ВА́НТАВЫ МОСТ,

мост, асноўнымі канструкцыйнымі элементамі якога з’яўляюцца ванты — гнуткія расцягнутыя стрыжні (стальныя тросы, канаты, круглы пракат). Вантавы мост звычайна мае пілон (апору), ванты, бэльку жорсткасці і праезную частку. Ванты робяць пераважна з высокатрывалай сталі, бэлькі жорсткасці і пілоны — са сталі і жалезабетону. Пралёт вантавага маста больш за 300 м (у Індыі пабудаваны вантавы мост з пралётам 457 м).

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЯ́ЧЫ МОСТ,

від моста, асн. нясучай канструкцыяй якога з’яўляецца гнуткі элемент (канат, метал. кабель, ланцуг і інш.), замацаваны на канцах і падвешаны на пілоны (вежы). Успрымае ў асноўным расцягвальныя намаганні. Праезная ч. ў выглядзе фермы або бэлькі жорсткасці мацуецца да нясучай канструкцыі. Пралёты пабудаваных вісячых мастоў перавышаюць 1000 м (напр., сярэдні пралёт вісячага маста ў бухце каля Нью-Йорка 1298 м). Разнавіднасць вісячага маста — вантавы мост.

т. 4, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)