ВЕ́БЕРН ((Webern) Антон Фрыдрых Вільгельм фон) (3.12.1883, Вена — 15.9.1945),
аўстрыйскі кампазітар і дырыжор; адзін з прадстаўнікоў новай венскай школы. Вучыўся ў Венскім ун-це (1902—06), у А.Шонберга (1904—08). Творчасць кампазітара фарміравалася пад уплывам эстэтыкі экспрэсіянізму. Манера яго муз. пісьма вызначаецца гранічным лаканізмам і эканомнасцю гукавых сродкаў, якія ствараюць уражанне «бесцялеснасці», ірэальнасці вобразаў. Метад дадэкафоніі, распрацаваны Шонбергам, Веберн развіў у строгую сістэму. Адзін з найб. відных прадстаўнікоў серыйнай тэхнікі і пуантылізму ў музыцы 20 ст.
Тв.:
3 кантаты (1935, 1939, 1943), сімфонія (1928), канцэрт для 9 інструментаў сола (1934), стр. квартэт (1938), хары і сольныя вак. творы на вершы паэтаў, кананічныя і нар. рэліг. тэксты.
Літ.:
A. Webern. Bd. 1. München, 1983.
т. 4, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Веберн А. 1/589; 11/348, 425
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ВЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА, нававенская школа, другая венская школа,
творчая садружнасць кампазітара А.Шонберга і яго венскіх вучняў. Склалася ў 1900-я г. Сярод найб. відных прадстаўнікоў А.Берг, А.Веберн. Творчасці кампазітараў школы ўласцівы тэндэнцыі экспрэсіянізму (манадрама «Чаканне» Шонберга), пафас трагедыі «маленькага чалавека», сац. спачуванне (опера «Воцак» Берга), антыфаш. пратэст (кантата «Уцалелы з Варшавы» Шонберга). Кампазітары школы прадоўжылі традыцыю позняга аўстра-ням. рамантызму, выявілі новае адчуванне муз. часу, унутр. рэарганізацыю муз. цэлага, што паўплывала на музыку 20 ст. Радыкальнае абнаўленне маст. мовы і стылю, звязанае з адмаўленнем ад мажору і мінору, ад традыц. танальных планаў і мадуляцыйнага развіцця, прывяло да ўзнікнення атанальнасці («Лірычная сюіта» і канцэрт для скрыпкі з арк. Берга, 3-і квартэт Шонберга, канцэрт для 9 інструментаў ор. 24 Веберна), метаду дадэкафоніі. Гістарычна Н.в.ш. — адзін з кірункаў «новай музыкі» (гл. Авангард, Мадэрнізм у музыцы).
Літ.:
Друскин М. Австрийский экспрессионизм // Друскин М. О западно-европейской музыке XX в. М, 1973;
Веберн А. Лекции о музыке. Письма: Пер. с нем. М., 1975;
Музыка XX в. Ч. 2, кн. 4. М. 1984.
т. 11, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)