Васілішкі (в.) 1/211 (к.); 2/615; 6/35; 11/41, 381

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛІ́ШКІ,

вёска ў Беларусі, у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лебяда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнУ ад г. Шчучын, 85 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 1395 ж., 532 двары (1995).

Вядомы з 1-й пал. 15 ст. У 15—16 ст. староства ў складзе каралеўскіх сталовых уладанняў. З 1486 мястэчка, у канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр павета. У 1658—1832 існаваў кляштар дамініканцаў (паводле інш. звестак — базыльян). У 1706 у Васілішках некаторы час знаходзілася рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1905 у Васілішках 1983 жыхары. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—60 у Васілішкаўскім раёне, да 1954 гар. пасёлак. У 1960—62 у Радунскім р-не. У 1970 — 909 жыхароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Васілішкаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Васілішкаўскі валун.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛІ́ШКАЎСЮ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у складзе Баранавіцкай вобл., з 1944 у Гродзенскай вобл. Цэнтр — г.п. Васілішкі, з 1954 — г.п. Астрына. Падзяляўся на 12 сельсаветаў. Пл. 0,7 тыс. км², 264 нас. Пункты (1946). У 1960 тэр. раёна перададзена ў Радунскі і Шчучынскі р-ны.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды ў Беларусі. На паўд.-ўсх. ускраіне в. Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружовага буйназярністага граніту (рапаківі) даўж. 4,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 25 м³, маса 66 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паўд. баку мае паглыбленне памерам 0,5 х 0,6 м са згладжанымі і адшліфаванымі сценкамі, якое нагадвае крэсла, каля яго ямка глыб. 3 см, у папярочніку 5 см. У стараж. часы валуну пакланяліся.

В.Ф.Вінакураў.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДЗЕ́ВІЧ Іосіф Міхайлавіч

(н. 28.8.1937, в. Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны-аграхімік. Акад. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1992). Д-р с.-г. н., праф. (1992). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1960). З 1966 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі, з 1980 дырэктар. Навук. працы па павышэнні ўрадлівасці глебаў і прадукцыйнасці аграцэнозаў, рацыянальным выкарыстанні ўгнаенняў і меліярантаў, прадухіленні негатыўных вынікаў хімізацыі і радыеактыўнага забруджвання глебаў. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны аптымальныя параметры аграхім. якасцяў глебаў, інтэграваныя мадэлі іх урадлівасці з зададзеным узроўнем прадукцыйнасці севазваротаў і экалагічнымі абмежаваннямі на выкарыстанне сродкаў хімізацыі, нарматыўна-метадычная аснова аўтаматызаванага кіравання ўрадлівасцю глебаў.

Тв.:

Оценка плодородия почв Белоруссии. Мн., 1989 (у сааўт.);

Калийные удобрения. Базель, 1994 (разам з У.В.Пракошавым).

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,

помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1769 з цэглы ў в. Васілішкі (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.) пры кляштары базыльян. У 1832 пераасвячоны пад царкву, з 1919 зноў касцёл. Мураваная 3-нефавая базіліка пад 2-схільным дахам з паўкруглай апсідай і сакрысціяй. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі вежамі з паўцыркульным шчытом паміж імі. Пластыку ствараюць увагнутасці і акругласці вежавых граняў, слаістыя лапаткі, пілястры з валютамі, цягі і карнізы, прамавугольныя філёнгі. Сіметрычна-восевая трохчасткавая кампазіцыя фасада падкрэслена лучковымі ўваходнымі і аконнымі праёмамі, нішамі, круглымі люкарнамі. У інтэр’еры каларыстычна насычаныя, пластычна вырашаныя алтары (галоўны, 2 бакавыя, 4 кулісныя), выкананыя ў стылі ракако, упрыгожаныя пазалочанай лепкай. Перад касцёлам — мураваная 3-арачная брама, абрыс якой адпавядае пластыцы яго гал. фасада.

А.М.Кулагін.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ МАЖЭ́ЙКАВА,

вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на аўтадарозе Жалудок-Васілішкі. Цэнтр Мажэйкаўскага с/с і саўгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Шчучын, 93 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 812 ж., 340 двароў (1996).

Вядома з пач. 16 ст. як дварэц (фальварак) у складзе велікакняжацкай Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв. У 16 — пач. 20 ст. належала Палубенскім, Скуміным-Тышкевічам, Нарушэвічам, Хадкевічам, Грабоўскім і інш. З 1795 у Рас. імперыі. Да 1886 цэнтр воласці, каталіцкая капліца, бровар, піцейны дом. У 1885 мела 67 рэвізскіх душ. З 1921 у Польшчы, у Шчучынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 1962 у Шчучынскім р-не, з 1966 цэнтр сельсавета. У 1970 — 1008 жыхароў.

Шчучынскі з-д сельгасінвентару. Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік сядзібна-паркавага мастацтва — сядзіба (канец 18 — пач. 19 ст.) з паркам (1787).

т. 4, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)