ВЕРХА́РН
(Verhaeren) Эміль (21.5.1855, Сент-Аман, каля г. Антверпен, Бельгія — 27.11.1916),
бельгійскі паэт, драматург і крытык. Пісаў на франц. мове. Скончыў езуіцкі калегіум і юрыд. ф-т Брусельскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў літ. руху «Маладая Бельгія» (1881). Аўтар паэт. зб-каў «Фламандкі» (1883), «Манахі» (1886), «Вечары» (1887), «Крушэнні» (1888), «Чорныя паходні», «Постаці на маёй дарозе» (абодва 1891), «Ашалелыя вёскі» (1893), «Гарады-спруты», «Прывідныя вёскі», «Дванаццаць месяцаў» (усе 1895), «Лозы майго муру» (1899), «Мітуслівыя сілы» (1902), «Уся Фландрыя» (190411), «Паэмы і легенды Фландрыі і Брабанта» (1916), лірычных драм («Кляштар», 1900), маст. біяграфій («Рэмбрант», 1904; «Рубенс», 1910), антываен. публіцыстычнай кнігі «Скрываўленая Бельгія» (1915). У паэзіі Верхарна адчувальны ўплыў творчасці У.Уітмена і франц. сімвалістаў. Яна надзвычай цікавіла М.Багдановіча, які пераклаў на бел. мову верш Верхарна «Паўстанне». Творы Верхарна перакладаў на бел. мову Л.Баршчэўскі.
Тв.:
Бел. пер. — Няўлоўнае;
Пабожнае // Наша слова. 1994. 30 сак.;
Рус. пер. — Избранное. М., 1955;
Избр. стихотворения. М., 1984.
Літ.:
Волошин М. Верхарн: Судьба, творчество, переводы. М., 1919;
Фрид Я.В. Эмиль Верхарн: Творческий путь поэта. М., 1985.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 4, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ШЫН
(сапр. Кірыенка-Валошын) Максімілян Аляксандравіч (28.5.1877, Кіеў — 11.8.1932),
рускі паэт, крытык, перакладчык, мастак. Скончыў Феадасійскую гімназію (1897). У 1897—99 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, выключаны за ўдзел у «студэнцкіх хваляваннях», высланы з Масквы. У 1900—17 жыў у Сярэдняй Азіі, Парыжы, падарожнічаў па Еўропе. З 1917 у Крыме, у Кактэбелі (цяпер пас. Планерскае). У 1931 завяшчаў свой дом Саюзу сав. пісьменнікаў (зараз дом-музей Валошына). Выступіў у друку ў 1895. Належаў да сімвалістаў, супрацоўнічаў у іх час. «Весы», «Золотое руно» і інш. Першы паэт. зб. «Вершы. 1900—1910» (1910). Кн. «Anno mundi ardentis 1915» («У год апакаліпсіса 1915», 1916) склалі вершы пра 1-ю сусв. вайну. Рэвалюцыю ўспрыняў як варварскі акт. Аўтар зб-каў «Іверні» (1918), «Дэманы глуханямыя» (1919), паэм «Пратапоп Авакум» (1918), «Святы Серафім» (1919), «Расія» (1924) і інш., цыкла філас. паэм «Шляхамі Каіна» (1921—23), кн. пра л-ру і мастацтва «Абліччы творчасці» (1914), зб. «Верхарн. Лёс. Творчасць. Пераклады» (1919). З 1922 Валошына не друкавалі. У Берліне выдаў «Вершы пра тэрор» (1923). Вядомы як мастак, акварэліст.
Тв.:
Стихотворения. Л., 1977;
Лики творчества. 2 изд. Л., 1989;
Пути России: Стихотворения и поэмы. М., 1992.
Літ.:
Куприянов Н.Т. Судьба поэта: (Личность и поэзия М.Волошина). Киев, 1978;
Волошинские чтения. М., 1981;
Пейзажи Максимилиана Волошина. Л., 1970.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)