ВЕСЛЯРЫ́ (Corixidae),

сямейства водных насякомых атр. паўцвердакрылых. У сусв. фауне каля 600 відаў. Пашыраны ў азёрах, рэках, часовых вадаёмах. На Беларусі ў стаячых або з павольным цячэннем вадаёмах трапляюцца пераважна вясляр асаблівы (Corixa species), вясляр зубчастаногі (Corixa dentipes) і вясляр штрыхаваты (Sigara striata).

Цела (даўж. 1,5—16 мм) прадаўгаватае, пляскатае зверху і пукатае знізу. Галава шырокая, вусікі кароткія. 3 пары ног, заднія пляскатыя, падобныя да вёслаў (адсюль назва). Добра плаваюць і лётаюць. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, глеем, лічынкамі камароў, дробнымі беспазваночнымі. Некаторыя знішчаюць шкодных насякомых.

Весляры: 1 — зубчастаногі; 2 — штрыхаваты.

т. 4, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЬБО́Т (ад англ. whale-boat кітабойная шлюпка),

быстраходная 4—8-вёславая мараходная шлюпка з вострымі носам і кармой. Весляры размяшчаюцца па аднаму на банцы (сядзенні), кожны вяслуе адным двухлопасцевым вяслом. Вельботы бываюць раз’язныя і выратавальныя. Як кітабойныя вельботы зараз не выкарыстоўваюцца.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЛАВА́ННЕ НА БАЙДА́РКАХ І КАНО́Э,

від вяслярнага спорту, гонкі і вяслярны слалам на байдарках і каноэ. Дыстанцыі гонак у мужчын (выступаюць на байдарках—адзіночках, двойках, чацвёрках, каноэ—адзіночках і двойках) 500, 1000 і 10 000 м, у жанчын (выступаюць толькі на байдарках) 500 м. Як від спорту развіваецца з 2-й пал. 19 ст. пераважна ў еўрап. краінах. З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя каноэ (ІКФ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1936 (для жанчын з 1948), чэмпіянаты свету з 1938, Еўропы з 1957. На Беларусі першы чэмпіянат па гонках на байдарках праведзены ў 1951, з 1955 у рэсп. спаборніцтвы ўключаны гонкі на каноэ. Дзейнічае Асацыяцыя каноэ Рэспублікі Беларусь. Бел. весляры з 1952 удзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. Алімпійскімі чэмпіёнамі станавіліся Л.​Гейштар і С.​Макаранка (1960, каноэ-двойка), М.​Гарбачоў (1972, байдарка-двойка), У.​Раманоўскі (1976, байдарка-двойка), У.​Парфяновіч (1980, байдарка, 3 залатыя медалі), В.​Рэнейскі (1988, каноэ-двойка, 2 залатыя медалі), Дз.​Даўгалёнак і А.​Масейкаў (1992, каноэ-двойка); чэмпіёны свету — Гейштар і Макаранка (1963), Н.​Вакула (1970), Т.​Папова (Шыманская, 1970, 1973), М.​Хахол (1970, 1971, 1973), У.​Сава (1973), Гарбачоў (1974), Л.​Дзеравянка (1974), М.​Астапковіч (1974, 1981, 1983), В.​Вараб’ёў (1975), У.​Тайнікаў (1978), Н.​Дорах (1979), Парфяновіч (1979, 1981—84), Раманоўскі (1981—82), В.​Пусеў (1984, 1989), А.​Мызгін (1989, 1990), Э.​Пліткін (1990), Рэнейскі (1989, 1990—91), Дз.​Банькоўскі (1990).

Г.​К.​Кісялёў.

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЬ,

назва этнапаліт. супольнасці ва Усх. Еўропе ў сярэдневякоўі. Вядома з 839, калі група варагаў (шведаў) назвала сябе пры двары герм. імператара пасламі «кагана Русі». Звесткі «Баварскага этнографа» сярэдзіны 9 ст. дазваляюць лакалізаваць Р. у Падняпроўі. Большасць звестак 9—10 ст. атаясамлівае Р. з нарманамі, меншая — са славянамі. У 10 ст. Р. заключыла шэраг дагавораў з Візантыяй (911, 944, 971). У 1-м з іх сярод «рускіх» гарадоў названы Полацк. Растоў і інш., імёны амаль усіх «рускіх» паслоў у дагаворах германскія. У 11 ст. з’яўляюцца ўласныя пісьмовыя крыніцы Р. — стараж.-рус. летапісы. «Аповесць мінулых гадоў» паведамляе, што «Руская зямля» называецца так з часоў візант. імператара Міхаіла Ісаўра (з 942), назва паходзіць ад запрошаных княжыць у Ноўгарад варагаў (гл. Рурыкавічы, Рурык-Сінявус-Трувор). Там жа пералічаны слав. плямёны ў складзе Р., што акрэслівае межы Кіеўскай Русі 10—11 ст. Са шматлікіх версій паходжання назвы Р. найб. верагоднай лічыцца гіпотэза пра запазычанне славянамі фін. слова «ruotsi» («весляры»), якім жыхары Усх. Прыбалтыкі называлі швед. гандл.-рабаўнічыя атрады. Гэтым словам пазней названа змешаная слав.-сканд. праслойка, якая кантралявала гандаль рабамі і інш. таварамі з Хазарыяй, Араб. халіфатам і Візантыяй, а потым падпарадкавала плем. княствы і ўзначаліла ўтварэнне Кіеўскай дзяржавы. Вял. ролю ў культ. кансалідацыі Р. адыграла прыняцце ў 988 хрысціянства з Візантыі. Да пач. 11 ст. сканд. кампанент Р. славянізаваўся, Р. набыла характар правасл. слав. дзяржавы (Кіеўская Русь), у межах якой пачаўся працэс зліцця стараж. плямён у агульны ўсх.-слав. («рускі» ў тагачасным сэнсе) этнас. Аднак да 13 ст. гэты працэс не быў скончаны, захоўваліся выразныя мясц. асаблівасці, што дало магчымасць у далейшым утварыцца на тэр. Р. некалькім этнасам. У царк. крыніцах і летапісах 12—13 ст. шмат прыкладаў выкарыстання назвы Р., у т. л. адносна тэр. Беларусі. Напр., Кірыла Тураўскі адзначаў, што ён «рожден и воспитан града та Турова в Руской стране», а ў полацкай грамаце 1264 падкрэсліваецца, што «Руськая земля слывет Полочьская». Такі ж сэнс тэрміна пераважае ў замежных крыніцах. Разам з тым у летапісах з сярэдзіны 12 ст. сустракаецца паняцце «Р.» у вузкім сэнсе, якое тычылася толькі рэгіёна Кіева-Чарнігава-Пераяслава (у 10 — пач. 11 ст. асабістае ўладанне кіеўскага князя). Тэрмін «Р.» захаваў значэнне ў дачыненні да б. зямель Кіеўскай Русі і пасля таго, як яны ў 13—14 ст. увайшлі ў склад розных дзяржаў (ВКЛ, Польшчы, Венгрыі, Маскоўскага вял. княства і інш.), усх.-слав. насельніцтва якіх працягвала называцца Р., рускімі або русінамі, але набыў характар метаэтноніма — агульнай назвы некалькіх этнасаў, якія пачалі фарміравацца (продкі сучасных украінцаў, беларусаў, рускіх). У складзе ВКЛ пад Р. у шырокім сэнсе разумелі ўсю тэр. ўсх.-слав. насельніцтва, за выключэннем Верхняга Панямоння (з 13 ст. наз. Літва). Разам з тым у 16 ст. фіксуецца і больш вузкае значэнне назвы Р., якое тычылася толькі ўсх. ч. сучаснай Беларусі (з 17 ст. назва Белая Русь). Жыхары ВКЛ у межах пасля 1569, называючы сябе «рускімі», «русінамі», часам ужо выразна адрознівалі сябе ад жыхароў Расіі («маскоўцаў») і казацкай Украіны («чаркасаў»). Вял. княства Маскоўскае з 2-й пал. 16 ст. атрымала афіц. назву «Рускае царства». З таго часу паліт. і культ. эліта гэтай дзяржавы пачала атаясамліваць паняцце «Р.» і «Расія», што стварыла пэўныя цяжкасці ў завяршэнні этнагенезу інш. нашчадкаў стараж. Р. — беларусаў і ўкраінцаў, бо правіцелі Расіі, карыстаючыся стараж. саманазвай гэтых народаў («рускія») адмаўлялі ім у праве на нац. самавызначэнне і прэтэндавалі на іх землі, г. зн. на ўсю былую Р.

Літ.:

Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951;

Насевіч В, Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)