ВАЛЬФРАМА́ТЫ,
солі вальфрамавых кіслот. Адрозніваюць нармальныя (монавальфраматы) — солі вальфрамавай к-ты H2O·WO3 (H2WO4) і полівальфраматы (метавальфраматы, паравальфраматы і інш.) — солі не вылучаных у свабодным стане полікіслот. Монавальфраматы трапляюцца ў выглядзе мінералаў (гл. Вальфрамавыя руды).
Солі M2WO4 (M — аднавалентны метал) плавяцца пры т-ры 600—1000 °C без раскладання. Монавальфраматы шчолачных металаў, магнію і аднавалентнага талію добра раствараюцца ў вадзе. Полівальфраматы атрымліваюць падкісленнем раствораў монавальфраматаў. Практычнае значэнне мае паравальфрамат амонію (NH4)10[H2W12O42]·xH2O, прамежкавы прадукт у вытв-сці вальфраму.
Выкарыстоўваюць у вытв-сці вальфрамавых бронзаў (вальфраматы калію і натрыю), як кампаненты люмінафораў (вальфраматы магнію, кадмію, цынку), лазерных матэрыялаў (вальфраматы рэдказямельных элементаў).
т. 3, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФРА́М
(лац. Wolframium),
W, хімічны элемент VI гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 74, ат. м. 183,85. Прыродны складаецца з 5 ізатопаў 180W (0,135%), 182W (26,41%), 183W (14,4%), 184W (30,64%) і 186W (28,41%). У зямной кары знаходзіцца 10-4% па масе, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл. Вальфраміт). Светла-шэры метал, шчыльн. 19 300 кг/м³, tпл 3380 ± 10 °C (самы тугаплаўкі метал), tкіп 5900—6000 °C. Пры звычайных умовах у кіслотах (акрамя сумесі азотнай і плавіковай) і шчолачах не раствараецца. Акісляецца кіслародам паветра пры t > 400 °C і ў расплаве шчолачаў (утварае вальфраматы). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, азотам, вугляродам (гл. Вальфраму карбіды). Здабываюць з вальфрамавых руд. Атрымліваюць аднаўленнем аксідаў вадародам да парашкападобнага вальфраму. Метал вырабляюць метадамі парашковай металургіі. Выкарыстоўваюць як аснову сплаваў (гл. Вальфрамавыя сплавы), для легіравання сталі, у вытв-сці вакуумных прылад і ніцяў лямпаў напальвання.
І.В.Боднар.
т. 3, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)