ВАСЮГА́Н,

рака на Пд Зах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі, левы прыток Обі. Даўж. 1082 км, пл. бас. 61,8 тыс. км². Пачынаецца з балот Васюгання, цячэ па Васюганскай раўніне. Упадае некалькімі рукавамі (за вусце прыняты рукаў за 11 км ніжэй ад пас. Каргасок). Асн. прыток — Чыжапка (справа). Ледастаў з ліст. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля с. Наўнак 345 м³/с. У бас. Васюгана больш за 49 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 886 км ад вусця.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЮГА́НСКАЯ РАЎНІ́НА, Васюганне,

на Пд Зах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. На Пд паступова пераходзіць у Барабінскую нізіну. Паверхня — плоская або спадзістахвалістая раўніна, пакатая на Пн і перарэзаная далінамі рэк Вял. Юган, Васюган і інш. Выш. да 166 м. Каля 70% пл. Васюганскай раўніны займаюць балоты. На дрэніраваных схілах ялова-кедрава-піхтавая тайга («урман») і асінава-бярозавыя лясы. Радовішчы нафты, газу і торфу.

т. 4, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОБ,

рака ў Зах. Сібіры, у Расіі, адна з найб. рэк свету. Даўж. 3650 км (ад вытоку р. Катунь 4338 км, ад вытоку р. Іртыш 5410 км), пл. басейна 2990 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Бія і Катунь на Алтаі. Цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне ў шырокай даліне, якая паступова расшыраецца ад 5—10 км каля г. Барнаул да 50—60 км ніжэй упадзення р. Іртыш. Пойма О. парэзана рукавамі, пратокамі і азёрамі. Упадае ў Обскую губу Карскага м., утварае дэльту (пл. больш за 4 тыс. км²), дзе вылучаюцца рукавы: Хаманельская О. (левы) і Надымская О. (правы). Гал. прытокі: Том, Чулым, Кець, Тым, Вах (справа), Васюган, Вял. Юган, Іртыш, Паўн. Сосьва (злева). Веснавое разводдзе, летне-асеннія паводкі, зімовая межань. Ледастаў у вярхоўях ад ліст. да крас., у ніжнім цячэнні ад кастр. да мая—чэрвеня. Сярэдні расход вады каля г. Салехард 12,5 тыс. м³/с, макс. — 42,8 тыс. мус, мінім. — 1,65 тыс. м³/с. Цвёрды сцёк 16 млн. т. Рыбны промысел пераважна ў ніжнім цячэнні. Новасібірская ГЭС і Новасібірскае вадасховішча. Суднаходная. У бас. О. здабыча нафты і газу (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), каменнага вугалю (Кузнецкі вугальны басейн), торфу і інш. На О. гарады Барнаул, Камень-на-Обі, Новасібірск, Калпашава, Стражавой, Ніжнявартаўск, Сургут, Нефцеюганск, Лабытнангі, Салехард. На левым беразе, у сярэднім цячэнні ракі — Юганскі запаведнік.

Літ.:

По обе стороны Оби. М., 1989.

Рака Об.

т. 11, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)