Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПНАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, асн. кампанент якіх вапна. У якасці вапнавых угнаенняў выкарыстоўваюць цвёрдыя і мяккія прыродныя вапнавыя пароды, прадукты іх перапрацоўкі і прамысл. адходы, што маюць вапну. Цвёрдыя пароды (вапняк, мел і інш.) перад унясеннем у глебу здрабняюцца ці абпальваюцца, мяккія пароды (напр., туфы) не патрабуюць драбнення, яны больш эфектыўныя і дзейнічаюць хутчэй за цвёрдыя. Гал. з вапнавых угнаенняў: вапнавая мука (вапняк), даламітавая мука (даламіт), вапнавы туф, мергель, гашаная вапна, вапнавы торф ці тарфатуф. Найб. эфектыўныя прамысл. адходы: мартэнаўскія, доменныя, электраплавільныя шлакі; дэфекат (адходы цукр. вытв-сці); сланцавы, каменнавугальны, тарфяны попел. Выкарыстоўваюць для паніжэння кіслотнасці глеб (гл.Вапнаванне глебы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІ КАМБІНА́Т СІЛІКА́ТНЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Створаны ў 1961 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. як Новабярозаўскі вапнавыз-д. З 1990 сучасная назва, з 1992 арэнднае прадпрыемства. Цэхі па вытв-сці вапны і дробных сценавых блокаў. Асн. прадукцыя (1996): вапна буд., дробныя сценавыя блокі з ячэістага бетону. Працуе на мясцовых радовішчах мелу і пяску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЦЫЯ́ТЫ (Archaeocyatha),
тып вымерлых прымітыўных беспазваночных жывёл. Больш за 1 тыс. відаў. Жылі ва ўсіх морах ранняга кембрыю на глыб. да 100 м.
Даўж. 1—10 см (рэдка 40—150 см), дыям. 1—10 см (рэдка 40—80 см). Вапнавы порысты шкілет меў форму кубка або рога (грэч. kýathos кубак, адсюль назва). Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Вялі прымацаваны спосаб жыцця, зрэдку стваралі першыя стараж. рыфы. Рэшткі археацытаў з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі для кембрыйскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛЫ (грэч. korallion),
марскія кішачнаполасцевыя жывёлы, пераважна з класа каралавых паліпаў, часткова з гідроідных (падатр. гідракаралы). Пашыраны ўсюды. На Беларусі выяўлены выкапнёвыя К., якія ўдзельнічалі ў стварэнні арганагенных пабудоў.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да 1 м. Большасць К. утвараюць вапнавы, радзей рагавы шкілет разнастайнай формы. Зараснікі мадрэпоравых К. складаюць аснову каралавых рыфаў. К. называюць таксама шкілеты высакароднага карала, або чырвонага і чорнага К. (з атр. гарганарый), з якіх вырабляюць ювелірныя ўпрыгожанні і сувеніры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ПЫ,
прымацаваныя формы кішачнаполасцевых: гідроідных, сцыфоідных і каралавых паліпаў, каралаў. Жывуць пераважна ў акіяне.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў (зрэдку да некалькіх метраў). Цела цыліндрычнае, на верхнім канцы ротавая адтуліна з шчупальцамі, на ніжнім — падэшва для прымацавання да субстрату або цела калоніі. Многія П. маюць цвёрды вонкавы або ўнутр. шкілет, арган. або вапнавы. Пераважна каланіяльныя формы, ёсць адзіночныя (актыніі, гідры), здольныя да павольнага перамяшчэння. Кормяцца пераважна жывёльным кормам, з дапамогай шчупальцаў. Размнажаюцца палавым (на многіх П. узнікаюць палавыя асобіны — медузы) і бясполым (пачкаванне) спосабамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЎКАВЫСКЦЭМЕНТНАШЫФЕР»,
арэнднае прадпрыемства ў г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Створана ў 1914 як Краснасельскі цэментны з-д, які быў адным з буйнейшых у Расіі. У сав. час рэканструяваны, з 1973 Ваўкавыскі цэментны з-д «Перамога» — галаўное прадпрыемства ВА «Ваўкавыскцэментнашыфер». З 1990 сучасная назва. Уключае з-д азбестацэментавых вырабаў (працуе з 1972), вапнавыз-д (з 1973), «Ваўкавыскцэмбуд» (з 1987) і кар’ераўпраўленне (з 1988). Працуе на мясц. цэментных глінах і меле, азбест пастаўляюць прадпрыемствы Расіі. Асн. прадукцыя (1996): партландцэмент розных марак, шлакапартландцэмент, вапна для буд-ва, азбестацэментавыя лісты (шыфер) і трубы, грануляваны кармавы мел і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ДАЛАМІ́Т».
Створана ў 1931 у г.п.Руба Віцебскага р-на як вапнавыз-д. У Вял.Айч. вайну разбураны, у 1949 адноўлены. Пасля пуску ў 1967 1-й чаргі з-да даламітавай мукі — камбінат вапнавых матэрыялаў. У 1971 пушчана 2-я чарга гэтага з-да, у 1974 пабудаваны з-д «Гралева 1», у 1978 — «Гралева 2».
З 1978 ВА «Даламіт», з 1995 сучасная назва. Працуе на мясц. сыравіне — даламітах радовішча Гралева. Асн. прадукцыя (1996): даламітавае ўгнаенне для вапнавання кіслых глеб, мінер. парашок для асфальтабетонных сумесей, напаўняльнік для покрыўнага слоя руберойду, здробнены даламіт для буд. работ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛАВЫЯ ПАЛІ́ПЫ (Anthozoa),
клас беспазваночных марскіх жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Пашыраны ва ўсіх морах з дастаткова высокай салёнасцю. Пераважна каланіяльныя арганізмы. Вядомы з кембрыю. На Беларусі выяўлены з ардовіку 4 групы выкапнёвых К.п.: абуляты, 4- і 8-прамянёвыя каралы, геліялітыды. Сучасных К.п. 2 падкл., 8 атр., каля 6 тыс. відаў.
Даўж. асобін ад некалькіх міліметраў да 1 м. Цела звычайна цыліндрычнае, пабудавана паводле радыяльнага тыпу сіметрыі. Многія К.п. маюць вапнавы або рагавы шкілет. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Са шкілетаў К.п. складаюцца каралавыя рыфы і арганагенныя пабудовы, вырабляюць упрыгожанні.