Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТМЕ́ТР,
прылада для вымярэння актыўнай магутнасці электрычнага току. Бывае эл.-дынамічны, ферадынамічны, індукцыйны, эл.-статычны, тэрмаэл. і тэрмарэзістыўны. Мае 2 эл. ланцугі: току (уключаецца паслядоўна з нагрузкай) і напружання (паралельна нагрузцы). Пашырэнне межаў вымярэння дасягаецца з дапамогай дадатковых рэзістараў, шунтоў і вымяральных трансфарматараў току і напружання.
Схема ўключэння ватметра W у ланцуг: а — непасрэдна; 1 — ланцуг току; 2 — ланцуг напружання; 3 — нагрузка; 4 — дадатковы рэзістар; б — праз трансфарматары току (5) і напружання (6).