вёска ў Гомельскім р-не, на правым беразе р. Сож. Цэнтр сельсавета і камунальнага с.-г. унітарнага прадпрыемства. За 40 км на Пд ад Гомеля. 669 ж., 338 двароў (2003). Лясніцтва, дзіцячы санаторый «Верасок». Сярэдняя школа-сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Свята-Троіцкая царква. Брацкая магіла сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЫ́ШКА Анатоль Канстанцінавіч (н. 16.4.1935, в. Данейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік, крытык, перакладчык, педагог. Брат М.К.Клышкі, Засл. работнік культ. Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя», з 1971 у НДІ педагогікі Мін-ва асветы Беларусі. Друкуецца з 1950. Даследуе праблемы развіцця бел. паэзіі (творчасць М.Багдановіча, М.Танка, П.Панчанкі, А.Вялюгіна, Р.Барадуліна і інш.), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання л-ры ў школе. Аўтар маст. кніг для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983) і інш., адметных арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю, а таксама «Буквара» (1-е выд. 1969; шматразова перавыдаваўся), зб. для дадатковага чытання «Верасок» (3-е выд. 1986), чытанкі «Чабарок» (1989, 1991), пропісаў (7-е выд. 1992). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992). Пераклаў на бел. мову «Новы запавет» (1980), раман стараж.-грэч. пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991). Перакладае з польск., ням., лац., укр. і інш. моў.
Тв.:
Права на верш. Мн., 1967;
Шыльдбюргеры: Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў Анатоль Клышка. Мн., 1983.
Літ.:
Каваленка В.А. Пра паэзію і мужнасць духу // Прага духоўнасці. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЭАГРАФІЧНАЕ МАСТАЦТВА.
Нар. харэаграфічнае мастацтва беларусаў выступае як складаная поліэлементная з’ява ў арганічным спалучэнні з каляндарна-земляробчай і сямейна-родавай сістэмамі. Складаецца яно з карагодаў і танцаў. Найстараж. від нар.танц. творчасці, пашыраны на Беларусі, — карагод (харавод, каравод, танок, кола, круг). Гэта калектыўная харэаграфічная дзея, у якой рухі арганічна спалучаюцца з харавым спяваннем (часам з інстр. суправаджэннем) і драматызацыяй паэт. зместу. Паводле функцый карагоды падзяляюцца на абрадавыя, прымеркаваныя да абрадаў або пэўнага часу і абставін, і пазаабрадавыя. Сярод абрадавых пераважаюць карагоды веснавыя (выконваюцца «ад Масленкі да Тройцы»), летняга перыяду (звязаны з купальскімі ігрышчамі і жнівом), восеньскія (звязаны з абрадам «Жаніцьба Коміна»), зімовыя (звязаны з Калядамі). Карагоды, прымеркаваныя да абрадаў, сустракаюцца ў каляндарным і сямейным цыклах, пазаабрадавыя выконваюцца ў любы час. Паводле жанравых прыкмет карагоды падзяляюць на 3 групы з адпаведным дамінаваннем у іх песні, гульні, уласна харэаграфіі: песенныя («Чыя эта мамка па вуліцы ходзіць», «Ідзе, ідзе карагод», «Як па жыту луны ходзюць», «Ой, што на нашым на шырокім возеры», «Ой, ляці, страла, да ўздоўж сяла» і інш.), гульнявыя («Пава хадзіла пер’е раніла», «Заінька па-за садам», «Сядзіць, сядзіць Яшчар», «Цар за горадам гуляе», «А мы проса сеялі», «Рында», «Ідзіце, мальцы, у карагод» і інш.), танцавальныя («Як пашла мядзвежка пір піруваці», «Васіль, Васілёчык», «Зязюля», «Каб мне чарачку гарэлкі», «Гусарык», «Шастак» і інш.). Выконваюцца карагоды пераважна жанчынамі ўсіх узроставых груп (класічныя кругавыя карагоды — абрадавыя ці прымеркаваныя да абрадаў), а таксама дзіцячымі, падлеткавымі, маладзёжнымі гуртамі мяшанага складу (пераважна гульнявыя і танц.).
Бел. аўтэнтычны т а н е ц — складаная сістэма, якая спалучае функцыі: абрадавыя (калядныя, жніўныя, вясельныя); прымеркаваныя да абрадаў (каляндарных і сямейна-родавых), якія выконваюцца ў любы час (на вечарынках, гульнях, ігрышчах, забавах, кірмашах, фэстах, у бяседзе); жанравую разнавіднасць (кадрылі, полькі, лявоніхі, вальсы, група запазычаных фалькларызаваных танцаў); тып арганізацыі руху (танцы-гульні, танцы ілюстрацыйна-выяўленчыя, арнаментальныя, імправізаваныя); структуру (аднаматыўныя, мала- і шматфігурныя, мала- і шматкаленныя); склад выканаўцаў (парна-гуртавыя, сольна-гуртавыя, з няцотнай колькасцю ўдзельнікаў, парныя, сольныя); муз. суправаджэнне — сольнае («пад язык», інструмент), ансамблевае (інстр., песенна-інстр.). Сярод абрадавых танцаў: калядныя («Каза», «Мядзведзь», «Кабылка», «Буцян» і інш.), жніўныя («Казёл» і інш.), вясельныя («Качан», «Чобаты», «Жабка», «Скокі на лаўках», «Жораў» і інш.), прымеркаваныя да абрадаў («Магера», «Таўкачыкі», «Лявоніха» з каляднай гульні «Жаніцьба Цярэшкі» і інш.). Сярод пазаабрадавых: «Лявоніха», «Мяцеліца», «Кашэль», «Чарэйка», «Кросны», «Церніца», вальс «Вішанька», «Акуліна»; «Какетка», «Каханачка», «Лысы», «Матлёт»; «Мікіта», «Заяц», «Казак», «Рускага» і шмат інш. Вызначальнымі для беларусаў з’яўляюцца полькі, якія пашыраны ў шматлікіх тыпах, варыянтах і назвах: «Трасуха», «Дробная», «Скакуха», «Соўгалка», «Крутуха», «Вінтом», «Верацяно», «Рассыпуха», «Казёл», «Зявака», «Шчэпка», «Пчолка», «З камандамі», «На два бакі» і інш.
Першыя звесткі пра бел. харэаграфічны фальклор з’явіліся ў 19 — пач. 20 ст. у працах Я.Чачота, братоў Я. і К. Тышкевічаў, І.Насовіча, П.Бяссонава, П.Шэйна, Е.Раманава, А.Кіркора, П.Шпілеўскага, А.Пшчолкі, М.Федароўскага, У.Дабравольскага, М.Нікіфароўскага, М.Доўнар-Запольскага, Я.Карскага, А.Багдановіча, А.Сержпутоўскага і інш. У 1844 выйшла першая публікацыя, прысвечаная бел. танцу, «Беларускі танец з прыпеўкамі» А.Овіча, у 1941 — «Беларускі танец» І.Хвораста. З сярэдзіны 20 ст. асобныя жанравыя разнавіднасці бел.традыц.нар. харэаграфіі разглядалі ў сваіх працах К.Галяйзоўскі, З.Мажэйка, В.Яшчанка і інш. У 1956 выдадзены першы зб. з нотнымі дадаткамі і малюнкамі «Шэсць беларускіх танцаў» (складальнік К.Аліна), у 1969 — манаграфія «Беларускі сцэнічны танец» Ю.Чурко, у 1978 — навучальны дапаможнік «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні» Л.Алексютовіч. З 1990-х г.бел. танцавальны фальклор пачаў даследавацца як сінкрэтычнае адзінства руху, музыкі, слова, ва ўзаемасувязі функцыі, структуры і стылістыкі ў працы ў 6 т. «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» («Магілёўскае Падняпроўе», т. 1, 2001; «Віцебскае Паддзвінне», т. 2, 2004). Сцэнічныя варыянты пашыраных на Беларусі танцаў запісвалі С.Грабеншчыкоў, Н.Лаўрухіна, А.Рыбальчанка, І.Серыкаў, Я.Хацілоўскі і інш.
Музыку для бел.нар. танцаў збіралі: у 19 ст. М.Ельскі, О.Кольберг, Я.Карловіч, Е.Раманаў, у 20 ст. А.Грыневіч, М.Чуркін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, І.Назіна, М.Козенка, А.Рашчынскі, В.Купрыяненка, А.Скорабагатчанка, М.Казловіч і інш., музыку бел.нар. танцаў выкарыстоўвалі ў сваіх творах бел. кампазітары І.Жыновіч, Дз.Камінскі, Р.Пукст, М.Чуркін, Я.Цікоцкі, А.Багатыроў, Дз.Лукас, Р.Сурус, В.Войцік, В.Помазаў, У.Кандрусевіч, Г.Гарэлава, П.Альхімовіч, В.Кузняцоў, А.Рашчынскі, С.Наско, С.Хвашчынскі, Л.Сімаковіч і інш.
У сістэме традыц.нар. харэаграфіі вызначальная роля належыць яе т.зв. карыфеям (лідэрам), якія выступаюць у ролі захавальнікаў нар. рэпертуару, мясцовага маст. стылю. Сярод нар. танцораў: на Усх. Палессі — В.Багданава, Я. і С. Вергуны, Л.Дрань, М.Забаўка, Р. і М. Казачэнкі, В.Казлоў, Г.Каўтунчык, Г.Круглова, Г.Ксяндзова, Т.Лахцерава, Ю.Ліпская, Н.Лось, М.Маркевіч, Л.Махнач, А.Сасноўская, З.Сініцкая; на Зах. Палессі — А.Клімчук, С.Кочык, Л.Крагель, М.Кунац, Г.Міхаевіч, С.Страпка, Г. і М. Сукач, Я.Шумак, Я.Якута, С.Ярошчык; у цэнтр. Беларусі — М. і С. Абрамовічы, З.Касцюковіч; у Падняпроўі — В.Галамака, М.Каношка, Т.Сінякова і інш.
У галіне традыц.нар. харэаграфіі працуюць нар. ансамблі нар. танца, музыкі і песні «Лёс» Бабіцкага сельскага дома культуры Чачэрскага р-на, засл.фалькл. ансамбль «Журавінка» Слабадскога сельскага дома культуры Лельчыцкага р-на, фалькл.-этнагр. гурт в. Скібічы Драгічынскага р-на, фалькл. калектывы — «Знаходка» Тышкавіцкага сельскага дома культуры Іванаўскага р-на, «Сінічкі» Івольскага сельскага дома культуры Буда-Кашалёўскага р-на, дзіцячыя ўзорныя танц.фалькл. гурты «Берагіня» Мётчанскай адукацыйна-выхаваўчай установы «Школа-садок» Барысаўскага р-на, «Верабейкі» Любанскага раённага цэнтра культуры, «Рудабельскія зорачкі» СШ №3 г.п. Акцябрскі, узорныя танц. калектывы «Нежачкі» Расонскага раённага цэнтра пазашкольнай работы, «Верасок» Капаткевіцкага гар. дома культуры Петрыкаўскага р-на і інш.
Самабытныя сцэнічныя пастаноўкі на аснове харэаграфічных першакрыніц зрабілі бел. харэографы П.Акулёнак, Л.Алексютовіч, Л.Барадулька, В.Варановіч, А.Вараб’ёў, Ю.Васілюк, В.Гаявая, В.Дарнеў, С.Дрэчын, М.Дубінін, М.Дудчанка, В.Жыльцоў, Н.Залеўская, Ч.Клячко, М.Лесагор, Л.Ляшэнка, А.Мяцельская, В.Папоў, В.Партной, А.Рыбальчанка, В.Сакалоў, П.Свярдлоў, І.Серыкаў, І.Смірноў, І.Хвораст, М.Цурканаў, Г.Чорны, Я.Штоп і інш.
У апошнія дзесяцігоддзі традыц. харэаграфічную спадчыну беларусаў даследавалі аддзел харэаграфічнага мастацтва Рэсп.навук.-метадычнага цэнтра культуры Мін-ва культуры Беларусі, галіновая навук.-даследчая лабараторыя бел.танц. творчасці Мінскага ін-та культуры (А.Варламаў, С.Гуткоўская, Г.Каляда, С.Клімовіч, Ю.Чурко і інш.), з пачатку 1990-х г. — лабараторыя традыц. мастацтва Бел.дзярж. ін-та праблем культуры (М.Козенка), а таксама абласныя і раённыя цэнтры культуры рэспублікі.
Да аўтэнтычнага танц. фальклору звяртаюцца харэаграфічныя калектывы Беларусі, бел. дыяспары за яе межамі. Асновам бел.нар. танца навучаюць у дзіцячых харэаграфічных школах, школах мастацтваў, у этнашколах. Як асобную дысцыпліну бел.нар. танец вывучаюць у бел. ун-це культуры і мастацтваў, пед. ун-це імя М.Танка, у сярэдніх спец.навуч. установах культуры і мастацтва.
На Беларусі праводзяцца традыц.рэсп. фестывалі нар. танца «Беларуская полька» (г. Чачэрск; 1993, 1994, 1996, 1999—2000), рэгіянальныя фестывалі фалькл. мастацтва, у т. л. «Берагіня» (г.п. Акцябрскі; 1999, 2000—2001; з 2004 — рэсп.), «Мядоцкі край і яго таленты» (в. Мётча Барысаўскага р-на; 1997, 2001), а таксама рэсп. фестывалі бел.нар. танца «Палескі карагод» (перыядычна — міжнар.; г. Пінск, з 1991), «Пярэзвы» (г. Бабруйск, 1992) і інш.
Пра бел. харэаграфічны фальклор зняты фільмы «Столінскія карагоды, танцы, скокі» (1990), «Чачэрскі куфэрак» (1991), «Карагод» (1995), «У святыя вечары на Каляды» (1996) і інш., а таксама больш за 30 танц.фалькл. тэлепраграм з цыкла «Радавод» (1991—2000).
Касцюмы для калектываў нар. танца вырабляюць маст.-эксперым.тэатр. камбінат, маст.-вытв. камбінат Бел. саюза тэатр. дзеячаў, навук.-вытв.рэсп. унітарнае прадпрыемства «Скарбніца», спецыялізаваныя атэлье ў абл. цэнтрах, прыватныя вытв. майстэрні і інш. па эскізах мастакоў А.Александровіч, Л.Баразны, І.Булгакавай, А. і Н. Бяловай, А.Казловай, С.Кошавай, Н.Мядзведскай, Ю.Піскуна, М.Раманюка, Л.Рулёвай, Т.Шэпет, Г.Юрэвіч, А.Юр’евай і інш.
М.А.Козенка.
Кругавы веснавы карагод у выкананні жыхарак вёсак Ламбава і Панкратавічы Бабруйскага раёна.Узорны фальклорны гурт «Берагіня» Барысаўскага раёна.