МЛЫНА́РСКІ ((Młynarski) Эміль) (18.7. 1870, г. Кібартай Марыямпальскага пав., Літва — 5.4.1935),

польскі дырыжор, скрыпач, кампазітар, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1890); вучань Л.Аўэра, А.Лядава. У 1893—97 выкладаў у Адэсе. У 1899—1903 і 1919—29 гал. дырыжор «Т-ра Велькі», у 1904—07 і 1919—22 дырэктар і праф. кансерваторыі ў Варшаве. Адзін з заснавальнікаў і гал. дырыжор Варшаўскай філармоніі (1901—05). Працаваў у Лондане, Маскве (1914—17, з арк. Вял. т-ра), Філадэльфіі (1929—31). Аўтар сімфоніі «Палонія» (1910), 2 скрыпічных канцэртаў (1897, 1917), п’ес для скрыпкі з фп., у т. л. мазурак, паланэза, «Славянскай калыханкі» для арк., санаты, польскіх танцаў і інш. п’ес для фп., песень.

Літ.:

Mechanisz J. E.Młynarski... Warszawa, 1970.

т. 10, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРПІ́НСКІ ((Kurpiński) Караль Казімеж) (6.3.1785, Влашакавіцы, Польшча — 18.9.1857),

польскі кампазітар, дырыжор, муз. тэарэтык. Музыцы вучыўся ў бацькі — арганіста Марціна К. З 1810 2-і дырыжор «Т-ра Нарадовы», у 1824—40 1-ы дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі» ў Варшаве. У 1835—40 кіраваў першай польск. Школай муз. і драм. мастацтва. Адыграў значную ролю ў стварэнні нац. оперы. Аўтар больш як 25 опер (усе паст. ў Варшаве), у т. л. «Шарлатан, або Уваскрэсенне з мёртвых», «Ядвіга, каралева Польшчы» (абедзве 1814), «Новыя кракавякі» (1816), «Замак на Чарштыне, або Баямір і Ванда» (1819), аперэт, балетаў, мес, кантат, арк. і камерна-інстр. твораў, арк. і фп. паланэзаў, песень; муз. падручнікаў і артыкулаў па муз. этнаграфіі.

Літ.:

Przybylski T. K.Kurpmski. Warszawa, 1980.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЮ́ШКА ((Moniuszko) Станіслаў) (5.5.1819, б. фальварак Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 4.6.1872),

польскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Стваральнік польскай нац. класічнай оперы, першых нац. сімф. твораў, класік польск. вак. лірыкі. Пачатковую муз. адукацыю атрымаў у Д.​Стафановіча ў Мінску. З 1840 арганіст, дырыжор, выкладчык музыкі ў Вільні, у 1858—72 дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі», з 1864 адначасова праф. Муз. ін-та ў Варшаве. Стварэнне першых вадэвіляў, муз. камедый і камічных опер звязана з Беларуссю. У 1834 мінскімі аматарамі пастаўлены «Канторскія служачыя», у 1841 у Гродне і ў 1843 у Мінску — «Латарэя». На лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча напісаны «Рэкруцкі набор» (з К.​Кжыжаноўскім; паст. 1841, Мінск), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» («Сялянка», з Кжыжаноўскім; паст. 1852, Мінск; асобныя нумары — 1994, Нац. акад. т-р імя Я.​Купалы). «Сялянка», дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта бел. мовы (разам з польскай) і апоры на бел. муз.фальклор, мела вял. значэнне для бел. муз. культуры. М. пастаянна падтрымліваў сувязі з бел. музыкантамі, пісаў пра іх, садзейнічаў выданню іх твораў (даслаў творы Ф.Міладоўскага Ф.​Лісту), памагаў атрымаць муз. адукацыю, наладжваў канцэрты, дасылаў у Мінск Стафановічу і Міладоўскаму свае творы. Са сталых опер найб. папулярная «Галька» (1847, паст. 1854, 2-я рэд. 1859; 1856, Мінск; 1975, Дзярж. т-р оперы і балета Беларусі), якая адлюстроўвае сац. канфлікты і мае дэмакр. накіраванасць. Сярод інш. твораў: оперы «Графіня» (1860), «Вербум нобіле» («Слова гонару», 1861), «Страшны двор» (1865; у 1952 упершыню ў СССР паст. Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, пераклад на бел. мову М.​Танка), «Парыя» (1869); балеты «Монтэ-Крыста» (1866), «На пастоі» (1868), «Хітрыкі сатаны» (1870); кантаты. «Мільда» (1848), «Ніёла» (1865), «Крымскія санеты» на словы А.​Міцкевіча (1868); месы, 4 «Вострабрамскія літаніі», рэквіем; арк. уверцюры і танцы; 2 стр. квартэты; творы для фп., у т. л. цыкл «Забаўкі» (1843), транскрыпцыі паланэзаў М.​К.​Агінскага; больш за 400 сольных песень (увайшлі ў 12 «Хатніх спеўнікаў», 12 песень на вершы Я.​Чачота), музыка да драм. спектакляў і інш. Творам М. ўласцівы яскравая меладычнасць, лірызм, даступнасць муз. мовы, операм і аперэтам — майстэрства стварэння індывід. характарыстык і будовы масавых, ансамблевых і сольных сцэн. Вытокі яго муз. мовы ў польск. і бел. фальклоры (многія з яго арыгінальных мелодый лічацца народнымі). У Мінску выдадзены зб. рамансаў і песень М. на словы У.​Сыракомлі «Ліра мая для спеваў» (1998).

Літ. тв.: Listy zebrane. Kraków, 1969.

Літ.:

Станислав Монюшко. М.; Л., 1952;

Рудзинский В. Монюшко: Пер. с под. М., 1960;

Яго ж. Монюшко и его связи с русской культурой // Русско-польские музыкальные связи. М., 1963;

Мальдзіс А. Станіслаў Манюшка // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969;

Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 52—63;

Бравер Л. Продкі і сваякі Манюшкі // Маладосць. 1967. № 9;

Фукс М. Манюшка на Беларусі: Пер. с пол. // Полымя. 1967. № 6.

А.​Л.​Капілаў, С.​Г.​Нісневіч.

С.Манюшка.

т. 10, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)