўсх. ч. Паўн. Амерыкі.
Фларыстычны склад Н.р. сфарміраваўся ў трацічным перыядзе (каля 60 млн. г. назад) з лісцевых (бук, дуб, каштан, клён, ліпа, ляшчына, ясень і інш.) і хваёвых (метасеквоя і таксодыум) парод дрэў і травяністых мнагалетніх раслін (немаросаў), пераважна эфемероідаў (ветраніца, медуніца, падалешнік і інш.). У шырокім сэнсе Н.р. ахоплівае ўсе згуртаванні, што ўласцівы падзоне шыракалістых і часткова хваёва-шыракалістых лясоў. Змяняецца пад уплывам дзейнасці чалавека.
т. 11, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)