Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКРЭАНТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ,
лёгкая жыццярадасная лірыка, пазбаўленая суму і глыбокіх перажыванняў. Назва ад імя стараж.-грэч. паэта Анакрэонта, асн. матывамі песень якога былі каханне, бестурботная весялосць, віно. Анакрэантычныя вершы ў Францыі пісалі А.Шэнье, Вальтэр, П.Беранжэ; у Германіі — І.Глейм, Г.Лесінг; у Расіі — М.Ламаносаў, Г.Дзяржавін, К.Бацюшкаў, А.Пушкін і інш. У бел. паэзіі матывы анакрэатычнай паэзіі ў лірыцы М.Багдановіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКРЭО́НТ, Анакрэон (Anakreōn),
старажытнагрэчаскі паэт-лірык сярэдзіны 6 ст. да н.э. Паходзіў з г. Тэас (М.Азія). Жыў на в-ве Самасе, потым у Афінах. Ствараў гімны, элегіі, эпіграмы, бяседныя песні. Вершы пісаў на іанійскім дыялекце стараж.-грэч. мовы. Паэзія Анакрэонта вызначаецца жыццярадаснасцю, прыгажосцю формы і дасціпнасцю; асн. матывы — бестурботная весялосць, віно, каханне. Вершы на гэтыя тэмы пазней атрымалі назву анакрэантычных (гл.Анакрэантычная паэзія). Да творчасці Анакрэонта часта звяртаўся М.Багдановіч.
Тв.:
Рус.пер. — Первое полное собр. соч. в переводах русских писателей / Сост. А.Тамбовский. Спб., [1896];