«ВЕНЕ́РА»,
назва серыі савецкіх аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для вывучэння Венеры і касм. прасторы, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.
У 1961—83 запушчана 16 «Венер» («Венера-1» 12.2.1961; 20.5.1961 яна прайшла на адлегласці каля 100 тыс. км ад Венеры і выйшла на арбіту спадарожніка Сонца). Пачынаючы з «Венеры-3» АМС складаюцца з арбітальнага адсека і спускальнага апарата. «Венера-3» здзейсніла першы ў свеце палёт касм. лятальнага апарата на іншую планету (16.11.1965 стартавала, 1.3.1966 дасягнула паверхні Венеры). «Венера-4» правяла першыя прамыя даследаванні атмасферы Венеры (1967), «Венера-7» зрабіла першую мяккую пасадку на Венеру (1970). «Венера-4» — «Венера-8» вывучалі размеркаванне ціску, шчыльнасць, т-ру, хім. састаў атмасферы. «Венера-9» — першы штучны спадарожнік Венеры (першая здымка паверхні Венеры, 1975). «Венера-13» і «Венера-14» (1982) перадалі каляровыя панарамы месцаў пасадкі і даследавалі хім. састаў грунту. На «Венеры-15» і «Венеры-16» (1983) замест спускальнага апарата ўстаноўлены радыёлакатар, з дапамогай якога праведзена здымка паўн. паўшар’я Венеры: выяўлены горныя хрыбты, кратэры, пласкагор’і, разломы, шматлікія вынікі тэктанічнай актыўнасці планеты.
Н.А.Ушакова.
т. 4, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́РА,
Мілавіца, другая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак ♀. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 108,2 млн. км. Арбіта Венеры блізкая да кругавой (яе эксцэнтрысітэт найменшы ў Сонечнай сістэме і роўны е=0,0068), нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі складае 3°24′. Сярэдні дыяметр 12 100 км, маса 4,87·1024 кг (0,82 зямной), сярэдняя шчыльнасць 5240 кг/м³, паскарэнне свабоднага падзення на экватары 8,76 м/сек2. Бляск ад -3,3 да -4,3 зорнай велічыні (вялікі бляск з-за параўнальнай блізкасці Венеры да Зямлі і высокай адбівальнай здольнасці яе паверхні). Найменшая адлегласць Венеры ад Зямлі 38 млн. км, найб. 261 млн. км.
Венера — самае яркае свяціла на небе пасля Сонца і Месяца; бывае відаць пасля захаду Сонца як вельмі яркая вячэрняя зорка і перад світаннем як ранішняя зорка. Падобна Меркурыю і Месяцу мае фазы, якія ўпершыню адзначыў Г.Галілей у 1610. Перыяд абарачэння Венеры вакол Сонца 224,7 зямных сут, вакол восі 243 сут (абарачэнне адваротнае). Працягласць сонечных сутак на Венеры адпавядае 120 зямным сут. Змены сезонаў няма (вось абарачэння амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты). З дапамогай АМС «Венера-15» і «Венера-16» зроблена радыёлакацыйнае картаграфаванне планеты: паверхня Венеры — гарачая сухая камяністая пустыня; горныя раёны складаюць менш за 2%. Выяўлена шмат згладжаных кратэраў дыяметрам ад дзесяткаў да соцень кіламетраў, ёсць дзеючыя вулканы. Венера абкружана шчыльнай атмасферай (адкрыў М.В.Ламаносаў у 1761), якая складаецца з вуглякіслага газу (96%), азоту (~4%) і інш. Ціск каля паверхні ~94 атм., т-ра 470 °C. Унутраная будова Венеры падобная на зямную: ядро, мантыя, кара. Даследаванні Венеры праводзіліся пры дапамозе АМС «Венера», «Вега» і «Марынер».
Літ.:
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Планета Венера: Атмосфера, поверхность, внутреннее строение. М.. 1989.
Н.А.Ушакова.
т. 4, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́РА,
у старажытнарымскай міфалогіі першапачаткова багіня вясны і садоў, пазней яе атаясамлівалі з грэч. багіняй Афрадытай і шанавалі як багіню кахання і прыгажосці. Дачка Юпітэра і акіяніды Дыёны. Лічылася маці Энея — прамаці і апякункай рымлян. У 295 да н.э. ў Рыме ўстаноўлены дзярж. культ. Венеры. У 215 да н.э. рымляне прысвяцілі храм Венеры Эрыцынскай, Цэзар — храм Венеры-Маці, як прамаці роду Юліяў. Да міфа аб Венеры звярталіся скульптары і мастакі (А.Маёль, А.Рэнуар, С.Батычэлі, Л.Кранах Старэйшы, Джарджоне, Тыцыян), пісьменнікі (Г.Сакс, У.Шэкспір) і інш.
Л.М.Драбовіч.
т. 4, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́РТА,
Аштарт, у заходне-семіцкай міфалогіі багіня ўрадлівасці, мацярынства і кахання; астральнае бажаство, увасабленне планеты Венера. Вядомы выявы Астарты ў выглядзе аголенай жанчыны на кані, якая страляе з лука.
т. 2, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРАДЫ́ТА,
у стараж.-грэч. міфалогіі багіня кахання і хараства. Дачка Зеўса і акіяніды Дыёны (паводле інш. міфаў, Афрадыта ўзнікла з марской пены). Культ Афрадыты быў пашыраны акрамя Грэцыі на ўзбярэжжы М. Азіі, Эгейскага м. і ў грэч. калоніях Прычарнамор’я. У творах мастацтва ўвасабляла ідэал жаночага хараства. З ант. скульптур найб. вядомыя: Афрадыта Кнідская Праксіцеля, Афрадыта Медычы, Афрадыта Таўрыйская, Афрадыта (Венера) Мілоская і інш. Грэч. пісьменнік Лукіян прысвяціў Афрадыце трактат «Пра Сірыйскую багіню». У рымскай міфалогіі Афрадыце адпавядае Венера.
т. 2, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РА ПЛАНЕ́Т,
знешняя газавая абалонка планет Сонечнай сістэмы. Фарміраванне атмасферы планет звязана з эвалюцыяй планеты; структура, дынаміка і хім. састаў вызначаюцца месцазнаходжаннем планеты, яе масай і параметрамі руху. Сярод зямной групы планет атмасферу маюць Зямля, Венера, Марс; практычна пазбаўлены газавай абалонкі Меркурый, а таксама Месяц.
У атмасферы Зямлі асн. кампанентамі з’яўляюцца азот і кісларод, у атмасферах Венеры і Марса — вуглякіслы газ (95%). Планеты-гіганты маюць магутныя вадародна-геліевыя атмасферы з метанам і аміякам. Даследаванне структуры, саставу і дынамікі атмасферы планет праводзяць з дапамогай касм. апаратаў «Месяц», «Венера», «Марс», «Марынер», «Вікінг», «Вояджэр» і інш.
т. 2, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ГА»,
назва міжнароднага праекта і аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для даследавання планеты Венера і Галея каметы. АМС «Вега-1» і «Вега-2», у аснову якіх пакладзена канструкцыя АМС «Венера», запушчаны адпаведна 15 і 21.12.1985.
З дапамогай АМС «Вега праведзены вымярэнні параметраў атмасферы Венеры, іх пасадачныя модулі ўзялі пробы грунту. Пасля гравітацыйнага павароту АМС праляцелі 6 і 9.3.1986 каля ядра каметы Галея на адлегласці 9 і 8,2 тыс. км адпаведна, перадалі на Зямлю больш за 1000 тэлевізійных здымкаў ядра каметы, а таксама дадзеныя хім. аналізу газавай і пылавой складальных каметы. Зроблены вымярэнні для дакладнага навядзення зах.-еўрап. АМС «Джота». У праекце ўдзельнічалі СССР, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Польшча, ЗША, Францыя, Чэхаславакія.
т. 4, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЫЛКАСЫ́МАВА Майрамкан
(н. 8.1.1936, калгас «Камсамол» Кемінскага р-на, Кыргызстан),
кіргізская паэтэса. Нар. паэтэса Кыргызстана (1980). Скончыла Кіргізскі жаночы пед. ін-т (1958). Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Венера» (1962), «Гэтай вясною шмат кветак» (1965), «Веру ў сэрцы берагу» (1968), «Ты ведаеш мяне, Айчына» (1973), «Невычэрпная песня» (1977), «Рэха юнацтва» (1979) і інш.
т. 1, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙС
(Weiss) Войцех (4.5.1875, г. Леорда, Румынія — 7.12.1950),
польскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1892—99) у Я.Матэйкі, Л.Вычулкоўскага; выкладаў там жа (з 1910 праф.). Паслядоўнік рэаліст. традыцый 19 ст., выкарыстоўваў асобныя прыёмы імпрэсіянізму. Пісаў партрэты, жанравыя карціны, пейзажы («Аўтапартрэт з маскамі», 1900, «Дэман», 1904, партрэт Эміліі Фларковай, 1916—17; «Амур», «Венера», 1919; «Мадысткі», 1922; «Сям’я пад арэхам», 1933, і інш.). Стварыў сімвалічную, амаль манахромную кампазіцыю «Маніфест» (1950).
Літ.:
Juszczak W. Młody Weiss. Warszawa, 1979.
І.М.Марціновіч.
т. 4, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)